Белорусский портал в Казахстане

У Мінску маштабна святкуюць Дзень горада



Святочныя мерапрыемствы да Дня горада, які ў Мінску адзначаюць 11–12 верасня, праходзяць на 60 пляцоўках у розных раёнах беларускай сталіцы.

Святочныя мерапрыемствы пачалісь 11 верасня ў 11.00 з ускладання кветак да абеліска «Мінск — горад-герой» на праспекце Пераможцаў. Затым адбылось ўрачыстае адкрыццё парку Перамогі побач з Камсамольскім возерам.

Выстава-кірмаш тавараў сталічных прадпрыемстваў пройдзе 11 верасня (з 12.00 да 20.00) і 12 верасня (з 11.00 да 16.00) на пляцоўцы каля Нацыянальнай бібліятэкі. Там жа з 12.00 да 17.00 адбудзецца святочная канцэртная праграма «Мой родны Мінск — мой лёс, мая надзея!», якая завершыцца канцэртам Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

11 верасня ў Верхнім горадзе каля Мінскай гарадской ратушы прайшло свята «Мінск тэатральны» (з 16.00 да 20.00), на якім урыўкі са спектакляў паказалі артысты сталічных тэатраў. На вуліцы Рэвалюцыйнай прайшло свята «Мінскі падворак», у праграме якога было касцюміраванае тэатралізаванае прадстаўленне, канцэртная праграма, фотавыстава, выстава карцін маладых мастакоў і студэнтаў творчых ВНУ.

Каля Палаца спорту 11 верасня прайшло Свята спорту і мастацтва. У яго рамках адбыўся кірмаш майстроў народнай творчасці «Кірмаш рамёстваў», свята мёду, прэзентацыя сацыяльнага таксі. На пляцоўцы каля Палаца культуры чыгуначнікаў прайшла маладзёжная праграма з выступленнем каманд КВЗ, творчай моладзі горада.

Увечары 11 верасня у Нацыянальным акадэмічным тэатры оперы і балета прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння ўзнагарод «Мінчанін года» і святочны канцэрт. Кульмінацыяй святочнага дня стаў феерверк каля абеліска «Мінск- горад-герой», які пачаўся ў 22.00.

Увечары 12 верасня (з 18.00 да 21.00) каля Тэатра оперы і балета пройдзе канцэрт класічнай музыкі і ўпершыню будзе адкрытая новая пляцоўка — каля спарткомплексу «Мінск-Арэна» на праспекце Пераможцаў. На гэтай пляцоўцы пройдзе маладзёжная акцыя «Любы горад, з днём нараджэння» з удзелам калектываў і выканаўцаў розных танцавальных напрамкаў і музычных стыляў, а таксама цыркавых артыстаў (з 16.00 да 21.00).

Святочныя мерапрыемствы пройдуць таксама 11 і 12 верасня ва ўсіх раёнах горада.

Афіцыйна датай заснавання беларускай сталіцы лічыцца 1067 год, калі з`явіліся першыя гістарычныя звесткі пра Мінск, хоць гісторыкі лічаць, што пасяленні на тэрыторыі горада ўзніклі значна раней.

Уласнае свята ў Мінска з`явілася ў 1987 годзе — тады яно называлася «Мастацка-спартыўнае свята Мінск-87» і адзначалася 3 ліпеня, у дзень вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З 2001 года Дзень горада стаў адзначацца на другія выхадныя верасня, а 3 ліпеня ў Беларусі святкуюць Дзень Незалежнасці.

Марына Носава  БелаПАН
11 верасня 2010


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/479/1913
Текущая дата: 22.12.2024