Навагодняя ноч для жыхароў палігона цвёрдых бытавых адходаў "Паўночны" мала чым адрозніваецца ад звычайных зімовых начэй. Галоўнае — не замерзнуць.
Бомж Аляксандр, ці, як ён назваўся, "чалавек без пашпарта", жыве на палігоне "Паўночны" ўжо дзесяць гадоў. Зімой такіх, як ён, тут жыве каля дваццаці чалавек, летам — значна больш. Палова з гэтых двух дзясяткаў жывуць тут не адзін год.
Жыве Аляксандр ва ўласнаручна пабудаванай будцы — "будзе", як называе яе гаспадар. Яна прымасцілася побач з велізарным рукатворным курганам са смецця, якое вывозіцца з Мінска на працягу многіх гадоў. "Буда" саграваецца буржуйкай, знойдзенай тут жа, на звалцы. На ёй можна прыгатаваць гарачую ежу і высушыць адзенне. Калі дровы згараюць, у жыллі становіцца амаль так холадна, як і на вуліцы, яно хіба што абараняе жыхара аб пранізлівага ветру з мяцеліцай. Спаць можна, толькі калі добра загарнуцца ў груду старога адзення і коўдраў.
За час жыцця Аляксандра на звалцы "буду" некалькі разоў з забавы падпальвалі падлеткі.
На звалцы Аляксандр займаецца нарыхтоўкай адходаў, за якімі прыязджаюць з Мінска скупшчыкі. Так, шклабой яны прымаюць па 100 рублёў за кілаграм, макулатуру — па 150 рублёў. Замест грошай могуць прывезці прадукты харчавання і спіртное.
Паводле слоў Аляксандра, сваім жыццём ён задаволены, паколькі адчувае сябе свабодным і нікому не абавязаным. "Там (у грамадстве — БелаПАН.) ад зарплаты да зарплаты жыві, хочаш — не хочаш, уставай на працу, а тут — чалавек, які ні за што не адказвае. Устаў, пайшоў — паеў. Прыйшоў — выпіў. Вось усё шчасце", — разважае Аляксандр.
Што пажадаў бы ён суайчыннікам у Новым годзе? "Па-першае, не трапіць сюды, ну і, канешне, шчасця і здароўя", — кажа Аляксандр.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/468/3553
Текущая дата: 23.12.2024