Белорусский портал в Казахстане

У замежную вандроўку — з двайной дозай вакцыны супраць адзёру



Распаўсюджванне ў Еўрапейскім рэгіёне адзёру набывае маштабы эпідэміі: звесткі пра пацверджаныя сёлета выпадкі захворвання на адзёр накіравалі ў Еўрапейскае бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ўжо 38 еўрапейскіх краін. З пачатку года вірусы адзёру сталі прычынай захворвання тысяч непрышчэпленых людзей на еўрапейскім кантыненце.

Самая вялікая колькасць захварэлых зарэгістраваная ў Францыі, Іспаніі, Швейцарыі і Сербіі. Так, у Францыі за першыя тры месяцы сёлета зарэгістравана 7500 захварэлых, а за ўвесь 2010 год — 5090. У Іспаніі ўспышкі адзёру доўжацца з кастрычніка 2010 года і на гэты момант колькасць захварэлых перавысіла 850 чалавек. Значны рост колькасці захварэлых быў зафіксаваны ў Германіі, Даніі, Нарвегіі, Расійскай Федэрацыі, Румыніі, Вялікабрытаніі, Фінляндыі, Швецыі, Балгарыі, Бельгіі, Турцыі і іншых краінах рэгіёна. Самай уразлівай да адзёру групай сталі маладыя людзі ва ўзросце плюс—мінус 20 гадоў.

Эпідэміёлагі мяркуюць, што маштабныя і працяглыя ўспышкі адзёру будуць доўжыцца і далей у тых геаграфічных рэгіёнах, дзе ўзровень ахопу насельніцтва дзвюма дозамі вакцыны з адзёрным кампанентам складае менш як 95 працэнтаў.

Улічваючы, што наперадзе ва ўсіх нас — летні сезон і многія беларусы плануюць выехаць на адпачынак за межы краіны, медыкі лічаць неабходным нагадаць, што папярэдзіць захворванне на адзёр можна з дапамогай вакцынацыі. Для папярэджвання інфіцыравання людзям, не прышчэпленым супраць адзёру, якія не хварэлі на яго раней, а таксама тым, хто прышчапляўся ад інфекцыі толькі аднаразова, трэба перад замежнай паездкай прышчапіцца ў арганізацыі аховы здароўя па месцы жыхарства. Пры вяртанні дамоў неабходна памятаць, што любое павышэнне тэмпературы цела ці з`яўленне іншых неўласцівых змяненняў у стане здароўя могуць быць прыкметай заражэння небяспечнымі інфекцыйнымі захворваннямі. Таму для своечасова распачатага лячэння трэба неадкладна звярнуцца па медыцынскую дапамогу, выклікаць урача на дом і падрабязна расказаць яму аб умовах знаходжання ў замежнай краіне...

Надзея Нікалаева
Звязда, 1 чэрвеня 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/456/6871
Текущая дата: 24.12.2024