Ужо за сто-дзвесце метраў да пункта прызначэння Таццяна прыслухоўваецца, адрознівае галасы падапечных. Яна ўваходзіць на тэрыторыю і патанае ў гуле прывітальных галасоў. Яе зачакаліся. У руках — «прылада працы» на бліжэйшыя дзве-тры гадзіны. Гэта павадок...
— Знаёмцеся, Джонік, — прадстаўляе першага падапечнага і ледзь паспявае за трохлапым сабакам. — Яго прывезлі параненым, высветлілася, што нехта страляў, лапу ампутавалі. Сабака вельмі жвавы, жыццярадасны. Яму абавязкова трэба гуляць, рухацца. Каб не было далейшых праблем.
У гэтыя дні Гомель моцна заснежыла. Джонік цешыцца, фырчыць, апускаючы нос у снег, радуецца прагулцы.
— Зараз выдасць сябе, — усміхаецца Таня, паказвае на сабаку, які «гуляе» лежачы. — Гэта так хоча пажаліцца. Вось так амаль з кожным сабакам. Насамрэч, ім не столькі хочацца пабегаць ці зрабіць свае натуральныя справы, колькі хочацца ўвагі, ласкі: падстаўляць спіну, каб гладзілі, чухалі бакі.
Крыху больш за год таму гамяльчанка Таццяна Назаранка ўпершыню прыйшла на арандаваную пляцоўку валанцёрскай ператрымкі безгаспадарчых сабак «Куток надзеі». Проста паглядзець, што такое валанцёрская работа з жывёламі, і... засталася.
— Трапіла да «сабачуль», як я іх называю, па запрашэнні знаёмай, якая ўжо доўгі час дапамагае «Кутку надзеі», — тлумачыць Таццяна. — Я вельмі баялася сабак, але хацела быць карыснай. Высветлілася, што для жывёл важна, каб з імі гулялі, размаўлялі, часалі ім за вушкам. Калі толькі прыйшла, то гуляла са старэнькімі сабакамі. Паціху абвыкала і ўжо цяпер не баюся іх наогул. Прыйшло разуменне, што калі сабака захоча ўкусіць, то ён спачатку папярэдзіць.
Вось ужо больш за год кожны свой выхадны Таццяна праводзіць тут. Яна дапамагае з выгулам.
— Частка сабак утрымліваецца ў будках, што размешчаны ў доўгіх, працяглых выгульніках.
У іх больш прасторы, і гуляць з імі можна не так часта. Другая частка сабак знаходзіцца ў невялікіх вальерах і іх вельмі важна выводзіць. Гэта не толькі магчымасць спакойна пачысціць вальер, але і пытанне клопату пра жывёл.
У звычайным жыцці Таццяна — спецыяліст бьюці-індустрыі. Яна самазанятая, аказвае касметычныя паслугі, працоўны графік у яе вельмі шчыльны, а выхадны, часцей за ўсё, адзін у тыдзень. Але дзве-тры гадзіны ў гэты выхадны ў любое надвор’е, у любым настроі і пры любым самаадчуванні яна выгульвае сабак. На сёння такім валанцёрскім дзяжурствам яна аддала звыш 160 сваіх гадзін. За год праз яе рукі прайшлі каля дваццаці сабак.
— Адно з самых частых пытанняў мне: як я свой цёплы, утульны кабінет, беленькі халацік мяняю на ўсё гэта? — прызнаецца Таццяна. — Дапамагаць не цяжка. Мяне радуе, што я таксама крыху датычная да важнай справы. Людзей, якія на валанцёрскіх пачатках хочуць дапамагаць у добрай справе, шмат. Валанцёрская праца з жывёламі можа быць вельмі рознай. Гэта дапамога з кормам, уборкай, шыццём папонак, уцяпленнем будак, выгулам…
Трэба разумець, што дапамога безгаспадарчым жывёлам — дастаткова цяжкая і брудная праца, якая, да таго ж, патрабуе дакладнай дысцыпліны. Кожны валанцёр павінен дакладна захоўваць правілы паводзін, ведаць, як уваходзіць у вальер, як з яго выходзіць. Ёсць сабакі, якія вельмі баяцца гукаў, шуму.
Таня кліча на прагулку Стрэлку. З гэтым сабакам давялося запасціся цярпеннем.
— Жывёла маладая, і адразу відаць, што яе або білі, або спалохалі. Стрэлка наша наогул не рухаецца, калі глядзяць ёй у вочы, прыціскаецца да зямлі, хавае мыску. Я доўга шукала да яе падыход. Цяпер сабака ўжо дае сябе пагладзіць, выходзіць на мой голас з будкі, але трэба быць вельмі чулым, бо тут многія жывёлы псіхалагічна траўмаваны, — расказвае валанцёр.
Руды маладзенькі Рыч, што жыве ў адным вальеры са Стрэлкай, зусім іншы па характары, вельмі жвавы. За змену Таццяна звычайна паспявае выгуляць да васьмі-дзесяці сабак. Ёсць у яе ўлюбёнцы, з якімі гуляе абавязкова. Не так даўно адна з такіх — Муха — знайшла сям’ю. Для валанцёра гэта велізарная радасць і ў той жа час сум расстання. Муха, кажа Таццяна, навучыла яе не баяцца сабак, паказала, што такое, калі цябе чакаюць, любяць, пазнаюць здалёк твае крокі. Сваіх падапечных валанцёр ужо не можа падвесці.
— Ведаю, што гэта збітая фраза: «дапамогі маленькай не бывае». Але гэта так. Можна прыйсці, каб проста паглядзець, вызначыць, ці гатовы ты да такой справы, чым канкрэтна можаш дапамагчы. Бо многія думаюць, што дапамагаць безгаспадарчым жывёлам — гэта абавязкова ахвяраваць грошы або адразу прыехаць і забраць дадому жывёлу. Насамрэч, мае значэнне любая ўвага, хаця б крыху твайго часу. Прыйшоў і пагуляў з адным сабакам, ці паглядзеў і расказаў знаёмым, калегам, дзякуючы чаму жывёла знойдзе дом. Калі чалавек нават адзін раз пагуляе — ужо выдатна, — перакананая гамяльчанка.
Таня падчас прагулак здымае відэа і выкладвае ў сацыяльныя сеткі. Так больш людзей даведваюцца пра сабак, якія шукаюць надзейны дом.
— Мая любімая Муха менавіта так знайшла новых гаспадароў. Вельмі прыемна, калі можаш дапамагчы гэтым жывёлам. Напрыклад, мая кліентка — настаўнік пачатковых класаў, расказала аб валанцёрстве вучням. Дзеці папрасілі зняць для іх відэа і расказаць пра сабак, з якімі я гуляю. Паглядзелі ролік і бацькі. Па сутнасці, усе яны ўжо сталі валанцёрамі, бо захацелі дапамагчы жывёлам. Дзеці запісалі для мяне відэа ў адказ. Гэта было вельмі кранальна. Час ад часу вучні і бацькі збіраюць грошы, купляюць і перадаюць корм для сабак. Сярод маіх знаёмых ёсць тыя, хто таксама захапіўся валанцёрствам: яны прыходзяць даглядаць сабак і гуляць з імі, — шчыра радуецца Таццяна Назаранка.
Аўтар: Наталля Капрыленка
Звязда, 1 снежня 2023
Звязда, 1 снежня 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/46/71612
Текущая дата: 26.12.2024