Белорусский портал в Казахстане

Вернем моду на беларускую песню разам!



Днямі назвалі пераможцаў конкурсу маладых выканаўцаў, што адбыўся ў рамках Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2011".

Купала і Vаngеlіs

Штогод у Беларусі адбываецца каля 58 разнастайных міжнародных, рэспубліканскіх, абласных фестываляў. Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2011" уваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых з іх. Сёлета, нягледзячы на эканамічныя складанасці ў краіне і на тое, што Маладзечна рыхтуецца да рэспубліканскага свята "Дажынкі", фестываль, які ўпершыню прайшоў у 1993 годзе акурат у часы росквіту другога беларускага адраджэння, вырашылі не адкладаць на наступны год і не пераносіць у іншы горад. Гэты фестываль належыць менавіта Маладзечну. Больш за тое, арганізатары фэсту, сярод якіх Міністэрства культуры, Мінаблвыканкам і Маладзечанскі райвыканкам, пашырылі тэрміны правядзення свята да трох дзён, замест ранейшага аднаго дня. Спакваля фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне становіцца святам не толькі песеннага і паэтычнага слова, але святам мастацтва наогул. У фестывальныя дні тут працуе "Горад майстроў", у тэатрах Маладзечна ідуць спектаклі паводле твораў беларускіх класікаў. Так, у Мінскім абласным драматычным тэатры паказвалі спектакль "Вечар" паводле п`есы Аляксея Дударава, а ў абласным тэатры лялек "Батлейка" — спектакль "Яна і я" паводле п`есы Янкі Купалы. Дарэчы, рэжысёр спектакля Уладзімір Уладыка цікава спалучыў пастаральную лірыку п`есы Купалы з музыкай вядомага грэчаскага кампазітара Вангеліса. Гэтак нечакана спалучыў класічную беларускую літаратуру і сучасную музыку.

Ружа-кветка ў кубе

Самым цікавым на фестывалі, яго самай вялікай інтрыгай заўжды з`яўляецца конкурс маладых выканаўцаў, які сёлета быў не зусім звычайны. "Маладзечна-2011" прысвечаны Уладзіміру Мулявіну. Сёлета маршалу беларускай песні, як называе яго прафесар і дырыжор Міхаіл Фінберг, які разам з Мулявіным служыў у войску і суправаджаў са сваім аркестрам апошнія яго выступленні, споўнілася б 70 гадоў.

Натуральна, што канкурсанты мусілі прадставіць увазе журы песні Уладзіміра Мулявіна. Наогул, конкурс складаўся з двух тураў. Першы — даніна славутаму Мулявіну, другі — любая беларускамоўная песня. І цікава, што некаторыя канкурсанты выпадкова абралі адны і тыя ж песні.

Напэўна, спрацаваў нейкі генетычны код. А як інакш гэта патлумачыць? Песня "Ружа кветка", напрыклад, гучала аж тры разы!

Думаю, любы фестываль, прысвечаны нацыянальнай культуры, павінен кансалідаваць грамадства. Фестываль беларускай песні і паэзіі павінен кансалідаваць беларусаў.

Цудоўна, што фестываль спрабуе ўнесці беларускамоўную эстэтыку ў масавую культуру. Бо, вядома ж, вярнуць беларускай у нашай краіне статус жывой мовы, якой карыстаюцца, а не проста адной з дзяржаўных моў, магчыма толькі тады, калі беларускае слова будзе паўсюдным. Калі яно будзе гучаць на тэлебачанні і радыё, калі мы будзем бачыць беларускамоўныя шыльды на крамах, калі будзем мець беларускамоўныя мультфільмы і камп`ютарныя праграмы. Спадзяюся, што фестываль у Маладзечне — гэта крок дзяржавы насустрач беларускаму слову. Крок, з якога пачынаецца дарога да беларушчыны. Што тычыцца кансалідацыі, то хочацца, каб было больш розных паэтаў, больш розных музыкаў, больш разнастайнасці. Каб фестываль не раз`ядноўваў розныя беларускія творчыя суполкі, а наадварот — аб`ядноўваў.

Парадавала, што сёлета ўпершыню ў рамках фестывалю адбыўся рок-канцэрт беларускамоўных гуртоў "У нескладовае", "J:морс", "ZM99", "Стары Ольса", "Drum Ехstаsу".

— Гэта быў наўмысны ход, бо для нас прынцыпова важна прыцягнуць да беларускай культуры і песні моладзь, — распавядае міністр культуры Павел Латушка. — Беларуская мова з`яўляецца адной з дзяржаўных моў. Гэта наша нацыянальная мова. Мне падаецца, што кожны грамадзянін нашай краіны павінен разумець беларускую мову, павінен размаўляць на ёй па магчымасці. Але, зразумела, абавязкова паважаць. Таму вельмі важна не страціць пераемнасці, заахвочваць моладзь да беларускай мовы. І рок-канцэрт, і конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні якраз разлічаны на гэта. Сёння Міністэрства культуры працуе над канцэпцыяй развіцця беларускай эстрады. Упершыню мы заснавалі разам з тэлеканалам СТВ Нацыянальную музычную прэмію ў галіне эстраднага мастацтва. У хуткім часе плануем рэалізаваць і яшчэ адзін культурны праект: канцэрты і запіс дыскаў, прысвечаныя залатой калекцыі беларускай эстрады ХХ і ХХІ стагоддзяў. Мы хочам паказаць, што на беларускай мове ў нашай культуры было створана шмат цудоўных песень, напісана шмат выдатнай музыкі і што беларуская песня запатрабавана сёння і будзе запатрабавана ў будучыні.

Каця Худзінец: "Мне падабаецца глядзець інтэрв`ю Анні Лорак, калі ў яе пытаюць нешта па-ўкраінску і яна з лёгкасцю адказвае. Вось гэта культура!"

Пераможцамі сёлетняга конкурсу маладых выканаўцаў у Маладзечне сталі 6 чалавек. Першае месца заняла Кацярына Худзінец з Жодзіна за песню пра бацьку Міная "Балада аб чатырох заложніках", другое месца раздзялілі Дзяніс Пацэвіч з Маладзечна і Дар`я Кудрыцкая з Гродзенскай вобласці, трэцяе месца занялі Яўген Доміч з Гомельскай вобласці, Андрэй Коласаў з Мінскай вобласці і Радміла Сямёнава з Мінска. Адметна, што Гран-пры сёлета не атрымаў ніхто. Старшыня журы Міхаіл Фінберг тлумачыць гэта тым, што патрабаванні да канкурсантаў былі вельмі жорсткімі для таго, каб да будучага конкурсу ўдзельнікі рыхтаваліся яшчэ лепш. Зрэшты, узровень сёлетніх удзельнікаў быў сапраўды вельмі высокі, таму выбраць аднаго ўладальніка Гран-пры было амаль немагчыма. Прэмія імя Уладзіміра Мулявіна, якую павінен быў атрымаць уладальнік Гран-пры, атрымаў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

Цікава было паразмаўляць з маладымі людзьмі і дзецьмі, якія ўдзельнічалі ў фестывалі і вельмі ахвотна спяваюць беларускія песні. Праўда, лёс склаўся так, што амаль усе яны ў паўсядзённым жыцці па-беларуску не размаўляюць. Чаму? Тут зрабіла сваю справу гісторыя. Каб грунтоўна прааналізаваць гэтае пытанне, не хопіць не тое што газетнай паласы, а нават цэлай кнігі малавата будзе. Але некаторымі назіраннямі з вамі падзялюся.

Цудоўная сімпатычная дзяўчына Каця Худзінец, якая атрымала першае месца на конкурсе, распавяла, што раней абыходзіла беларускі рэпертуар, бо шчыльна займалася джазам. Яно і відаць: вакал і манера трымацца на сцэне ў Каці блізкія да манеры выканаўцаў папулярнага джазу. І нават песню на словы Аркадзя Куляшова яна выканала крышачку па-амерыканску. Але гэта ёй можна дараваць, бо вакальны талент і артыстызм Каці выпраменьвае шчырасць і дабрыню. Калі я звярнулася да Каці з пытаннямі, яна папрасіла мяне размаўляць з ёй па-руску. Я здзівілася. Каця дрэнна ведае беларускую мову. Але разумее, што трэба наганяць упушчанае.

— Я люблю глядзець інтэрв`ю Анні Лорак: калі яе пытаюць нешта па-ўкраінску і яна без праблем так цудоўна адказвае! Яна можа ўсё што заўгодна па-ўкраінску сказаць! Вось культура! У нас, на жаль, такога няма, і я таксама з вялікай цяжкасцю размаўляю па-беларуску. Хоць з задавальненнем гэта б рабіла. І, спадзяюся, буду.

А вось яшчэ адно малое дзевяцігадовае дзяўчо па імені Леначка, удзельніца фальклорнага ансамбля "Верабейкі" з Любані, адказала мне па-беларуску вельмі бойка, вельмі сакавіта і радасна. Малой дужа падабаецца спяваць беларускія песні, таму што яе матуля таксама спявае па-беларуску. "Калі спяваеш, то ўзгадваеш сваю радзіму, сваю матулю, і тады хочацца спяваць яшчэ больш", — распавядае малая. Я шчыра ўзрадавалася, пачуўшы такі адказ. Пераемнасць пакаленняў не перапыняецца. Але калі запыталася ў Леначкі, ці ўвесь час яна размаўляе па-беларуску і ці размаўляюць па-беларуску тыя, хто вакол яе, то пачула ад яе поўную трагізму фразу, якая вандруе з анекдота ў анекдот і выклікае "і смех, і слёзы, і любоў":

— Рэдка. Мы неяк па-руску ПРЫВЫКЛІ.

Тады я падумала, што добра ўсё-ткі, што ёсць такія фестывалі і конкурсы, на якіх дзеці з розных куточкаў Беларусі, якія спяваюць па-беларуску і чытаюць беларускія вершы, могуць адчуць, што беларускае слова запатрабавана. Тады ў іх ёсць стымул пранесці гэтае слова праз сваё жыццё. Інакш было б зусім самотна жыць на свеце.

Вольга Чайкоўская
Звязда, 30 жніўня 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/443/8913
Текущая дата: 15.11.2024