Белорусский портал в Казахстане

Першыя падарункі акцыі «Нашы дзеці»: Відамлянская школа атрымала інтэрактыўную панэль



Намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка ў дзень старту рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» наведаў Відамлянскую сярэднюю школу ў Камянецкім раёне і падарыў інтэрактыўную дошку і прысмакі.

У маёнтку беларускага Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы 15-га снежня далі старт акцыі «Нашы дзеці». Да цырымоніі ў фармаце тэлемоста падключыліся Мінск, Гродзенская, Гомельская, Магілёўская, Мінская і Віцебская вобласці. У мерапрыемстве прыняў удзел Ігар Петрышэнка. Таксама ён наведаў Відамлянскую сярэднюю школу і павіншаваў навучэнцаў з надыходзячымі Калядамі і Новым годам. Ён пажадаў дзецям шчасця і здароўя, поспехаў у вучобе, каб яны раслі дастойнымі людзьмі і грамадзянамі Беларусі.

У госці віцэ-прэм’ер прыйшоў, натуральна, не з пустымі рукамі. «У нас IT-тэхналогіі вельмі развітыя. Школа павінна крочыць у нагу з часам. Думаю, гэтая інтэрактыўная панэль дапаможа ў навучанні дзяцей, засваенні новых ведаў. Вядома, у нас ёсць яшчэ і салодкія падарункі», — сказаў намеснік прэм’ер-міністра.

У цэлым у Брэсцкай вобласці акцыя «Нашы дзеці» ахопіць больш за 220 тыс. хлопчыкаў і дзяўчынак. Без увагі не застанецца ні адно дзіця. Аднак найбольшая — будзе нададзена сіротам, інвалідам, дзецям з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў.

Дарослыя імкнуцца выканаць запаветныя жаданні дзяцей. «Яны пішуць лісты Дзеду Марозу, чакаюць падарункаў. Мы, дарослыя, стараемся гэтую мару ажыццявіць, каб кожнае дзіця атрымала менавіта той падарунак, пра якое марыла, — адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Наталля Каліноўская. — Нам тэлефануюць прадстаўнікі шматлікіх прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў і ўдакладняюць, каму і якім чынам яны могуць дапамагчы. Практычна ўсе падключаюцца да акцыі «Нашы дзеці».

Звязда, 15 снежня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/44/71789
Текущая дата: 26.12.2024