Белорусский портал в Казахстане

Выдадзены збор выбраных твораў Казіміра Сваяка



У выдавецтве “Беларускі кнігазбор” выйшла кніга выбраных твораў Казіміра Сваяка. Выданьне стала 54-м томам у сэрыі “Беларускі кнігазбор” і налічвае 480 старонак.

У кнігу ўвайшлі зборнік вершаў “Мая ліра”, філясофскі дзёньнік “Дзея маёй мысьлі, сэрца й волі”, п’еса “Янка Канцавы”, драматычная паэма “Купальле”. Таксама зьмест кнігі склалі вершы й публіцыстыка паэта.

Упершыню ў гістарыяграфіі сучаснай Беларусі творчая спадчына паэта-сьвятара выдадзена асобнай кнігай.

“У савецкі час творчая спадчына Сваяка не выдавалася ні разу, таму для многіх, асабліва маладых чытачоў, кніга можа стаць вялікім адкрыцьцём”, - упэўнены паэт Кастусь Цьвірка.

Казімір Сваяк — паэтычны псэўданім каталіцкага сьвятара й публіцыста Канстанціна Стаповіча, якога лічаць адным з пачынальнікаў духоўна-ірацыянальнай плыні ў заходнебеларускай паэзіі пачатку XX ст. Казімір Сваяк быў найбольш вядомы як папулярызатар беларускай мовы, ён карыстаўся ёю ня толькі ў паўсядзёньным жыцьці, але і ў літургічных цэлебрацыях.

Catholic.by
5 кастрычніка 2010


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/477/2211
Текущая дата: 22.12.2024