Белорусский портал в Казахстане

Міхаіл Мясніковіч: "Тэатр Якуба Коласа стаў неад`емнай часткай прасторы сапраўднай беларускай культуры"



Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа адзначыў 22 лістапада 85-гадовы юбілей.

Святочны адрас у гонар гэтай знамянальнай даты, падпісаны прэм`ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам, на ўрачыстым вечары ў Віцебску зачытаў першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі.

"Гісторыя станаўлення і творчых дасягненняў вашага вядомага тэатральнага калектыву заслугоўвае вялікай павагі і шчырых слоў удзячнасці. Лепшыя старонкі дзейнасці тэатра заўсёды былі звязаны з нацыянальнай драматургіяй, сцвярджэннем высокіх маральных і эстэтычных ідэалаў у мастацтве. Менавіта на яго тэатральных падмостках упершыню ўбачылі святло рампы вядомыя п`есы беларускіх пісьменнікаў і драматургаў — Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Кандрата Крапівы", — адзначаецца ў пасланні.

Разам з жанравай разнастайнасцю рэпертуару сваім акцёрскім майстэрствам вылучаецца і трупа тэатра, артысты якой стварылі цэлую галерэю яркіх запамінальных вобразаў. У розны час тут працавала цэлая плеяда знакамітых акцёраў — В. Вольскі, П. Малчанаў, С. Станюта і іншыя. За час свайго існавання тэатр стаў неад`емнай часткай прасторы сапраўднай беларускай культуры, падкрэсліў у віншаванні Міхаіл Мясніковіч. Прэм`ер-міністр пажадаў далейшых творчых дасягненняў і поспехаў коласаўскаму тэатру.

У ходзе святочнага мерапрыемства служыцелям і работнікам тэатра былі ўручаны ганаровыя граматы і падзякі Міністэрства культуры, Віцебскага аблвыканкама і гарвыканкама. Граматай Нацыянальнага сходу Беларусі адзначаны адзін з вядучых акцёраў коласаўскай трупы Пётр Ламан.

Пастаноўкі тэатра імя Якуба Коласа карыстаюцца нязменным поспехам у віцябчан, таксама гасцей горада. Пры гэтым віцебскі тэатр добра вядомы і за мяжой. Так, творчая група спектакля "Шагал... Шагал..." не аднойчы выязджала на міжнародныя тэатральныя фестывалі ў Англію, Шатландыю, Італію, Польшчу, Малдову. Заслужаным поспехам карыстаецца тэатр на гастролях у Расіі і Украіне. За час свайго існавання тэатр стаў аўтарытэтнай лабараторыяй нацыянальнай драматургіі. З калектывам плённа супрацоўнічалі К. Крапіва, А. Якімовіч і іншыя. Яркі след у творчай біяграфіі тэатра пакінула супрацоўніцтва з У. Караткевічам і А. Дударавым.

Звязда, 24 лістапада 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/435/10719
Текущая дата: 16.11.2024