Белорусский портал в Казахстане

У беларускіх кнігарнях зьявілася кніга расейскага гісторыка і публіцыста Роя Мядзьведзева «Аляксандар Лукашэнка. Контуры беларускай мадэлі».



85-гадовы аўтар не хавае, што адпачатку меў намер напісаць станоўчую кнігу пра беларускага лідэра, які спрычыніўся да пабудовы «квітнеючай дзяржавы». Між тым цягам некалькіх папярэдніх дзесяцігодзьдзяў Мядзьведзеў быў вядомы перадусім як апантаны змагар з аўтарытарнымі рэжымамі.

Зьмест кнігі «Аляксандар Лукашэнка. Контуры беларускай мадэлі» сугучны лексыцы, якою карыстаецца беларускае кіраўніцтва. Этапы росту вымяраюцца пяцігодкамі, а атрыманая ў спадчыну савецкая прамысловасьць падаецца як «эканамічны цуд». Асобныя часткі прысьвечаныя ўсталяваньню незалежнай дзяржавы, фармаваньню ўнікальнай эканамічнай мадэлі, узаемаадносінам з Расеяй і зьнешнім сьветам, супрацьстаяньню фінансаваму крызісу. На заканчэньне — штрыхі да палітычнага партрэта Лукашэнкі і прагноз разьвіцьця Беларусі на бліжэйшыя гады. Мядзьведзеў прызнаецца, што пісаў кнігу пад вялікім эмацыйным уплывам, які зрабіў на яго галоўны герой: Аляксандар Рыгоравіч — гэта апошні тып …

«Вядома, у мяне можа быць толькі самае станоўчае ўражаньне: падчас апошняй сустрэчы мы гаварылі сам-насам дзьве гадзіны. Ведаеце, ёсьць вельмі рэдкі тып лідэраў, здатных на гутарку, таму што ім цікавая думка суразмоўцы. Але яшчэ радзейшы выпадак лідэраў, якія хочуць суразмоўцу растлумачыць свой пункт гледжаньня, бо звычайна лідэр ня робіць гэтага. Дык вось, Аляксандар Рыгоравіч — гэта апошні тып. То бок ён ня толькі зь цікавасьцю слухаў тое, што я кажу, але і спрабаваў мне некаторыя рэчы растлумачыць. Для пісьменьніка гэта — найлепшы характар сустрэчы».

У кнігарнях «Контуры беларускай мадэлі» суседнічаюць з Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам Беларусі. Ці не пярэчыць гэта заканадаўству ў сьвятле хуткіх выбараў прэзыдэнта Беларусі? Аляксандар Лукашэнка афіцыйна не зарэгістраваны нават кандыдатам у прэзыдэнты, а агітацыя за яго фактычна ўжо распачатая. Экспэрт у галіне выбарчага заканадаўства Сяргей Альфер лічыць, што зьяўленьне кніжнай навінкі насьцярожвае перадусім з маральнага гледзішча:

"Гэта аўтарскі прадукт, і таму ён ня можа лічыцца агітацыяй. Па-першае, кніга рыхтавалася задоўга да выбараў і пасьпела так, як пасьпела. Па-другое, фармальна (а я думаю, што і рэальна) Аляксандар Лукашэнка ня меў дачыненьня да выпуску выданьня і перадачы асобнікаў у крамы. Аднак пры гэтым ёсьць пэўныя маральныя прынцыпы. Мне здаецца, што з гэтага гледзішча Лукашэнка павінен быў сказаць, што зараз, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, кніга ў кнігарнях не павінна была б зьяўляцца. Гэта выбары, і зьяўленьне такой кнігі можа пайсьці як на карысьць асобе, якой яна прысьвечаная, так і супраць яе. То бок, выбары — гэта настолькі крохкі элемэнт, дзе да канца не зразумела, што можа дапамагчы, а што будзе толькі перашкаджаць. Так што з гэтай кнігай яшчэ невядома: будзе яна зьяўляцца рэклямай для Лукашэнкі, альбо, наадварот, паслужыць збольшага антырэклямай«.

Ад сярэдзіны 1960-х і да канца 1990-х асоба Мядзьведзева атаясамлівалася з дэмакратычнымі зьменамі спачатку ў савецкім, а пасьля ў расейскім грамадзтве. Рэзкае стаўленьне да працэсаў, што адбываюцца за жалезнай заслонай, ён выказваў у самвыдатаўскіх альманахах «Палітычны дзёньнік» і «ХХ стагодзьдзе». За распаўсюд рукапісу «Да суду гісторыі: генэзіс і наступствы сталінізму» Мядзьведзева ў 1969 годзе выключылі з партыі, пасьля чаго за ім канчаткова замацавалася рэпутацыя дысідэнта. У 1970-м разам з Андрэем Сахаравым і Валянцінам Турчыным выступіў зь лістом да кіраўніцтва СССР пра неабходнасьць дэмакратызацыі савецкай сыстэмы. Пасьлядоўны крытык таталітарнай улады сталінскага тыпу, аўтар дасьледаваньняў эпохі Мікіты Хрушчова, палітычная біяграфія якога была перакладзеная і на беларускую мову. Плённа працаваў у суаўтарстве з братам Жарэсам, адзін са знакавых твораў — «Салжаніцын і Сахараў. Два прарокі».

Але ў новым тысячагодзьдзі з дысыдэнта, забароненага савецкай уладай, Рой Мядзьведзеў нечакана перакваліфікаваўся ў памяркоўнага палітычнага біёграфа. У ягоным багажы — пераасэнсаваньне ролі савецкага чэкіста, генэральнага сакратара ЦК КПСС Юрыя Андропава. Кніга «Андропаў. Невядомае пра вядомае» зьявілася нават у папулярнай сэрыі «ЖЗЛ» і атрымала прэмію ФСБ Расеі па літаратуры. Неўзабаве напісаньне хвалебных панэгірыкаў было пастаўлена на канвэер. У багажы Роя Мядзьведзева — чатыры кнігі пра іншага чэкіста, прэм’ер-міністра Расеі Ўладзімера Пуціна (адна зь іх таксама патрапіла ў збор «ЖЗЛ»). Ён жа — летапісец жыцьця свайго зорнага фамільята, расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева: за непрацяглы час Дзьмітрый Анатолевіч атрымаў ад Роя Аляксандравіча ўжо дзьве біяграфічныя кнігі.

Апошнім часам геаграфічная сфэра інтарэсаў Роя Мядзьведзева істотна пашырылася. Летась была прэзэнтаваная ягоная кніга, прысьвечаная казахстанскаму лідэру: «Нурсултан Назарбаеў. Казахстанскі прарыў і эўразійскі праект». На стадыі падрыхтоўкі — матэрыял пра іншага сярэднеазіяцкага кіраўніка, прэзыдэнта Ўзбэкістану Іслама Карымава, чый стыль у Эўропе называюць няйначай як нэасталінісцкім.

Дарэчы, зьяўленьне кнігі пра Аляксандра Лукашэнку — наўпроставая заслуга яшчэ аднаго героя мядзьведзеўскай публіцыстыкі, былога маскоўскага мэра Юрыя Лужкова («Маскоўская мадэль Лужкова», 2005. «Юрый Лужкоў і Масква», 2008). Мядзьведзеў нядаўна прызнаўся: у Расеі не было ахвотных друкаваць станоўчую кнігу пра Лукашэнку. Лужкоў жа ня толькі знайшоў варыянты, але замовіў некалькі тысяч асобнікаў для сталічных бібліятэк. Праўда, ці будуць яны запатрабаваныя пасьля адстаўкі Лужкова?

Вядомы беларускі публіцыст Анатоль Казловіч так ацэньвае нечаканыя мэтамарфозы ў творчасьці Роя Мядзьведзева:

«Я вельмі паважаю гэтага чалавека, памятаю, якія кніжкі былі ў яго на пачатку перабудовы — пра культ асобы, пра сталінізм. Я зачытваўся гэтымі кнігамі, і гэты аўтар наўпрост асацыюецца ў мяне з тымі шчасьлівымі гадамі. Ну, а зараз тое, што ён палюбіў пісаць пра вядомых новых палітыкаў, пра нэадыктатараў (нейкія ўрыўкі я чытаў раней) — дык хто яго ведае? Ці гэта маразм, ці гэта перабудова псыхалягічная, ці гэта перабудова ідэалягічная ў чалавеку? Але на ўсё, што я назваў — на маразм, на псыхалягічную і ідэалягічную перабудову — чалавек мае права. І Рой Мядзьведзеў таксама, ніхто такое права не забіраў. Я думаю, што Мядзьведзеў ня стаў іншым. Але ж нейкі адчай, які ўва ўсіх нас зараз існуе (спадзяваліся на нешта надзвычай добрае і сьветлае — не адбылося)… І, можа, гэты адчай, няспраўджаныя спадзяваньні прымусілі яго падгледзець нейкія ідэалы ў асобах, якіх ён зараз вырашыў зрабіць гістарычнымі асобамі і ў якіх пэўны ідэал знайшоў. Цяпер жа ён спрабуе гэты ідэал навязаць сваім чытачам. Няхай піша. Можа, урэшце гэта яму самому надакучыць».

На ніве жыцьцяпісу прэзыдэнта Лукашэнкі адзначылася ўжо багата аўтараў. Прычым танальнасьць аповедаў палярна розная — ад напаўананімнага «Нашэсьця», «Выпадковага прэзыдэнта» Паўла Шарамета і Сьвятланы Калінкінай і грунтоўнага дасьледаваньня Аляксандра Фядуты да ўзьнёслай публіцыстыкі Ўладзімера Якутава, Міхася Шэлехава і Міколы Жыгоцкага. У музычную культуру свой унёсак зрабілі Эдуард Ханок з творам «Таварыш прэзыдэнт» і Анатоль Ярмоленка зь песьняй «Слухай Бацьку».

04 лістапада 2010
Ігар Карней
Радыё Свабода



Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/474/2590
Текущая дата: 22.12.2024