Белорусский портал в Казахстане

У Менску ўшануюць мітрапаліта Мэльхісэдэка



У траўні Менску адбудзецца канфэрэнцыя, прысьвечаная 80-годзьдзю з дня пакутніцкай сьмерці беларускага праваслаўнага царкоўнага дзеяча, мітрапаліта Менскага і Беларускага Мэлхісэдэка.

Як паведаміў праваслаўны сьвятар айцец Леанід Акаловіч, удзельнікі канфэрэнцыі раскажуць пра радаслоўную, жыцьцё, дзейнасьць і барацьбу Мэлхісэдэка за Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву супраць прамаскоўскай бальшавіцкай улады і царкоўных "рэвалюцыянэраў-абнаўленцаў", аб тым, як Мэлхісэдэк любіў Беларусь і выступаў за яе незалежнасьць. Як адзначыў айцец Леанід, з 1919 па 1925 год Мэлхісэдэк жыў у цэнтры Менску ў так званым архірэйскім доме. На гэтым будынку па праспэкце Незалежнасьці, у якім цяпер знаходзіцца тэалягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, у пэрспэктыве мяркуецца устанавіць мэмарыяльную дошку, сказаў сьвятар.

Паводле яго слоў, да канфэрэнцыі будзе выраблены памятны мэдаль для ўзнагароджаньня тых, хто вызначыўся ў адраджэньні Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, а таксама вучоных і прадстаўнікоў грамадзкасьці, якія ўнесьлі ўклад ва ўвекавечаньне памяці царкоўнага дзеяча. Удзельнікам канфэрэнцыі будзе прадстаўлены партрэт Мэлхісэдэка, напісаны жывапісцам, старшынём суполкі "Пагоня" Беларускага саюза мастакоў Генадзем Драздовым.

Мітрапаліт Мэлхісэдэк (сьвецкае імя Міхаіл Паеўскі) нарадзіўся каля 1878 году, у маёнтку Вітулін Люблінскага ваяводзтва Польшчы. Памёр 17.05.1931.

Пасьля заканчэньня Казанскай духоўнай акадэміі Мэлхісэдэк выкладаў у Магілёўскай духоўнай сэмінарыі, быў настаяцелем магілёўскага Багаяўленскага манастыра, япіскапам Таўрычным, архіяпіскапам Астраханскім, вікарным япіскапам Слуцкім, япіскапам Менскім і Тураўскім. Зь ліпеня 1922 году — мітрапаліт Менскі і Беларускі. Прыхільнік абвяшчэньня Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 1925 годзе прыгавораны да трох гадоў зьняволеньня ўмоўна па абвінавачаньні "ў крадзяжы царкоўнай маёмасьці" і "контррэвалюцыйнай прапагандзе". Сасланы ў Сыбір, дзе быў прызначаны архіяпіскапам Краснаярскім. З 1930 году — у Маскве, абраны ў Сынод Рускай праваслаўнай царквы. Раптоўна памёр у Дарагамілаўскім саборы. Прылічаны да пакутнікаў РПЦ.

Радыё Свабода
4 траўня 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/459/6268
Текущая дата: 23.12.2024