Белорусский портал в Казахстане

Беларусь гатова запрасіць экспертаў-крыміналістаў з краін АБСЕ для расследавання прычын смерці Алега Бябеніна



Беларусь гатова запрасіць экспертаў-крыміналістаў з краін — членаў АБСЕ для расследавання прычын смерці журналіста Алега Бябеніна, кіраўніка апазіцыйнага інтэрнэт-рэсурсу "Хартыя`97".

Як паведаміў 9 верасня на брыфінгу прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, ужо сёння да абеду адпаведная заява ад імя беларускага боку будзе зроблена на пленарным пасяджэнні Пастаяннага савета АБСЕ ў Вене.

"Кампетэнтныя органы Беларусі максімальна кампетэнтна падышлі да расследавання гэтай справы, — сказаў Савіных. — Запрашэнне знешніх экспертаў — беспрэцэдэнтны крок не толькі для Беларусі, але і для краін Еўропы. Ён прадыктаваны нашай заклапочанасцю ў сувязі з інсінуацыямі, што пачалі з`яўляцца не толькі ў СМІ, але і ў заявах міжнародных структур".

Савіных таксама паведаміў, што цяпер у МЗС Беларусі знаходзяцца паслы замежных дзяржаў, да якіх будзе даведзена пазіцыя Беларусі па гэтым пытанні.

Як паведамлялася раней, цела Алега Бябеніна было знойдзена ў 19 гадзін 3 верасня ў дачным доме, што ў Дзяржынскім раёне. "Бябенін вісеў на самаробнай пятлі, прымацаванай да лесвічнага пралёту, што вядзе на другі паверх дома. Побач знаходзіўся перакулены табурэт", — расказаў БелаПАН начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Мінаблвыканкама Аляксандр Данільчанка.

Экспертыза ўстанавіла, што прычынай смерці Алега Бябеніна з`яўляецца асфіксія з прычыны задушэння пятлёй пры павешанні, паведаміў БелаПАН пракурор Дзяржынскага раёна Сяргей Каўрыгін. Паводле яго слоў, эксперты ўстанавілі, што, акрамя странгуляцыйнай баразны на шыі, іншых пашкоджанняў на целе Бябеніна няма. У Генпракуратуры паведамілі, што ў першую чаргу разглядаецца версія пра самагубства.

Сябры, сваякі і калегі загінулага сумняваюцца ў тым, што апазіцыйны журналіст мог развітацца з жыццём добраахвотна. Паводле слоў яго калегаў, у Бябеніна не было ніякіх матываў для самагубства, а афіцыйныя дакументы пра яго смерць утрымліваюць шэраг супярэчнасцяў, якія прымушаюць сумнявацца ў афіцыйнай версіі трагедыі.

Старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек заклікаў улады Беларусі правесці "поўнае і празрыстае" расследаванне акалічнасцяў смерці Бябеніна. З аналагічнымі заявамі выступілі дакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) па Беларусі Сініка Хурскайнен, прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч, Еўрапейская федэрацыя журналістаў, арганізацыя "Індэкс цэнзуры", Нарвежскі Хельсінкскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў і іншыя арганізацыі.

Таццяна Каравянкова Мінск
БелаПАН 9 верасня 2010



Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/479/1891
Текущая дата: 22.12.2024