Белорусский портал в Казахстане

«Такім цікавым стаў мне божы свет і я ў гэтым свеце»



Актрыса Таццяна Мархель — пра нацыянальны характар, італьянскую жанчыну, кінутую медыцыну і базарную славу.

Сваім шчодрым камедыйным і драматычным талентам яна прыкметна вылучаецца сярод іншых майстроў мастацтва. Тэатралы добра памятаюць яе цудоўныя працы на сцэне, адзначаныя прэстыжнымі ўзнагародамі. А як спявае — заслухаешся! І не пераблытаеш ні з кім, бо так самабытна, як яна, абрадавыя песні не выконвае ні адна з актрыс, дый такое іх мноства, бадай, мала хто ведае. Народныя песні і яе голас гучаць у многіх фільмах, яна часта прадстаўляе Беларусь за мяжой на фальклорных фестывалях. На экране ёю сыграна больш за 20 роляў, сярод якіх асабліва запамінальныя вобразы простых беларускіх сялянак. Пра яе справядліва гавораць, што ў тэатры і кіно менавіта яна найбольш выразна ўвасабляе народны характар.

Дакладней, беларускі нацыянальны характар. На самай справе яна ўжо даўно прызнаная народная. Цяпер гэты статус пацвердзіўся і афіцыйна. Актрыса Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Таццяна Мархель атрымала ганаровае званне народнай артысткі Беларусі.

— Таццяна Рыгораўна, у тэатры, дзе служыце, сярод актрыс вы адзіная народная. Стаўленне да вас цяпер асаблівае?


— Адносінамі да сябе я не магу пакрыўдзіцца ні да, ні пасля. Калектыў у нас малады, цікавы, таленавіты. Але ў сваім узросце я ў тэатры адна, і дзяліць ні з кім няма чаго. Звычайна, калі такіх актрыс у трупе многа, пачынаюцца праблемы. А так усе ролі мае, толькі іграй. Калі шчыра, іншы раз нават хочацца нейкага перапынку, сцішэння. Наогул, я не баюся перыядаў, калі не вельмі занятая, і лічу, не варта моцна перажываць, калі якую ролю не сыграла. Тое, што накапілася, пакуль ты думала пра яе, тое, што адчуваеш, сыграецца ў другі раз. Нават калі гэта будзе зусім іншы вобраз, тэкст, аўтар, другія свет і эпоха.

— Але ж была несыграная роля, пра якую вы вельмі шкадавалі і не раз у тым прызнаваліся...

— Сцепаніда ў фільме «Знак бяды» па Быкаву. Да яе я рыхтавалася, нават пахудзела кілаграмаў на 12. Але ў самы апошні момант усё памянялася, ролю аддалі маскоўскай актрысе Ніне Русланавай. Пташук, рэжысёр карціны, сказаў, што паказваў Васілю Уладзі-міравічу дзве пробы — маю і яе, і ён выбраў. Я столькі плакала тады, проста не магла спыніцца. Было адчуванне, быццам страціла вельмі блізкага чалавека, настолькі я жыла гэтай роляй... Русланава — акторка, безумоўна, цудоўная, але вельмі характарная, на мой погляд. Жанчыны-беларускі больш стрыманыя ўнутрана, у іх моц душэўная вялікая, але яны не такія кідкія, адразу ўсё не выплёскваюць. Хаця, можа, гэтага мне якраз у той пробе і не хапіла...

— Пасля таго вы стварылі вобразы многіх простых сялянскіх жанчын. Як думаеце, чаму менавіта яны вам найлепш удаюцца?

— Дык я ж сама з вёскі, жыла і жыву сярод гэтых людзей. Некалі вяла на тэлебачанні праграму «Запрашаем на вячоркі». З усёй Беларусі жанчыны на яе запіс прыязджалі. Якія людзі — цуд! Мы многа і пра рознае размаўлялі, у кожнай жа на плячах свой цяжар жыццёвых праблем, але не адчайваюцца, аптымісткі. Адна, помню, кажа: «Пайду касіць. І так мне сумна зробіцца! Дык я пакашу-пакашу, а тады як заспяваю! І сум праходзіць».

Многае для роляў ад мамы ўзяла. Во з каго акторка магла б выдатная атрымацца! Яна была чалавекам цікавым, таленавітым, спяваць любіла.

А гора і ёй хапіла. У вайну вёску нашу Шпакоўшчыну, што ў Смалявіцкім раёне, немцы два разы палілі, мы ў балоце ратаваліся. Пасля вайны мама з трыма дзецьмі засталася. Бацька загінуў пад Кёнігсбергам. Але яна не верыла. Усё чакала, што вернецца, спадзявалася, можа, у палоне дзе. Помню, калі хату адбудавалі, мама казала: «Дзеці, клічце ў комін бацьку, каб вярнуўся». І мы крычалі ў той комін. Я малая яшчэ зусім была. Я з 1939 года.

— Народныя песні таксама ад мамы?

— Усе, якія ведаю, — ад яе. Ніколі іх спецыяльна не збірала і не запісвала. Проста з дзяцінства чула, як мама спявала дома, у полі, на вяселлях. Яна ўвесь час спявала, нават калі ёй было ўжо за 90 і яна жыла са мной у Мінску. Яна заспявае, і я з ёй.

З гэтымі песнямі дзе я толькі не была: у Літве, Эстоніі, Расіі, ЗША, Польшчы, Украіне... Аднойчы ў Маскве нават у зале Чайкоўскага яны гучалі. Кампазітар Алег Янчанка ўключыў мае спевы ў сваю сімфонію «Белая Вежа». Сам — за арганам, Уладзімір Пузыня іграў на народных старадаўніх інструментах, цымбалістка яшчэ была і частка сімфанічнага аркестра, а я спявала.

— А вясковыя клопаты вас, чалавека даўно гарадскога, не вабяць?


— Яны для мяне самая прыемная праца. Некалькі гадоў таму дачу купіла ў Ратамцы, дык я там такое развяла! Усе хо-дзяць і дзівяцца: як у гэтай артысткі ўсё расце?! А ў мяне грады: часнок, цыбуля, бульба цвіце, агуркі паўсходзілі. Словам, усё, што трэба, ёсць. Шыкоўна!

— З гаспадаркай самі спраўляецеся?

— Так. Хіба толькі калі якая зусім не жаночая справа, то прашу каго. Тады іншы раз думаю: «Мо замуж трэба выйсці ці што?» Дарэчы, і прапановы былі, нават з Аўстраліі адзін беларус неяк сватаўся. Але ж я нікуды з’язджаць не хачу. Як мама казала, дарагі той куток, дзе табе адразалі пупок. Для мяне так і ёсць: толькі дома адчуваю сябе сапраўды камфортна. Некалі ў Амерыку аж на 25 дзён паехалі з выступленнямі — чым не раскоша? Дык збегла адтуль раней тэрміну: не магла больш, так дадому хацелася. А што да замужжа, дык цяпер, калі дзеці дарослыя, уладкаваныя, я кажу ўсім, што сустрэла нарэшце чалавека, з якім мне вельмі цікава. Я сустрэла сябе. Мне такі цікавы стаў божы свет і я ў гэтым свеце! І навошта мне хвалявацца, чым таго мужа карміць, ці нап’ецца ён, ці будзе біць, ці пойдзе да маладой?..

— Апошняя сітуацыя некалі балюча секанула па вашым жаночым лёсе...

— Я ўжо даравала ўсім, сцішылася ўсё, 20 гадоў прайшло. Тая сітуацыя, наогул, звычайная: акцёр, таленавіты чалавек, закахаўся ў маладзейшую, кінуў дзеля яе сям’ю, двух дачок-блізнятак. А жонка не змагла дараваць і аднойчы не стрывала дый адлупцавала тую каханку. Нічога асаблівага, па сённяшнім часе і не такое бывае, але нікому справы няма. А тады ж маральнасць вялікая, сапраўдны бум здарыўся, разбіралі ў абкаме. Яго з партыі выключылі, абедзве нашы кандыдатуры на дзяржпрэмію знялі адразу, да суда ледзь не дайшло. Але галоўнае, як было жыць і трываць, штодня прыходзіць у тэатр і іграць, калі тут жа ён і яна, і ўсё на вачах у дзяцей, дзяўчынкам па 12 гадоў?

У адчаі паехала ў ЦК партыі прасіцца перавесціся з віцебскага тэатра, дзе тады працавала, у Мінск. Іду да загадчыка аддзела Івана Іванавіча Антановіча і думаю: як зараз яшчэ і ён мне выдасць. Адчыняю дзверы, а ён з усмешкай: «Заходите-заходите, итальянская женщина! Много разных романов знаю, но чтобы с таким исходом...» Карацей, дамовіўся ён аб маім пераводзе ў Купалаўскі тэатр. Паехала я ў Віцебск займацца абменам кватэры, а там мяне ўгаварылі застацца ў тэатры. Згадзілася, папрацавала год, а пасля сышоў той галоўны рэжысёр, які ўгаварыў, і мастацкая рада прагаласавала супраць майго ўдзелу ў трупе. Быў пачатак 1990-х. Я памяняла кватэру і пераехала з дзецьмі ў Мінск. Без работы, без грошай. Калі-небудзь думаю: ці са мной усё гэта было? Ледзь выжыла пасля гэтага ўнутранага перавароту, але паднялася.

— Можа, не многія ведаюць, што і ў артысткі вы трапілі не адразу...

— У вёсцы нас тры дзяўчыны-сяброўкi скончылі сярэднюю школу і разам вырашылі ісці ў медвучылішча. Я пасту-піла, а дзяўчаты праваліліся, пакрыўдзіліся тады на мяне. Вучылася на фельчарска-акушэрскім адзяленні, больш за ўсё падабалася, як роды прымаюць. Гэта так хораша, калі дзіця з’яўляецца! Закончыла вучылішча з чырвоным дыпломам і паступіла ў мінскі мед-інстытут. Правучылася месяц ці два, гляджу — не маё, не падабаецца. Пайшла да дэкана — не хачу больш. Ён быў ашаломлены — вытрымаць такі вялікі конкурс, паступіць і кінуць?! Адгаворваў. А я ў слёзы — не буду вучыцца ўсё роўна. І кінула.

А на наступны год паступіла ў тэатральны. Вось тут ужо ўсё пайшло як трэба. Такое цікавае жыццё пачалося. Такая радасць! Я была ў захапленні — гісторыя мастацтва, музыкі, пачала сама вучыцца іграць на фартэпіяна, займалася гімнастыкай. Мне свет адчыніўся.

— Але ж вясковай дзяўчыне ў тэатральным, які заўсёды лічыўся элітарным, відаць, было нялёгка?

— О, тое канец свету! Дзеўкі ўсе прыгожыя, апранутыя. А я зажатая была страшэнна. Да таго ж імкнулася гаварыць па-гарадскому. Як скажу што — усе смяюцца. Пасля першага курса нават стаяла пытанне пра адлічэнне. Была ў нас адна выкладчыца, занатоўвала свае думкі пра нас, студэнтаў, у дзённіку і пакідала яго навідавоку, каб мы пачыталі. І мы чыталі ўслых: «Мархель — всегда тупое выражение лица, маленькие, ничего не выражающие глаза...» На ўсё жыццё гэта запомніла. Пасля я сустракала тую выкладчыцу, і яна пра мяне ласкава гаварыла: «Ах, она моя ученица...» А тады сказалі: калі не пакажу цікавую работу, адлічаць.

— І чым жа вы пакарылі?

— Нехта прапанаваў зрабіць урывак з апавядання Чэхава «Егер». Там гісторыя пра скотніцу і егера, якога сп’яну ажаніў з ёй барын. А бы фонам — спякотны час жніва. І я заспявала жніўную песню. Атрымалася так хораша, да месца, натуральна. А яшчэ мяне вельмі падтрымала педагог па танцах. Танцавалі вальс, і яна раптам мне гаворыць: «Отлично, Танечка. Вот так и на сцене, в мастерстве, все должно быть свободно, легко, естественно». У мяне ад гэтых слоў быццам крылы выраслі. І я паверыла ў сябе.

— Вы адчуваеце сябе знакамітай актрысай?


— Не. Ніякай помпы ўнутранай няма. Можа, таму, што ўвесь час у тэатры, кіно я займаюся тым, што мне радасна, што для мяне натуральна. А тады раздутасці не трэба. Гэта ж калі нечага не хапае, пачынаюць тужыцца, каб «произвести впечатление». А ў мяне неяк усё само сабой — на месцы і спакойна.

— Але ж на вуліцы ці ў краме пазнаюць?

— Пазнаюць. Некалі смешны момант быў. З дачкой пайшлі на рынак агуркоў дакупіць, сваіх не хапіла, каб пасаліць. Бралі многа. Жанчына ўзважыла, аддае і кажа: «Грошай не вазьму, бо я вас вельмі люблю». А мне няёмка: хачу заплаціць, чалавек вырошчваў, аж з Пінска вёз. Сталі спрачацца. Ужо і суседнія прадаўцы пачалі ўвагу звяртаць, думаюць, не хоча баба грошай аддаваць. Сышліся нарэшце, што палову заплачу, альбо зусім браць не буду. А дачка глядзіць і гаворыць: «С тобой, мама, как пойдешь, так только опозоришься». Вось вам і базарная слава...

Ірына Свірко, Рэспубліка
18 чэрвеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/450/7276
Текущая дата: 15.11.2024