Белорусский портал в Казахстане

У крэпасць паклікала памяць...



Каля пяці тысяч чалавек сабралася ў Брэсцкай крэпасці задоўга да світання 22 чэрвеня. Сюды прыйшлі не толькі гараджане, але і ўдзельнікі 43 дэлегацый з самых розных краін свету. Замежныя госці знарок прыехалі ў Брэст, каб сустрэць 70-ю гадавіну пачатку вайны там, дзе яна пачалася.

На гэты раз мерапрыемствы распачаліся не ў чатыры гадзіны раніцы, а значна раней. Прафесійныя і самадзейныя артысты падрыхтавалі мастацкую праграму — рэканструкцыю вечара напярэдадні вайны. Каб усё было як тады, як у вядомай песні Кабзона: "А за окном, за окном красота новолунья, Шепчутся с Бугом плакучие ивы. Год сорок первый, начало июня. Все еще живы, все еще живы".

Толькі музыка там гучала не сучасная, а тая, якую любілі ў 40-я гады. І танцы ў парку ледзь не да раніцы, і радасныя спатканні, і шчаслівыя пацалункі, і абавязкова фільм "Валерый Чкалаў" у кінатэатры. А палітрук, што запрашае на танец нявесту, не ведае, што жыць яму засталося роўна да світання... Усю гэтую ідылію даваеннага правінцыйнага горада перарывае выццё сірэны, сусветны грукат і суцэльныя ўзрывы. Так пачыналася вайна.

А роўна ў чатыры гадзіны на плошчы Цырыманіялаў ля Вечнага агню аб`явілі традыцыйны мітынг, прысвечаны светлай памяці тых, хто загінуў, і ў гонар тых, хто дайшоў да перамогі. Мітынг быў непрацяглы, колькі слоў сказалі губернатар, ветэран, вучаніца. І зноў паплылі вянкі па Бугу ў памяць аб салдатах, якія палілі крывёю ваду, і ў гонар самой ракі, якая ўсё ж не дала загінуць хоць частцы мужных абаронцаў. Яны трымаліся больш за месяц, бо з цяжкасцю, з ахвярамі, але здабывалі выратавальную ваду.

Пасля мітынгу мастацкая праграма працягвалася. На гэты раз артысты паказалі першы дзень абароны ўсходняга форта Брэсцкай крэпасці. І прадстаўленне нагадала фільм "Брэсцкая крэпасць", прэм`ера якога адбылася роўна год таму на гэтым месцы.

А вечарам 22 чэрвеня адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка "Героям мяжы, жанчынам і дзецям, якія сваёй мужнасцю зрабілі крок да неўміручасці". Помнік стаіць на месцы былой 9-й пагранзаставы, якой камандаваў Андрэй Кіжаватаў. У першы дзень вайны лейтэнант Кіжаватаў арганізаваў абарону аднаго з участкаў Брэсцкай крэпасці. Разам з падначаленымі байцамі ён адбіў шэсць варожых атак. А ў ноч на 23 чэрвеня Кіжаватаў перавёў сваіх пагранічнікаў у падвалы крэпасці. Ён працягваў ваяваць нават цяжка паранены. І загінуў смерцю героя. Праз 20 гадоў пасля Перамогі Андрэю Мітрафанавічу Кіжаватаву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна. Але зорку героя не было каму атрымаць. Восенню 1942 года яго сям`я: маці, жонка, 15-гадовая дачка, 11-гадовы сын, 2-гадовая дачушка былі расстраляны каля вёскі Лешніца Маларыцкага раёна, дзе да гэтага хаваліся. Іх забілі за тое, што іх родны чалавек быў афіцэрам і сумленна выконваў свой абавязак.

Таму на скульптурнай кампазіцыі Валянціна Занковіча ёсць не толькі ваяры-абаронцы, але і жанчына, і дзеці. Варта адзначыць, што ідэя ўвекавечання памяці вартавых мяжы, іх жонак і дзяцей належыць кіраўніцтву Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі на чале з Ігарам Рачкоўскім. Сродкі на помнік таксама збіралі пагранічнікі, ветэраны службы, арганізацыі і ўстановы краіны. І вось ён заняў сваё месца на п`едэстале.

Святлана Яскевіч
Звязда, 23 чэрвеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/449/7469
Текущая дата: 15.11.2024