Белорусский портал в Казахстане

Напярэдадні Калядаў Апостальскі нунцый сустрэўся з грэка-каталіцкім духавенствам



15 снежня 2011 года ў рамках пастырскага візіту ў Полацк, Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці сустрэўся з грэка-каталіцкім духавенствам.

Найперш па запрашэнні біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна грэка-каталіцкія святары разам з Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў у Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам удзельнічалі у перадкаляднай сустрэчы духоўных асоб Віцебскай дыяцэзіі ў Наваполацку і цэлебравалі літургію, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый.

Пасля абеду арцыбіскуп Гуджэроцці наведаў грэка-каталіцкую святыню святой Параскевы ў Полацку, дзе ўдзельнічаў у Акафісце Найсвяцейшай Багародзіцы і скіраваў да грэка-каталіцкіх святароў пастырскае слова.

Гэтая душпастырская сустрэча працягнулася за гасцінным сталом у парафіяльным доме. На ёй былі абмеркаваны прыярытэты душпастырскага служэння ў грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі на бліжэйшы час.

На заканчэнне Апостальскі нунцый перадаў сваё бласлаўленне і святочныя пажаданні ўсім святарам, іх сем’ям і парафіям, у якіх яны служаць.

catholic.by
16 снежня 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/433/11269
Текущая дата: 16.11.2024