Белорусский портал в Казахстане

Памяці Янкі Купалы



На Вайсковых могілках Мінска 28 чэрвеня адбыўся мітынг, прысвечаны памяці Янкі Купалы (7.07.1882 — 28.06.1942)

Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Мацевасян. адзначыла, што «купалаўская спадчына застаецца святой для Беларусі, таму што яна аб’ядноўвае краіну і беларускі народ». «Ніхто так блізка, як Янка Купала, не прымаў да сэрца лёс беларускай мовы і роднай культуры, і ніхто так горача не выступаў у іх абарону», - сказала Мацевасян. Паводле яе слоў, уся творчасць народнага паэта - гэта малітва за Беларусь і за родны народ.

Сваё творчае крэда Купала выказаў словамі «зваў з путаў да свабоды, зваў з цемры да святла», - адзначыў старшыня Міжнароднага фонду Янкі Купалы, доктар філалагічных навук прафесар Вячаслаў Рагойша. Паводле яго слоў, і праз вякі да магілы песняра будуць ісці людзі, каб ушанаваць памяць чалавека, які столькі зрабіў для беларусаў, Беларусі і ўсяго свету як мастак, змагар і прарок.

Паводле слоў Рагойшы, паэт рабіў усё дзеля таго, каб дзень незалежнасці прыйшоў у Беларусь. «Колькі напісана пра тое, што на беларусаў незалежнасць звалілася нечакана. Аднак яшчэ 90 гадоў таму Янка Купала апублікаваў канцэпцыю дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, дзе сцвярджаў, што адна толькі поўная дзяржаўная незалежнасць можа даць беларускаму народу сапраўдную волю, і багатае існаванне, і добрую славу ва ўсім свеце».

Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да магілы народнага паэта, прачыталі свае вершы ў яго гонар.

Вечарам у мінскім архікафедральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася імша ў памяць аб вялікім песняры.

Наша Ніва 28 чзрвеня 2010


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/484/1254
Текущая дата: 22.12.2024