Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка патрабуе закрыць шэраг беларускіх і замежных СМІ



На нарадзе аб бягучай сітуацыі на спажывецкім і валютным рынку Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў закрыць шэраг сродкаў масавай інфармацыі.

"Больш за ўсё істэрыі ў расійскіх сродках масавай інфармацыі, — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Я назіраў і за нашымі, перш за ўсё замежнымі, якія тут дзякуючы Адміністрацыі прэзідэнта сталі пануючымі сродкамі масавай інфармацыі, і за зарубежнымі. На другім месцы — нашы, якія выдаюцца тут. Я іх не называю, каб не ствараць ім рэйтынг, але зрабіце ўсё, каб гэтыя СМІ больш не прысутнічалі на нашай тэрыторыі".

"І не таму, што мы хочам закрыць рот. Не, — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. — Падкрэсліваю: я за імі ўважліва назіраў, увесь ажыятаж пачаўся адтуль".

Лукашэнка працытаваў некаторыя апошнія публікацыі ў СМІ. "Возьмем самыя ашалелыя — расійскія сродкі масавай інфармацыі. У прыватнасці, мяне папракаюць у тым, што я тэрмінова пакінуў краіну і ўцёк (маецца на ўвазе камандзіроўка ў Казахстан). Яны нават забылі, што такія камандзіроўкі плануюцца за год, ды і куды ні бяжы, усё роўна прыйдзецца вяртацца ў краіну. Абвінавачваюць і Мясніковіча, і Пракаповіча, што сядзяць як мышы пад венікам", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Лічаць, колькі мы страцілі ў эканоміцы ў выніку дэвальвацыі. Папракаюць, што мы будзем шантажыраваць Расію. Не ведаю, якія ў нас рычагі, каб шантажыраваць велізарную краіну", — заўважыў Лукашэнка.

Сярод абвінавачанняў, што гучалі ў адрас уладаў, ён назваў і павышэнне зарплаты ў канцы мінулага года. "Ну і выснова: павіншаваў Грузію і грузінскі народ з Днём незалежнасці — і на абодвух абрушылася рэвалюцыйная хваля, якая разваліла міфы, што выбудоўваліся гадамі, і мы апынуліся братамі па лёсах", — сказаў Лукашэнка.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 27 мая 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/457/6742
Текущая дата: 24.12.2024