Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі рэалізавана 14 праектаў па скарачэнні выкідаў парніковых газаў



Папраўка аб удзеле Беларусі ў эканамічных механізмах Кіёцкага пратакола не набудзе моц у першы перыяд абавязацельстваў гэтага кліматычнага пагаднення — да канца 2012 года.

Пра гэта паведаміў дырэктар дэпартамента па гідраметэаралогіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Алег Максюта 10 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, Беларусь стане паўнапраўным удзельнікам другога этапу абавязацельстваў Кіёцкага пратакола, які пачнецца 1 студзеня 2013 года і працягнецца або да 31 снежня 2017 года, або да 31 снежня 2020 года.

Над тэматыкай скарачэння выкідаў парніковых газаў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя працуе вельмі даўно, адзначыў Максюта. Прынята шмат нарматыўна-прававых актаў, рэалізуюцца галіновыя і ведамасныя праграмы, якія скіраваны на зніжэнне выкідаў.

Кіраўнік дэпартамента паведаміў аб тым, што ў Беларусі будзе створаны банк даных праектаў па скарачэнні выкідаў парніковых газаў. Такое рашэнне прынята 29 снежня 2011 года на пасяджэнні дзяржаўнай камісіі ў Мінску. У банку даных будзе ўтрымоўвацца апісанне кожнага праекта. Акрамя таго, плануецца гарантаваць, каб гэтыя праекты рэалізоўваліся з продажам адзінак скарачэнняў выкідаў парніковых газаў на міжнародным добраахвотным рынку.

Як паведаміў Максюта, на сёння ў Беларусі рэалізавана 14 праектаў па скарачэнні выкідаў парніковых газаў, аднак адзінкі скарачэнняў не былі прададзены. Паводле яго слоў, у ліку перспектыўных праектаў — аднаўленне парушаных балот Беларусі, які прапанаваны грамадскай арганізацыяй "Ахова птушак Бацькаўшчыны". Цікавасць да гэтага праекта выказаў нямецкі фонд Міхаэля Ота. Разглядаецца магчымасць куплі ў Беларусі квот на выкіды балотных парніковых газаў з плошчы прыкладна 30 тыс. га на суму да 5 млн. еўра.

БелаПАН
10 студзеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/435/11696
Текущая дата: 25.12.2024