Белорусский портал в Казахстане

МАП запатрабавала ад урада Беларусі гарантаваць у заканадаўстве прынцып свабоды аб`яднання



Камітэт па нормах і стандартах Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) настойліва патрабуе ад урада Беларусі гарантаваць прынцып свабоды аб`яднання на заканадаўчым узроўні. Такое патрабаванне ўтрымліваецца ў дакладзе камітэта, ухваленым на сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы (МКП) у Жэневе.

Як адзначаецца ў дакуменце, камітэт прыняў да ведама паведамленні ўрада Беларусі аб Генеральным пагадненні на 2011—2013 гады, урэгуляванні пытання арэнды памяшканняў прафсаюзнымі арганізацыямі і дзейнасці рабочай групы трохбаковага Савета па пытаннях удасканальвання заканадаўства ў сацыяльна-працоўнай сферы, створанага пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Аднак, як гаворыцца ў дакладзе, "камітэт са шкадаваннем адзначыў, што ніякага істотнага прагрэсу адносна ранейшых рэкамендацый МАП і пытанняў, узнятых экспертамі ў адпаведнасці з канвенцыяй № 98, з боку ўрада не было".

Камітэт па нормах і стандартах МАП адзначае новыя факты парушэнняў прынцыпу свабоды аб`яднання ў Беларусі, у тым ліку ўмяшання ў дзейнасць прафсаюзаў, націску і пераследу. У прыватнасці, адзначаны выпадкі заключэння прадпрыемствамі кароткатэрміновых кантрактаў, каб прымусіць працоўных адмовіцца ад членства ў Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў і арганізацыях, што ў яго ўваходзяць.

Камітэт МАП чарговым разам нагадвае ўраду Беларусі пра неабходнасць "падрыхтаваць заканадаўчую базу для рэгістрацыі тых арганізацый, у якія працоўныя ўступаюць з уласнай ініцыятывы", а таксама забяспечыць неабходныя ўмовы для іх эфектыўнай дзейнасці.

"Камітэт спадзяецца, што ўрад будзе падаваць канкрэтную інфармацыю аб вырашэнні гэтых пытанняў у якасці дэманстрацыі сваіх цвёрдых намераў адносна рэкамендацый камісіі, — гаворыцца ў дакуменце. — У гэтым выпадку на пасяджэннях у наступным годзе камітэт зможа адзначыць значны і ўстойлівы прагрэс у адносінах да астатніх пытанняў".

Нагадаем, у 2003 годзе Адміністрацыйны савет МАП пачаў расследаванне аб парушэнні правоў прафсаюзаў у Беларусі ў сувязі са скаргай незалежных прафсаюзаў. Паводле вынікаў расследавання Беларусь пяць разоў уносілі ў спецпараграф МАП як краіну, дзе груба парушаюць правы прафсаюзаў.

Гэта, у сваю чаргу, стала прычынай для выключэння Беларусі ў чэрвені 2007 года з Генеральнай сістэмы прэферэнцый Еўрасаюза. Для вяртання прэферэнцый урад Беларусі павінен выканаць 12 рэкамендацый МАП.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 14 чэрвеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/455/7171
Текущая дата: 24.12.2024