Белорусский портал в Казахстане

У Віцебску адкрылі помнік ахвярам гета



Грошы на помнік, які ўсталявалі на месцы расстрэлу каля 10 тысяч габрэяў на ўскраіне Віцебску, зьбіралі цягам апошніх трох гадоў. Частку выдзеліла дзяржава, астатнія — дабрачынныя ахвяраваньні.

На адкрыцьцё помніка прыехалі прадстаўнікі амбасады Ізраілю ў Рэспубліцы Беларусь, прадстаўнікі габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў зь Менску і Віцебску, прысутнічалі на імпрэзе старшыні віцебскіх гарвыканкаму і гарсавету.

Шараговых жыхароў гораду на адкрыцьці помніка было няшмат. Пра гэтую падзею не паведамлялася ў прэсе, хоць якраз сёньня і заўтра ў Віцебску сьвяткуюць Дзень гораду і паўсюль разьвешаныя афішы зь пералікам гарадзкіх імпрэзаў. Сярод іх адкрыцьцё помніка ахвярам гета арганізатары сьвяткаваньняў чамусьці вырашылі ня згадваць.

Помнік усталявалі на месцы масавай загубы вязьняў гета, на гарадзкой ускраіне недалёка ад пасёлку Тулава. Скульптар Валеры Магучы і мастак-архітэктар Валеры Шаронаў стварылі алегарычную выяву, якая сымбалізуе жалобу па загінулых прадстаўніках габрэйскага народу. Недалёка ад самога помніка паставілі камень з надпісам на мове ідыш, па-беларуску і па-ангельску: «Тут у 1941 годзе гітлераўцы расстралялі каля 10 тысяч габрэяў».

25.06.2010
Радыё Свабода

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/484/1205
Текущая дата: 22.12.2024