Белорусский портал в Казахстане

Дзень Перамогі ў Беларусі



"Перамога ў вялікай айчыннай вайне — самая значная падзея ў найноўшай гісторыі чалавецтва"

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 мая па традыцыі прыняў удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах у гонар Дня Перамогі.

Кіраўнік дзяржавы ўзначаліў урачыстае шэсце па праспекце Незалежнасці ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Перамогі. У першых шарэнгах святочнай калоны прайшлі Героі Савецкага Саюза, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і Узброеных Сіл, вышэйшыя службовыя асобы краіны. Ветэраны ехалі і на аўтамабілях УАЗ, а для тых, хто па стане здароўя не змог прыняць удзел у шэсці, на плошчы Перамогі зрабілі спецыяльныя трыбуны. Усяго на святочныя мерапрыемствы ў цэнтры сталіцы сабралася амаль 80 тысяч чалавек.

Прэзідэнт усклаў вянок да манумента Перамогі. Да помніка таксама ўсклалі вянкі і кветкі прадстаўнікі структур дзяржкіравання, грамадскіх аб`яднанняў, дыпламатычнага корпуса, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, духавенства.

Аляксандр Лукашэнка і ўсе прысутныя на плошчы Перамогі ўшанавалі памяць загінулых герояў мінутай маўчання.

Кіраўнік дзяржавы цёпла пагутарыў з ветэранамі, кіраўнікамі дыпламатычных місій, якія прынялі ўдзел ва ўрачыстасцях.

Прэзідэнт таксама па традыцыі падзяліўся з журналістамі сваімі ўражаннямі ад свята.

Паводле яго слоў, Беларусь заўсёды будзе захоўваць памяць аб подзвігу беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У краіне ўжо зроблена і робіцца нямала для гэтага. У рэспубліцы няма ні аднаго недагледжанага помніка, узводзяцца новыя. У Мінску пачата будаўніцтва новага будынка музея Вялікай Айчыннай вайны.

"І мы гэта робім сёння яшчэ і таму, што ў грамадстве жыве даніна павагі да тых людзей, якія прынеслі нам свабоду. Паглядзіце, колькі дзяцей і моладзі сёння на праспекце, яны ўсё разумеюць, яны гавораць, як яны ўспрымаюць тую Перамогу, як ваявалі іх дзяды і прадзеды. Гэта дарагога каштуе. Значыць, у хлопчыка ўжо з 5-7 гадоў закладваецца даніна павагі да ветэранаў, да таго, каб ён шанаваў гэту Вялікую Перамогу", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Дзякуючы той Перамозе мы стварылі нашу дзяржаву, мы ўмацавалі яе, — адзначыў Прэзідэнт. — Каб гэту памяць захаваць, у Беларусі робіцца больш, чым у любой іншай краіне".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што неабходна захаваць усё тое, што сведчыць аб подзвігу беларускага народа ў той крывавай вайне.

Прэзідэнт лічыць, што Дзень Перамогі — гэта агульнае аб`яднальнае свята і беларусаў, і еўрапейцаў. "Ваявалі і гінулі не толькі савецкія людзі. Яны, вядома, адыгралі галоўную ролю, але з ворагам біліся і ў Германіі антыфашысты, камуністы, антыфашысцкі Рух супраціўлення быў масавым у Заходняй Еўропе. Гэта дарагога каштуе, асабліва калі мы перайшлі граніцу і рушылі да Берліна, мы адчувалі дапамогу. Вызваленчая армія Югаславіі, іншыя групы, армія Польшчы — яны ж таксама, няхай з нашай падтрымкай, нашай дапамогай, інакш і быць не магло, таму што цяжка было змагацца ў акупацыі, але яны змагаліся", — сказаў Прэзідэнт.
Гаворачы аб цяперашнім этапе адносін Беларусі з Еўрасаюзам, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Ніякага Рубікона мы не пераходзілі, але вельмі ўжо імкнецца хтосьці яго перайсці з таго боку.

Ну што ж, мы гатовы да ўсяго. Але не хацелася б. Не хацелася б не тое каб гарачай вайны, не хацелася б наогул ніякіх войнаў. Нам хацелася б, каб было спакойна, ціха, каб мы спакойна, ціха гадавалі сваіх дзяцей, развівалі сваю эканоміку, прамысловасць, сельскую гаспадарку, будавалі жыллё, а не разбуралі яго".

"Калі нас чуюць, калі ласка, мы адкрыты для гэтага дыялога. Калі нас не хочуць чуць, ну што ж, мы гэта прымаем да ведама", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем адзначыў: "Жудасна гучыць, я ў сродках масавай інфармацыі прачытаў: аказваецца, дзесьці ў Еўрапарламенце, яшчэ ў нейкай структуры разглядаецца беларускае пытанне. Гэта сведчыць аб тым, што мы так і не зрабілі ніякіх вывадаў з таго, што было ў той жахлівы час. На жаль, гэта так".

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Звязда
11 мая 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/458/6361
Текущая дата: 24.12.2024