Белорусский портал в Казахстане

Паляк, які стаўся беларусам



Памяці кардынала Сьвёнтка.

Як кожны чалавек, якому баліць лёс Беларусі, я часам сумняваюся ў нашай пасьпяховай будучыні. Разумею, што не без падставаў Васіль Быкаў сказаў некалі, што беларусы спазьніліся на свой цягнік. Вялікі пісьменьнік, вядома ж, меў на ўвазе цягнік гісторыі... Але ў іншыя хвіліны, хвіліны надзеі, калі я аптымістычна гляджу ў будучыню нашага народу, я заўсёды ўспамінаю кардынала Сьвёнтка. І вось чаму.

Цяпер шмат хто мяркуе, што пры Аляксандру Лукашэнку русыфікацыя і дэнацыяналізацыя Беларусі набылі нечуваныя маштабы. Праўда, аднак, заключаецца ў тым, што дэнацыяналізацыя Беларусі была такой самай амаль усё ХХ стагодзьдзе. Беларусь страціла мільёны сваіх сыноў і дачок ня толькі на франтах войнаў і ня толькі падчас страшэнных камуністычных рэпрэсіяў – іншыя мільёны беларусаў спакойна зьехалі ў Расею і Польшчу і шчасьліва забыліся, хто яны і адкуль. Вырасшы на менскай ускраіне, я памятаю, як у 70-я гады гарадзкая моладзь пагардліва ставіліся да вяскоўцаў за іх беларускае вымаўленьне, як называла іх “крестамі” і як люта, з гранічнай жорсткасьцю і нянавісьцю зьбівала да непрытомнасьці нядаўніх вяскоўцаў-жыхароў ускраінных заводзкіх інтэрнатаў, нападаючы на іх цэлымі зграямі. Памятаю і свой шок, калі аднойчы на набярэжнай Сьвіслачы ў 1981 ці 1982 годзе сустрэў двух інтэлігентнага выгляду, добра апранутых мужчынаў з партфэлямі, якія ішлі і размаўлялі паміж сабой па-беларуску... Тая сустрэча, дарэчы, перадвызначыла і мой хуткі пераход на беларускую мову.

А цяпер сытуацыя ўжо зусім іншая, сёньня ў мяне ўжо ёсьць надзея. І дае мне яе, сярод іншага... Каталіцкая царква, якую ўжо з поўным правам можна назваць Беларускай Каталіцкай царквой. І вырашальнаю ролю ў тым, каб царква стала такой, адыграў кардынал Казімір Сьвёнтак.

Зразумела, што ў савецкія часы быў герой-падзьвіжнік ксёндз Уладыслаў Чарняўскі, які адзін працаваў як акадэмічны інстытут, пераклаўшы Біблію ды Імшал, у 80-90-я гады быў шырокі рух сярод каталіцкай інтэлігенцыі, была Беларуская Каталіцкая грамада, адроджаны часопіс “Крыніца”, а таксама выдатны нунцый Ватыкану ў Менску Агастына Маркета, які зразумеў патрэбы беларусаў і ўсяляк спрыяў ім. Быў нарэшце і шырокі ўніяцкі рух, які, як дрожджы, стымуляваў усіх сваіх канкурэнтаў. Але на чале Каталіцкай царквы з 1991 да 2006 году стаяў арцыбіскуп, а пасьля кардынал Казімір Сьвёнтак. І вось ад яго, чалавека, які карыстаўся велізарным уплывам у Польшчы і Ватыкане (дзе пры папу-паляку польскі ўплыў быў ці не абсалютны), залежала, якой стане Каталіцкая царква. І Сьвёнтак, менавіта ён, мог сказаць “не” – і нічога б не было, як гэтага няма дасюль у Праваслаўнай царкве, бо тамтэйшы герарх сказаў і далей кажа беларушчыне сваё “не”. А вось Сьвёнтак (наступіўшы на сваё нацыянальнае пачуцьцё, якое, бясспрэчна, меў) сказаў “так”.

Пры Сьвёнтку выйшаў па-беларуску каталіцкі Імшал, беларуская мова стала афіцыйнай мовай справаводзтва Каталіцкай царквы, па-беларуску пачала працаваць сэмінарыя ў Пінску, пачалі выдавацца малітоўнікі, катэхізмы і часопісы і ў сотнях касьцёлаў па ўсёй краіне пачалі служыцца беларускія набажэнствы. За гэта ўсё ў пэўных колах Польшчы кардынал Сьвёнтак ня толькі сустрэў неразуменьне, але і пачуў на свой адрас праклёны за здраду польскіх інтарэсаў на крэсах.

Быў ён аднак не зусім крэсавякам, бо нарадзіўся ў Прыбалтыцы. Таму і не вызначаўся асаблівай зацятасьцю, якую часта маюць не палякі з цэнтральнай Польшчы, а якраз палякі крэсовыя.

Кардынал часта расказваў, як расейскі афіцэр, які выдаваў яму даведку аб вызваленьні, паглядзеўшы асабістую справу вязьня, быў уражаны, што той доўгія гады правёў у Інце – у лягеры за палярным кругам, у тундры. Звычайна адтуль ніхто не вяртаўся, а Сьвёнтак выжыў, бо, відаць, Божым плянам яму было наканавана выканаць яшчэ адну важную місію – узначаліць адраджэньне Каталіцкай царквы ў Беларусі і зрабіць яе беларускай. За 10 гадоў у сталінскіх лягерах ён бачыў там шмат людзей, якія сядзелі за любоў да сваіх Айчынаў – да Літвы, да Латвіі, да Ўкраіны, да Польшчы і да Беларусі таксама. І пра гэта ён памятаў усё сваё жыцьцё.

Ніколі не забуду, як 10 гадоў назад у мяне варушыліся валасы на галаве ад усьведамленьня гістарычнай значнасьці падзеі і ўсьведамленьня незваротнасьці працэсу. Было гэта, калі кардынал Сьвёнтак прывёз у Рым першую вялікую групу паломнікаў зь Беларусі, некалькі сотняў чалавек на дзясятку аўтобусаў. Запіс прывітальнага слова кардынала на сустрэчы з папам Янам Паўлам ІІ і слова пантыфіка ў адказ немагчыма было слухаць спакойна. Два палякі, папа і кардынал, гаварылі на ламанай беларускай мове... Гэта было завяршэньне высілкаў сотняў рыма-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх беларускіх падзьвіжнікаў ХХ стагодзьдзя, многія зь якіх пайшлі на пакуты і склалі галовы за ажыцьцяўленьне гэтай сваёй мары.

Чырвоны касцёлНеяк расейская газэта “Известия” зьмясьціла рэпартаж свайго карэспандэнта зь Менску, які разважаў пра тое, ці сапраўды беларусы браты расейцам, ці сапраўды яны рускія. І вось карэспандэнт той “біў у набат”, маўляў, зайдзіце ў Чырвоны касьцёл у цэнтры беларускай сталіцы – гэта ж сапраўдны нацыяналістычны канвэер, восем беларускамоўных набажэнстваў кожны дзень, тысячы людзей на кожнай службе, сотні спавядаюцца, і ўсё моладзь, моладзь і моладзь...

І вось я часта думаю, што калі Беларусі наканавана некалі адрадзіцца пасьля сёньняшняй нацыянальнай пустэчы, дык натуральнай базай для будучай беларусізацыі ўсёй краіны стануць тыя сотні тысяч (а можа і пара мільёнаў)  католікаў, якія сёньня кожны дзень моляцца па-беларуску.

Сьвёнтак мог застацца добрым палякам і дапільнаваць інтарэсы Польшчы на крэсах, але ці застаўся б ён добрым католікам у гэтым выпадку? Ён выбраў веру і пайшоў усьлед за сваім вялікім папярэднікам – апосталам Паўлам, які казаў, што для габрэяў ён габрэй, а для грэкаў – грэк. Сьвёнтак для беларусаў стаўся беларусам.

Сяргей Абламейка
Радыё Свабода
Прага, 21 ліпеня 2001                                                                                    

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/450/8097
Текущая дата: 24.12.2024