Белорусский портал в Казахстане

"Беларусы замежжа": Амерыканскую кінакампанію Thе Wоrnеr Brоthеrs заснавалі беларусы



І гэта не міф, не мара і не навуковая фантастыка. Чатыры браты Уорнэры, нараджэнцы вёскі Краснасельцы Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці, якія мелі тады прозвішча Варона, пераехалі ў ЗША ў 1884 годзе. Менавіта яны стварылі адну з самых вядомых і ўплывовых кінакампаній свету.

Гэта звесткі, якія грунтуюцца на дакладных архіўных дакументах. Звесткі пра нашых знакамітых суайчыннікаў за мяжой сабрала ў фундаментальную навукова-папулярную кнігу "Беларусы замежжа" Наталля Голубева разам з вялікай камандай навукоўцаў, гісторыкаў, архівістаў. Сярод аўтараў — Наталля Гардзіенка, Мікола Нікалаеў, Аляксей Каўка, Алесь Карлюкевіч, Лявон Юрэвіч. Кніга, праца над якой вялася два гады, пабачыла свет на беларускай і рускай мовах нядаўна ў мінскім выдавецтве "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі". Дарэчы, адным з яе рэцэнзентаў з`яўляецца Адам Мальдзіс, славуты літаратуразнавец і гісторык, абазнаны ў жыцці суполак беларусаў у розных кутках свету.

— Наша самая галоўная гістарычная каштоўнасць — гэта беларусы, — адзначае Лілія Ананіч, першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь, — Беларусы, якія жывуць не толькі на тэрыторыі нашай краіны, але і за яе межамі. Прыйшоў час вярнуць кожнаму беларусу нашу гістарычную каштоўнасць. Гэтая кніга з`яўляецца гонарам не толькі для айчыннага, але і для сусветнага кнігавыдання. Таму выхад гэтай сацыяльна значнай кнігі падтрымала дзяржава.

Звесткі, сабраныя ў кнізе, сапраўды сведчаць пра тое, што беларусы — гэта каштоўная нацыя. Наш унёсак у развіццё сусветнай цывілізацыі не меншы, чым унёсак вялікіх немцаў, французаў, італьянцаў і іншых народаў. Проста мы, беларусы, народ сціплы: мала выбітнага пра сябе ведаем, не любім крычаць на кожным рагу пра свае дасягненні. А крычаць насамрэч ёсць пра што! Калі кожны беларус прачытае кнігу "Беларусы замежжа", то, магчыма, будзе значна больш ганарыцца сваёй этнічнай прыналежнасцю. Таму што акрамя непасрэднага дачынення нашых суайчыннікаў да заснавання адной з амерыканскіх кінакампаній, яны чаго яшчэ толькі ні дасягнулі! Сярод нараджэнцаў тэрыторыі сучаснай Беларусі: Нобелеўскія лаўрэаты; навукоўцы, якія паўплывалі на развіццё сусветнай навукі; прэзідэнты іншых краін! Мы ўсе ведаем пра беларуса Тадэвуша Касцюшку — нацыянальнага героя Польшчы і ЗША, якому ў сталіцы заакіянскай краіны стаіць помнік; пра Ігната Дамейку — беларускага, польскага і чылійскага грамадскага дзеяча, вучонага-геолага, падарожніка, мемуарыста, на пахаванні якога ў Чылі прысутнічаў сам прэзідэнт краіны і аб`явіў аб прысуджэнні нябожчыку звання нацыянальнага героя Чылі. Мы ведаем пра Станіслава Манюшку, Напалеона Орду, Жарэса Алфёрава, Марка Шагала... Але стваральнікі кнігі "Беларускае замежжа" капнулі яшчэ глыбей і вярнулі нам шмат слаўных імёнаў, якімі мы можам ганарыцца, пра якія можам распавядаць сваім дзецям і ўнукам, сябрам і знаёмым, турыстам і падарожнікам. Напрыклад, калі глядзім фільм вытворчасці "Уорнэр Бразэрс" альбо экспазіцыю твораў мастакоў пачатку ХХ ст. дзе-небудзь у Францыі...

— Мы як незалежная дзяржава — усё больш і больш звяртаем увагу на нашых суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой
— распавядае Уладзімір Шчасны, старшыня Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЭСКА, пасол па надзвычайных даручэннях Міністэрства замежных спраў Беларусі, — Важна адзначыць, што цяпер змяняецца стаўленне да беларускай дыяспары. Калі раней мы дбалі толькі пра беларусаў, то цяпер лічым, што павінны падтрымліваць не толькі беларусаў, а наогул нашых суайчыннікаў, якія нарадзіліся на тэрыторыі Беларусі, але адносілі сябе да іншых культур: польскай, рускай, яўрэйскай і г. д. І самае галоўнае — мы пачынаем будаваць нашы адносіны з суайчыннікамі на раўнапраўных асновах ва ўсіх галінах: і ў культуры, і ў эканоміцы. Мы ведаем, напрыклад, колькі нашых суайчыннікаў у Расіі сталі мільярдэрамі, але не чакаем ад іх грошай, мы чакаем супрацоўніцтва і ўзаемаразумення. Такія кніжкі дазваляюць пазнаёміцца з рознымі плынямі нашай дыяспары. І даведацца пра асноўныя групы нашых суайчыннікаў, якія жывуць у такіх краінах як Расія, Канада, Амерыка, Англія і г. д. Такія кніжкі пазбаўляюць нас ад комплексу непаўнавартасці: усё-ткі мы не заўсёды былі ў сусветным, еўрапейскім кантэксце. Але самі пра тое не здагадваючыся, мелі беларускіх мастакоў парыжскай школы ў Францыі, выдатных беларускіх дзеячаў кінематографа ў ЗША, нашых кампазітараў у Расіі...

"Беларусы замежжа" — кніга таўшчынёй каля 500 старонак. Вось некаторыя са шматлікіх легендарных беларусаў, пра якіх я пакуль паспела прачытаць:

*  Народнік, доктар М. Судзілоўскі (Русель) перабраўся ў Сан-Францыска ў 1887  г. Праз дзесяць гадоў ён пераехаў на Гаваі, дзе ў 1900 г. быў абраны прэзідэнтам Сената Гавайскіх астравоў;

*  Пачынальнікамі амерыканскай кінакарпарацыі Mеtrо-Gоldwіn-Mауеr (Метра Голдвін Маер) з`яўляюцца выхадцы з Беларусі: Л. Маер (Л. Меір; 1885 — 1957) з Мінска і М. Лоеў, чые продкі паходзілі з Гомельскага Палесся, з г. п. Лоеў. У пачатку ХХ ст. М. Лоеў стаў першым будаваць кінатэатры ў Амерыцы, якія напачатку мелі назвы "Лоеўз". Яго бізнэс у кінаіндустрыі настолькі пашырыўся, што яго сталі называць "львом амерыканскага кіно". Пасля стварэння "Метра Голдвін Маер" яе эмблемай стаў рыкаючы леў — даніна прызнання заслуг Лоева ў кіно;

*  Сярод першых перасяленцаў у незалежную дзяржаву Ізраіль быў ураджэнец мястэчка Лужкі тагачаснай Віленскай губерні Э. Бен-Іехуда (Л. Перэльман), стваральнік сучаснай мовы іўрыт;

*  Ля вытокаў стварэння яўрэйскай дзяржавы стаяў А. Усышкін (1863 — 1941), нараджэнец г. Дуброўна Віцебскай вобласці, імем якога названы вуліца і плошча ў Ізраілі;

*  Тры прэзідэнты Дзяржавы Ізраіль з`яўляюцца нараджэнцамі Беларусі: першы прэзідэнт краіны Х. Вейцман (1949 — 1952), трэці З. Шазар (1963 — 1973) і цяперашні Ш. Перас (з 2007).

Дазволю сабе невялікую лыжку дзёгцю: нязручная структура з`яўляецца адным з самых важкіх мінусаў кнігі: адсутнасць алфавітнага ўказальніка прозвішчаў усіх, пра каго змешчана інфармацыя ў кнізе, робіць пошук вельмі нязручным і вымагае шмат часу. Акрамя таго, некаторых імёнаў сапраўды выбітных беларусаў у кнізе чамусьці папросту няма. Магчыма, звесткі пра іх плануецца ўключыць у іншыя даследаванні, на якія спадзяецца Наталля Голубева, складальнік кнігі "Беларускае замежжа", намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльна-культурнай сферы апарата Савета міністраў, кандыдат гістарычных навук:

— Самай складанай задачай была — як змясціць у адным выданні ўнікальную багатую гісторыю нашай беларускай нацыі. Прыйшоў час збіраць камяні. Тая ўнікальная гісторыя, захавальнікамі якой сталі людзі, якія па самых розных прычынах вымушаныя былі пакінуць Беларусь, павінна быць агучана. Думаю, "Беларусы замежжа" — гэта толькі пачатак вялікай працы. І мы звяртаемся да ўсіх, хто мае нейкія новыя звесткі, матэрыялы — няхай гэты праект стане асновай для таго, каб мы папоўнілі свае веды пра гісторыю беларускага замежжа, каб пачаўся працэс збору новай інфармацыі.


Вольга Чайкоўская
Звязда
7 снежня 2010

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/470/3136
Текущая дата: 23.12.2024