Белорусский портал в Казахстане

У лютым тэлерадыёкампанія "Гродна" пачне FM-вяшчанне на гродзенскі рэгіён і Беластоцкае ваяводства Польшчы



У лютым тэлерадыёкампанія "Гродна" — структурнае падраздзяленне Белтэлерадыёкампаніі плануе пачаць FM-вяшчанне на гродзенскі рэгіён і сумежную з Беларуссю тэрыторыю Беластоцкага ваяводства Польшчы.

Як паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі, вяшчанне на польскай і беларускай мовах будзе весціся на працягу гадзіны ў ранішнім і вячэрнім эфіры на частаце 103 FM. "У фармаце радыёчасопіса слухачы змогуць даведвацца пра падзеі на Гродзеншчыне, ва ўсёй Беларусі і ў Польшчы. Да абмеркавання розных актуальных тэм будуць прыцягвацца эксперты як з беларускага боку, гэтак і польскія госці. Плануецца арганізацыя дыскусійных пляцовак і асвятленне самых розных тэм: пачынаючы ад палітыкі і заканчваючы навінамі культуры і спорту", — гаворыцца ў паведамленні.

Як растлумачылі БелаПАН у прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, гэтае рашэнне прынята з улікам зацікаўленасці слухачоў у такім вяшчанні.

У сваю чаргу, мінскі медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі зазначае, што тэлерадыёкампанія "Гродна" і зараз вяшчае на польскую тэрыторыю. "Тэхнічна эфір немагчыма раздзяліць. Перасякаючы беларуска-польскую мяжу, усё роўна можна глядзець беларускія каналы і слухаць беларускае радыё", — зазначыў ён у каментарыі БелаПАН.

З другога боку, на думку Быкоўскага, калі афіцыйна прымаецца рашэнне вяшчаць канкрэтна на тэрыторыю Беластоцкага ваяводства, то, хутчэй за ўсё, будзе мяняцца напаўненне эфіру. "Магчыма, будуць больш актыўна ўзнімацца нейкія трансмежавыя тэмы, напрыклад, аб жыцці беларусаў у Польшчы і палякаў — у Беларусі. Гэта тое, што можна разглядаць без усякай палітычнай падаплёкі і думаць, што гэта будзе мець станоўчы эфект", — кажа эксперт.

Зрэшты, Быкоўскі не выключае, што гэтае рашэнне магло стаць адказам беларускага боку на палітыку польскага "Радыё Рацыя", якое прытрымліваецца прынцыпу трансмежавага вяшчання.

"У яго зараз вяшчанне якраз на Беластоцкае ваяводства і прылеглыя вобласці Беларусі. Адпаведна пабудавана карэспандэнцкая сетка, тэматыка вяшчання і праграмы больш прысвечаныя таму, што адбываецца на гэтай тэрыторыі, — зазначыў эксперт. — FM-вяшчанне на Беларусь мае яшчэ "Еўрапейскае радыё для Беларусі", але ў яго не маецца канцэпцыі трансмежавага вяшчання. Гэта, хутчэй, такое маладзёжнае, грамадска-палітычнае радыё. Гэта не вельмі падобна на той праект, які запускае Белтэлерадыёкампанія. Хаця "Еўрарадыё" таксама можа быць тым выклікам, на які яны адказваюць".

"Радыё Рацыя" вяшчае на тэрыторыю Беларусі з 1999 года. Радыёстанцыя размешчана ў Беластоку і фінансуецца польскім урадам з мэтай дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.

"Еўрарадыё" пачало вяшчаць у лютым 2006 года і фінансуецца структурамі ЕС. Галоўны офіс размешчаны ў Варшаве. Мэта радыёстанцыі — забяспечваць грамадзян Беларусі незалежнай інфармацыяй пра падзеі ў сваёй краіне і за мяжой, павышаць інфармаванасць беларусаў у пытаннях дэмакратыі, вяршэнства закона, плюралізму і правоў чалавека.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 16 студзеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/430/11793
Текущая дата: 16.11.2024