Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў ветэранаў Камсамольскага руху і прадстаўнікоў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі са 105-годдзем з дня ўтварэння Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага саюза моладзі, паведамляе прэс-служба беларускага лідара.
«Гэтае свята ўвасабляе ўласцівае маладосці імкненне тварыць, адкрываць новыя гарызонты, быць лепш і ніколі не спыняцца на дасягнутым, — гаворыцца ў віншаванні. — Узнікнуўшы з нетраў рэвалюцыйных пераўтварэнняў пачатку ХХ стагоддзя, энергія моладзевага руху выступіла магутнай стваральнай сілай у станаўленні савецкай дзяржавы, супраціве ворагу ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, здзяйсненні працоўных подзвігаў у пасляваенныя гады, фармаванні асноў будучай справядлівай светабудовы».
Камсамол па праве быў і застаецца сапраўднай школай жыцця, дзе юнакі і дзяўчаты вучацца мужнасці, стойкасці, дабрыні, сяброўству, пачуццю пляча, падкрэсліў беларускі лідар.
Працягваючы лепшыя традыцыі УЛКСМ, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі развівае валанцёрства, рух навукова-тэхнічнай творчасці, фізкультурна-спартыўны комплекс ГПА, арганізуе атрады аховы правапарадку, адзначыў Прэзідэнт, дадаўшы, што ў гэтым годзе 60 год спаўняецца студатрадаўскаму руху.
«Беларусь захоўвае пераемнасць у грамадска-палітычным развіцці, тым самым будуе сваю будучыню на трывалым падмурку патрыятызму», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы пажадаў ветэранам Камсамольскага руху і прадстаўнікам БРСМ здароўя, дабрабыту, невычэрпнага натхнення, поспехаў ва ўвасабленні ў жыццё намечаных у імя Радзімы планаў.
Звязда, 29 кастрычніка 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/44/71355
Текущая дата: 16.11.2024