Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка: Нашы хлопцы абаранілі сайт прэзідэнта



Беларускія спецыялісты паспяхова адбілі DDOS-атаку на сайт прэзідэнта, заявіў 17 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску Аляксандр Лукашэнка.

"У нас ёсць падрыхтаваныя хлопцы ў дзяржаўных структурах. <...> Яны валодаюць рознымі метадамі. Мне нядаўна паведамілі: была атака на сайт прэзідэнта, — сказаў ён. — І што нашы хлопцы? Абаранілі. Вельмі цудоўныя людзі. Некалькі гадоў таму, калі толькі-толькі пачаў развівацца інтэрнэт, Віктар Уладзіміравіч Шэйман прывёў іх і кажа: паглядзіце, ну вельмі разумныя хлопцы, шмат чаго могуць. І я іх падтрымаў — адну групу, другую, трэцюю. Хтосьці пайшоў, але многія засталіся працаваць у дзяржаўных структурах. І нам зайздросцяць іншаземцы, тыя ж амерыканцы".

Нагадаем, 13 чэрвеня сайт прэзідэнта Беларусі быў недаступны. Прыкладна дзве трэці зваротаў да рэсурсу былі безвыніковыя; сервер выдаваў адказ Unknown reason (невядомая прычына). За паўтары гадзіны на сайт было "скінута" паўтара мільярда запытаў. Амаль палова запытаў адпраўлялася з сервераў Паўночнай Амерыкі.

На рэсурсе putinvzrivaetdoma.org было абвешчана, што цяжкасці з доступам да сайта беларускага прэзідэнта з`яўляюцца вынікам арганізаванай DDOS-атакі. "Паспяхова ўзарваны сайт прэзідэнта Беларусі president.gov.by. Жадаем беларусам найхутчэйшага выхаду з крызісу і новага, адэкватнага лідара", — гаварылася ў паведамленні на сайце.

У гэты момант putinvzrivaetdoma.org недаступны. 15 чэрвеня пры загрузцы гэтага сайта беларускі карыстальнік перанакіроўваўся на сайт прэзідэнта Беларусі.

Вольга Пруднікава, БелаПАН
Мінск, 17 чэрвеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/455/7254
Текущая дата: 24.12.2024