Белорусский портал в Казахстане

У Навагрудскім раёне прайшлі памятныя мерапрыемствы ў гонар дзеяча ВКЛ Іаахіма Храптовіча



Памятныя мерапрыемствы ў гонар палітычнага і грамадскага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай дыпламата Іаахіма Храптовіча прайшлі 17 чэрвеня ў пасёлку Шчорсы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці, паведаміла прэс-служба Міністэрства замежных спраў.

Мерапрыемствы былі арганізаваны МЗС пры ўдзеле Гродзенскага аблвыканкама, Навагрудскага райвыканкама, пасольства Беларусі ў Літве, Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і прымеркаваны да 220-годдзя з даты прызначэння Храптовіча міністрам замежных спраў Рэчы Паспалітай (19 чэрвеня 1791 года). У сустрэчах узялі ўдзел дыпламаты, прадстаўнікі мясцовых органаў улады, навуковых і акадэмічных колаў, творчай інтэлігенцыі, сродкаў масавай інфармацыі, школьнай моладзі, грамадскасці.

Удзельнікі наведалі сядзібу Храптовічаў у Шчорсах, заклалі алею ў гонар славутага земляка, правялі навуковую дыскусію аб яго гістарычнай ролі ў развіцці дыпламатыі Беларусі. Адбылося абмеркаванне пытанняў, якія тычацца магчымасцей аднаўлення і далейшага функцыянавання сядзібы Храптовічаў. Прагучаў заклік з боку ўдзельнікаў мерапрыемстваў да актывізацыі намаганняў па вяртанні ў Беларусь дакументаў і гісторыка-культурных каштоўнасцяў, што звязаны з жыццём і дзейнасцю роду Храптовічаў і знаходзяцца на тэрыторыі іншых краін.

Найбліжэйшым часам сіламі НАНБ і БДУ плануецца выданне зборніка артыкулаў удзельнікаў навуковай дыскусіі.

Даведка БелаПАН: Іаахім Ігнацій Літавар Храптовіч — грамадскі, палітычны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ, публіцыст, паэт, перакладчык. З 1765 года з`яўляўся маршалкам трыбунала ВКЛ. Узначальваў дыпламатычныя місіі ў Парыжы і Вене. Адзін са стваральнікаў (1773) і на працягу двух дзесяцігоддзяў член эдукацыйнай камісіі ВКЛ. З 1791 года — міністр замежных спраў Рэчы Паспалітай, з 1793 года — канцлер ВКЛ.

БелаПАН
Мінск, 18 чэрвеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/450/7321
Текущая дата: 15.11.2024