Белорусский портал в Казахстане

БПЦ не знайшла ў царкоўным веравучэнні "вычарпальных звестак" аб адназначным хрысціянскім стаўленні да праблемы смяротнай кары



У царкоўным веравучэнні Беларуская праваслаўная царква (БПЦ) не знайшла "вычарпальных звестак", якія б зрабілі хрысціянскае стаўленне да праблемы смяротнай кары адназначным. Аб гэтым гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце БПЦ.

Гэты каментарый, адзначае прэс-служба БПЦ, зроблены ў сувязі з тым, што "цяпер у адрас Мінскага епархіяльнага ўпраўлення прыходзяць лісты з пытаннямі, якія тычацца праблемы смяротнай кары і хрысціянскага стаўлення да яе".

"Пад уплывам менавіта Евангельскага вучэння адбываюцца змяненні ў грамадскай свядомасці: мэтазгоднасць смяротнай кары ставіцца пад сумненне і ініцыюецца дыскусія па яе адмене, — гаворыцца ў каментарыі. — На Архірэйскім саборы ў 2000 годзе былі прынятыя Асновы сацыяльнай канцэпцыі Рускай праваслаўнай царквы, у якіх, у прыватнасці, заяўляецца аб пераважнасці адмовы ад смяротнай кары. Такі падыход выключае ўчыненне непапраўнай памылкі правасуддзя і дае больш магчымасцей для пастырскага апекавання над душой злачынцы".

У той жа час, адзначаецца ў паведамленні, царква "не павінна катэгарычна патрабаваць адмены смяротнай кары — тым больш у грамадстве, якое ў сваёй большасці так рашуча на ёй настойвае".

"Але царква імкнецца аказваць пастырскі ўплыў на фарміраванне ў сваіх вернікаў пачуцця сацыяльнай справядлівасці і судовай кары без ідэі забойства. Акрамя таго, на царкве ляжыць права клопатаў з нагоды таго ці іншага канкрэтнага выпадку асуджэння да смяротнай кары. У папярэдні перыяд яна неаднаразова карысталася гэтым правам, накіроўваючы ў адпаведныя дзяржаўныя органы, па просьбе асуджаных, асаблівыя прашэнні аб прымяненні да гэтых асоб замест смяротнай кары іншага пакарання", — гаворыцца ў паведамленні.

Як лічыць БПЦ, "адмова ад учынення смяротнай кары павінна з`яўляцца вынікам усведамлення грамадствам неабходнасці духоўна-маральнага ўдасканалення".

Прэс-служба БПЦ таксама прыводзіць вытрымку з Асноў сацыяльнай канцэпцыі Рускай праваслаўнай царквы, дзе сказана: "Асаблівая мера пакарання — смяротная кара — прызнавалася ў Старым Запавеце. Указанняў на неабходнасць яе адмены няма ні ў Свяшчэнным Пісанні Новага Запавету, ні ў Паданні і гістарычнай спадчыне праваслаўнай царквы".

У той жа час там адзначаецца: адмена смяротнай кары дае "больш магчымасцей для пастырскай працы з вінаватым і для яго ўласнага пакаяння".

Трэба адзначыць, што Беларусь — адзіная ў Еўропе краіна, дзе дагэтуль прымяняецца смяротная кара. Гэтая праблема ў чарговы раз прыцягнула ўвагу грамадскасці пасля вынясення смяротнага прыгавору Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву. 30 лістапада Вярхоўны суд Беларусі прызнаў іх вінаватымі па справе аб тэракце ў мінскім метро і прыгаварыў да вышэйшай меры пакарання.

2 снежня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што рашэнне па пытанні магчымага памілавання асуджаных прыме ў найбліжэйшы час. "Я павінен падпісаць указ і пацвердзіць рашэнне суда альбо, калі звярнуліся за памілаваннем, я павінен разгледзець гэтыя дакументы. Гэта самае цяжкае, што можа быць у працы прэзідэнта", — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч у пачатку снежня звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай увесці мараторый на смяротную кару. Пазіцыю каталіцкага касцёла па гэтым пытанні мітрапаліт выклаў у інтэрв`ю інтэрнэт-рэсурсу www.catholic.by.

"Ніякі тэрарыстычны акт, — сказаў Кандрусевіч, — не можа быць апраўданы, і злачынцы павінны атрымаць справядлівае пакаранне. Паводле вучэння каталіцкага касцёла, якое на гэтую тэму вельмі шырока прадстаўлена ў катэхізісе, абарона супольнага дабра патрабуе, каб злачынца быў пазбаўлены магчымасці чыніць зло".

"Калі поўнасцю ўстаноўлена асоба і адказнасць злачынцы, то традыцыйнае вучэнне касцёла не выключае смяротнага пакарання. Але толькі тады, — падкрэсліў мітрапаліт, — калі гэта адзіны магчымы спосаб абароны чалавечага жыцця ад несправядлівага агрэсара". "У той жа час касцёл заклікае да бескрывавых метадаў стрымання і пакарання злачынцаў, паколькі яны найбольш адпавядаюць канкрэтным умовам агульнага дабра і годнасці чалавечай асобы", — заключыў Тадэвуш Кандрусевіч.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 15 снежня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/433/11212
Текущая дата: 16.11.2024