Белорусский портал в Казахстане

Любая колькасць алкаголю наносіць шкоду здароўю



Беларуская Дзяржава прызнала, што здароўе і бяспека насельніцтва важней за інтарэсы вытворцаў алкаголю. Пацвярджэннем таму — Дзяржаўная праграма нацыянальных дзеянняў па папярэджванні і пераадольванні п`янства і алкагалізму на 2011-2015 гады.

Перш за ўсё, згаданая праграма дае азначэнне тэрміну "алкаголь". Так што цяпер вытворцам слабаалкагольнага піва не выпадае залічваць апошняе ў шэрагі проста напояў, тым больш карысных. Напой, які ў любой дазіроўцы ўтрымлівае этылавы спірт і, адпаведна, выклікае ап`яненне, а пры злоўжыванні выклікае алкагалізм, з`яўляецца алкаголем (а дакладней, арганічным растваральнікам), а значыць, ні ў якім разе не з`яўляецца прадуктам харчавання! Алкаголь абавязкова пакідае разбуральны след у арганізме. Размова толькі аб тым, наколькі разбуральны. А вось гэта сапраўды залежыць ад дозы.

Паводле слоў галоўнага нарколага Міністэрства аховы здароўя Беларусі Аляксея Аляксандрава, існуе цэлы пералік захворванняў, пры якіх алкаголь нельга ўжываць у прынцыпе. Узяць хоць бы хваробы сэрца, сардэчна-сасудзістай сістэмы. Ужыванне такімі пацыентамі алкаголю адназначна павышае іх шанцы заўчасна памерці ад, скажам, раптоўнага спынення сэрца, інфаркту ці інсульту. Рэкамендацыя ў дачыненні да алкаголю, як адзначаюць нашы нарколагі, можа быць адна: чым менш, тым лепш.

Наогул лічыцца, што ў любым грамадстве каля 25 працэнтаў ігнаруюць алкаголь цалкам, гэта значыць, вядуць цвярозы лад жыцця. З астатніх 75-ці — 20 працэнтаў выпіваюць каля 80 працэнтаў вырабленага алкаголю. Зразумела, што далёка не ўсе гэтыя 20 працэнтаў дажывуць непасрэдна да алкагалізму — найбольш рэальнай для іх уяўляецца заўчасная гібель ад іншых захворванняў, справакаваных празмерным ужываннем алкаголю.

Мэта дзяржаўнай праграмы — вельмі простая. Знізіць ужыванне алкаголю і зменшыць негатыўныя наступствы ад гэтага ўжывання. Вось толькі як гэтага дабіцца? Што характэрна, Беларусі не трэба тут нічога вынаходзіць.

— Сусветны вопыт барацьбы з алкагалізмам даказаў эфектыўнасць прафілактычных антыалкагольных праграм, — кажа намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Людміла Наройчык. — Такія праграмы дазваляюць знізіць распаўсюджанасць алкагалізму на 15 працэнтаў, страту непрацаздольнасці і інваліднасці — на 5, захваральнасць на саматычныя хваробы — на 25, рызыку траўматызму — на 10-15. Сусветны вопыт таксама паказаў, што эфектыўнасць розных мерапрыемстваў неаднолькавая. Найбольш эфектыўнымі з`яўляюцца высокае падаткаабкладанне алкагольнай прадукцыі, павышэнне ўзроставага цэнзу пры продажы алкагольнай прадукцыі да 21 года, абмежаванне доступу да спіртных напояў (часу і месца продажу), мерапрыемствы, скіраваныя на папярэджванне кіравання транспартным сродкам у нецвярозым стане, забарона продажу алкагольных напояў чалавеку, які знаходзіцца ў алкагольным ап`яненні, кантроль за рэкламай алкаголю і ранняе медыцынскае ўмяшанне, калі наркалагічная дапамога будзе эфектыўнай. Толькі растлумачальныя, інфармацыйныя мерапрыемствы па гэтай праблеме — пры адсутнасці забаронных мер — не даюць станоўчага эфекту...

Паступова, крок за крокам, Беларусь павінна прыйсці да змяншэння колькасці людзей, якія хварэюць на алкагалізм; злачынстваў, якія ўчыняюцца ў стане алкагольнага ап`янення; нешчаслівых выпадкаў на вытворчасці, звязаных з ужываннем алкаголю. Аднак ужо зараз маладыя людзі і іх бацькі павінны ўсвядоміць, што продаж алкаголю пасля 18 гадоў не азначае, што ў 20 ці 21 "можна і трэба". Злоўжыванне алкаголем ва ўзросце ад 18 да 21 года здольнае прывесці і прыводзіць да развіцця цяжкіх формаў алкагольнай залежнасці.

Дзяржава плануе заняцца ўкараненнем такой непапулярнай меры, як скарачэнне прапановы — змяншэнне колькасці гандлёвых кропак, дзе рэалізуецца алкаголь, а таксама павышэнне кошту на алкагольную прадукцыю нават пры тым жа аб`ёме алкаголю, які выпускаецца. Відавочна, неабходна яшчэ больш жорстка абмяжоўваць і тэлевізійны час для рэкламы такой прадукцыі.

"Сёння да 30 працэнтаў прадукцыі ў харчовых магазінах могуць складаць алкагольныя напоі, — адзначае кіраўнік Цэнтра маніторынгу наркалагічнай сітуацыі РНПЦ псіхічнага здароўя Сяргей Осіпчык. — Гэта недапушчальна. У Швецыі, скажам, існуе дзяржаўная манаполія на продаж алкаголю. У шведскім харчовым магазіне можна знайсці толькі слабаалкагольнае піва. На астатнія алкагольныя напоі існуе дзяржаўная манаполія, і таму яны прадаюцца ў асобных магазінах, у пэўны час, пэўным людзям. Мы пакуль толькі ідзём да гэтага...".

Паводле замежных звестак, 38 працэнтаў агульнабальнічных затрат звязаны з п`янствам і алкагалізмам. Створаны летась Цэнтр маніторынгу наркалагічнай сітуацыі будзе займацца падобнымі падлікамі, у тым ліку рэнтабельнасцю мерапрыемстваў, скіраваных на зніжэнне ўжывання алкаголю і змяншэнне негатыўных наступстваў.

Святлана Барысенка
Звязда  4 лютага 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/466/4239
Текущая дата: 23.12.2024