Белорусский портал в Казахстане

Новы кінаклімат?..



Да 17 снежня — Дня беларускага кіно, які сёлета мы адзначаем у 86 раз, — нашы кінематаграфісты звычайна робяць справаздачу пра тое, як прайшоў бягучы год і чаго чакаць ў беларускім кінематографе надалей.

У 2010 годзе "Беларусьфільм" і Белвідэацэнтр выпусцілі 12 мастацкіх фільмаў, 74 дакументальныя і 5 анімацыйных. У наступныя некалькі гадоў абяцаюць зрабіць усе захады для таго, каб колькасць беларускай кінапрадукцыі штогод павялічвалася.

— Міністэрства культуры распрацавала праграму развіцця айчынных кінапракатных арганізацый, паводле якой за пяць гадоў мы павінны ўсе кінатэатры прывесці ў адпаведны сучасным тэхнічным стандартам выгляд, — распавядае Андрэй Бычкоў, выканаўца абавязкаў дырэктара Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Беларусі. — Гэта патрэбна для таго, каб фільмы, якія ідуць у нашым пракаце, хоць бы на 40% акупляліся. А ў нас са 137 кінатэатраў толькі 40 у больш-менш нармальным стане, таму мы не можам паказаць фільм так, каб ён акупіўся. Нам трэба развіваць сістэму кінапракату ў рэспубліцы.

Сёння адпрацоўваецца нарматыўна-правая база для таго, каб замежныя і айчынныя прадзюсары зацікавіліся нашай кінавытворчасцю, каб з`явіліся дадатковыя грашовыя ўнёскі ў беларускае кіно.

У працэсе падрыхтоўкі Указ аб падтрымцы кінематаграфіі, які чакаюць у студзені наступнага года. Паводле яго, кінавытворчыя арганізацыі будуць плаціць паменшаныя падаткі. Такім чынам, павінен утварыцца вельмі добры інвестыцыйны клімат для стварэння добрага кіно. Дзяржавай будзе фінансавацца да 70% вытворчасці ігравых фільмаў. Астатнія 30% можна будзе атрымаць шляхам ільготнага крэдытавання альбо праз пазыку Фонда падтрымкі кіно, над стварэннем якога сёння працуе Міністэрства культуры. Мяркуецца, што будзе прадугледжана стапрацэнтнае фінансаванне анімацыйных і дакументальных фільмаў. Таксама мы збіраемся падтрымліваць стварэнне дэбютных фільмаў і вылучаць сродкі на фінансаванне студэнцкіх работ.

УП "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" плануе сумесную кінавытворчасць з некаторымі краінамі Еўропы. Магчыма, нават нашумелы 4-серыйны фільм "Каласы пад сярпом тваім" будзе стварацца пры ўдзеле польскага прадзюсара.

— Плануецца сумесная вытворчасць 4-серыйнага тэлевізійнага мастацкага фільма "Масква—Варшава. Транзіт". "Купала. Лёс песняра" — мае быць 4-серыйным мастацкім тэлевізійным фільмам нашай вытворчасці, але цалкам магчыма, што мы знойдзем нейкіх партнёраў, — распавядае Кацярына Панамарова, намеснік галоўнага рэдактара УП "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм". — Зараз у запуску знаходзіцца 4-серыйны тэлевізійны мастацкі фільм "Усё, што нам патрэбна" (рэж. Іван Паўлаў). У стане часовай кансервацыі зараз знаходзіцца містычная драма па матывах твораў Яна Баршчэўскага "Шляхціч Завальня", сцэнар да якога напісаў Артур Клінаў і які будзе ўвасабляць на экране Андрэй Кудзіненка. Гэты сцэнар складанапастановачны, таму часова праца над гэтым праектам спынена. Будзем прыцягваць партнёраў, паколькі заяўлены жанр прадугледжвае вельмі дасканалы і дакладны падыход да рэалізацыі. Каб у патэнцыйных гледачоў потым не было прэтэнзій да кінавытворчай арганізацыі, як адбылося з фільмам "Масакра".

Вольга Чайкоўская
Звязда
17 снежня 2010

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/469/3327
Текущая дата: 23.12.2024