Белорусский портал в Казахстане

Гарадок прыняў ХХХ Дзень беларускага пісьменства



Сімвалічна, што Дзень беларускага пісьменства трыццаць гадоў таму ўпершыню прайшоў у старажытным Полацку, і зноў Віцебшчына сустракае свята слова на Гарадоччыне — зямлі са слаўнай літаратурнай і гістарычнай спадчынай. Гэты год для Гарадка адзначаны яшчэ адным юбілеем — 80-годдзем вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Літаратурны квартал 

З самай раніцы 2 верасня на ўтульных вулачках горада кіпела жыццё, асаблівым інтарэсам у гасцей і ўдзельнікаў свята карыстаўся літаратурны квартал, у якім праходзіў Фестываль кнігі і прэсы. Тут разгарнулі свае павільёны вядучыя выдавецкія ўстановы краіны, якія прывезлі на свята не толькі навінкі кніжных выданняў, але і арганізавалі афтограф-сесіі з вядомымі пісьменнікамі. У цэнтры ўвагі на радзіме Канстанціна Вераніцына знаходзілася перавыданая кніга «Тарас на Парнасе» ад выдавецтва «Мастацкая літаратура». «Выданне адметнае тым, што акрамя самога верша (яно выдадзена як у арыгінале, так і ў перакладзе на рускую мову аднаго з лепшых расійскіх перакладчыкаў Міхаіла Лазінскага), у зборніку таксама прадстаўлены главы з кнігі Генадзя Кісялёва аб аўтарстве паэмы, нялёгкіх пошуках гістарычнай праўды і шматгадовай адданасці даследчыка абранай тэме, культурным сувязям народаў-суседзяў. Адзін з раздзелаў выдання таксама прысвечаны Гарадоцкамы краязнаўчаму музею, які аказаў нам вялікую падтрымку і прадаставіў матэрыялы, звязаныя з лёсам Канстанціна Вераніцына», — адзначыў дырэктар выдавецтва Алесь Бадак.

Выдавецкі дом «Звязда» 2 верасня запрашаў на афтограф-сесіі з такімі аўтарамі як Павел Гушынец, Жанна Міус. Выдавецтва прадставіла шыкоўны фотаальбом «Ад Віцебска да Полацка. Падарожжа ў часе» з серыі «Бацькаўшчына. У пошуках страчанага» Уладзіміра Ліхадзедава, паэтычны зборнік «Жаўрукі над Палессем», зборнік краязнаўчых нарысаў Аляксандра Карлюкевіча «Праз шкельца гісторыі», зборнік вострасюжэтнай псіхалагічнай прозы «Змена пароляў» ад Наталлі Канстанцінавай, а таксама некалькі дзясяткаў кніг дзіцячай літаратуры, сярод якіх «Таямніцы музычных інструментаў: ад барабана да аргана» Міхаіла Чудакова, «Па чырвоных стрэлках» і «Казкі для Вяснушкі. Вайна суседзяў» Кацярыны Хадасевіч-Лісавай. Набыць у павільёне «Звязды» можна кнігу легенд і паданняў «Дзяўчына з замчышча» лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Уладзіміра Ягоўдзіка.

Выдавецтва «Беларусь» упершыню прэзентавала чытачам кнігу Ігара Марзалюка «Сімвалы беларускай вечнасці: гісторыя сімвалаў беларускай дзяржаўнасці», а яшчэ прапаноўвала гасцям і ўдзельнікам свята такія навінкі як «Генацыд беларускага народа», зборнік архіўных дакументаў, які расказвае аб злачынствах карнікаў на акупаванай тэрыторыі Мінскай вобласці «Без тэрміну даўнасці. Беларусь». 

«Белкніга» прапаноўвала пакупнікам не толькі кніжныя навінкі, але і краязнаўчую літаратуру па гісторыі Гарадоччыны і раёнаў паўночнага рэгіёна. Акрамя канцылярыі ў стылі беларускага арнаменту тут у якасці сувеніраў можна было набыць вайны напой з беларускіх траў «Бацькаўшчына». 

На вуліцах горада

Кіпела жыццё з песнямі, танцамі і пачастункамі на падворках раёнаў Віцебшчыны. Кожны імкнуўся здзівіць гасцей свята не толькі касцюмамі, але і незвычайнымі забавамі. Так, старшы навуковы супрацоўнік Бешанковіцкага раённага краязнаўчага музея Станіслаў Леаненка прапаноўваў завітаць у раёк — далёкую кірмашовую забаву. Раёк прадстаўляе сабой невялікі домік са шкельцамі, праз якія можна паглядзець на выявы старажытных Бешанковічаў, якія круцяцца з дапамогай ручкі, нібы кінафільм. Раней на кірмашах такім чынам зараблялі грошы, але ў Гарадку завітаць у бешанковіцкі раёк мог любы ахвотны.

Сенненскі падворак запрашаў далучыцца да шляхецкіх танцаў, а Гарадоцкі Дом рамёстваў прапаноўваў не толькі паглядзець, але і паспрабаваць дакрануцца да мясцовых рамёстваў, якія занесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны: ажурнага ткацтва, спіральнага лозапляцення, адмысловага саломапляцення. 

Пляцоўкі для ўсіх узроставых катэгорый падрыхтавалі Беларускі саюз жанчын, Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускія студэнцкія атрады. На самай сямейнай пляцоўцы «Любоў праз казку да Радзімы, да маці, да мовы» актывісткі БСЖ знаёмілі дзяцей з гісторыяй літары «ў», вучылі вырабляць лялькі з тканіны, прапаноўвалі скласці сваё генеалагічнае дрэва. Квэсты, гульні і танцавальныя флэшмобы падрыхтавалі маладзёжныя пляцоўкі, тут можна было і сабраць пазл-карту Беларусі. 

Асаблівым попытам карыстаўся мабільны музей з перасоўнай экспазіцыяй Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны. Можна было не толькі паслухаць экскурсію ў вагончыку і паглядзець на экспанаты ваенных часоў, але і навобмацак пазнаць франтавыя прадметы. 

Эксклюзіўны кінапаказ, ажыўшы «Гарадоцкі кірмаш» і лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі — чым скончыўся першы дзень беларускага пісьменства.

А паглядзець?

Інтэрактыўная пляцоўка рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі «Стужка часу Віцебшчыны» запрашала ўдзельнікаў свята не толькі азнаёміцца з палітыкай выданняў і новымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, але і прапаноўвала прымераць на сябе розныя ролі і нават загадаць жаданне ў старыка Хатабыча. «Аршанская газета» праводзіла майстар-клас па пісанні пяром і чарніламі, Докшыцкая раённая газета «Родныя вытокі» падрыхтавала віктарыну, дзе трэба было перакласці на беларускую мову нялёгкія словы, за правільны адказ — смачны пачастунак з беларускіх страў. Разам з супрацоўнікамі газеты «Віцьбічы» на свята ў Гарадок завітаў і самы сапраўдны старык Хатабыч з залатым чайнікам жаданняў — адбою ад жадаючых сфатаграфавацца ў журналіста не было. Свой павільён з унікальнай рарытэтнай тэхнікай — телеграфным апаратам Бадо, апаратам Морзэ, пераносным рэпарцёрскім магнітафонам — прадставіла Беларускае тэлеграфнае агенцтва, якое сёлета адзначае 105-годдзе. Непадалёку ад павільёнаў выдавецтваў размясціліся незвычайныя чытальніцкія арэлі, дзе можна было не толькі адпачыць са свежакупленай кнігай, але і сфатаграфавацца. 

Сярод шэрагу каляровых палатак выдзялялася пляцоўка Магілёўскага дзяржаўнага каледжа будаўніцтва імя А.П.Старавойтава: тут навучэнцы і майстры ўстановы адукацыі стварылі сапраўдны драўляны рай. Акрамя звыклых для нас вырабаў з дрэва — посуду, прадметаў мэблі і сувеніраў — тут была і батлейка. З ёй навучэнцы каледжа гастралююць па раёне, паказваюць дзецям не толькі вядомыя казкі, але і ствараюць свае з прафарыентацыйным ухілам. Яшчэ адной цікавінкай каледжа, якую прывезлі на свята ў Гарадок, стала інсталяцыя аграсядзібы «Хутарок», дзе былі прадстаўлены сялянскія хаты з драбнейшым унутраным напаўненнем, усё зроблена з дрэва без выкарыстання цвікоў. 

Шырока на свяце быў прадстаўлены Полацкі раён: «Дом друкара» прапаноўваў перанесціся ў сярэднявечча і прайсці сцежкамі Іагана Гутэнберга. Унікальны праект — анімацыйныя праграма «Полацкая друкарня», натхняльнікам якога стаў Алег Хвяжэнка, — вядомы і папулярны ў Полацку, а сёлета ён завітаў у Гарадок. Гасцям прапаноўвалі надрукаваць на станку «грамату хвалебную», далучыцца да працэсу вытворчасці паперы і вывесці пяром і чарніламі літары са старога алфавіту. 

Ні на хвіліну не пуставаў павільён, у якім была арганізавана маштабная прэзентацыя сумеснага гісторыка-асветніцкага праекта Міністэрства інфармацыі і лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава «Бацькаўшчына. У пошуках страчанага», які ўпершыню прадставіў шматлікія тэматычныя арт-аб’екты, унікальныя экспанаты, кнігі, выдадзеныя ў межах праекта. Асаблівым попытам у наведвальнікаў пляцоўкі карысталася механічная энцыклапедыя, якая знаёміла са славутымі беларускімі дзеячамі і гістарычнымі падзеямі. Яна зроблена беларускім дызайнерам Генадзем Котлінскім з дэталяў друкарскіх станкоў, арт-аб’ект, механізм якога заводзіцца і перагортвае выявы дзеячаў, аўтар ствараў каля чатырох месяцаў. У павільёне былі прадстаўлены і іншыя аб’екты Котлінскага: Пегас з папяровамі крыламі, паўтонны зубр, друкарскі станок ХVI стагоддзя. 

На пляцоўцы «Белсаюздруку» з удзелам кіраўніцтва рэспублікі і вобласці адбылася цырымонія спецыяльнага гашэння памятнага канверта з арыгінальнай маркай, прысвечанай ХХХ Дню беларускага пісьменства. 

Сквер, кіно і наша памяць

Цэнтральны гарадскі сквер насупраць райвыканкама сёлета таксама абнавіўся, цяпер ён носіць назву «Вераніцынскі». Уваходную групу вянчае «Дрэва беларускага пісьменства» — скульптура з нержавеючай сталі вышынёй больш за два с паловай метры. Яна ўяўляе сабой дрэва, замест ствала — 19 кніг з імёнамі выбітных аўтараў, якія праславілі Гарадоччыну. 

Шэсць каменных скульптур падарылі гораду студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў: «Надзея», «Летапісец», «Спадчына» — гэтыя і іншыя аб’екты, якія адлюстроўваюць вытокі беларускай гісторыі і пісьменнасці, — сталі для гасцей райцэнтра выдатнай фотазонай. Як і помнік «Буквару», які на працягу некалькіх месяцаў ствараў студэнт акадэміі Ігар Сілка. Вялікія літары, складзеныя ў своеасаблівы лабірынт, сталі літаратурнай галаваломкай, а прысвечана кампазіцыя 405-годдзю са дня выдання першага ў свеце буквара.

Жылыя шматпавярхоўкі і аб’екты сацыяльна-культурнага абслугоўвання таксама пахарашэлі, іх упрыгожылі муралы. Асноўны з іх размясціўся на цэнтральнай плошчы, дзе ўсталявана галоўная сцэна Дня беларускага пісьменства. На ім выяўлены стылізаваныя гербы гарадоў, якія ў розныя гады сустракалі свята слова. А несмяротныя радкі з беларускай класікі, нанесеныя на сцены ўстаноў, сталі для гарадачан цікавай фотазонай.

Ажыла ў «Вераніцынскім скверы» і карціна «Гарадоцкі кірмаш» дзякуючы краязнаўцам, настаўнікам і юным экскурсаводам музеяў і ўстаноў адукацыі рэспублікі. Можна было сустрэць у імправізаваных гандлёвых радах бондара, старога яўрэя з рыжым катом, які лічыцца сімвалам раёна, жывых трусаў і курэй. 

Тут жа праходзіў і брэндавы фестываль народнай творчасці, паэзіі і фальклору «Гарадоцкі Парнас», у межах якога адбыліся этнафлэшмоб, час паэзіі «Вераніцынская зорка» з удзелам паэтаў і пісьменнікаў Гарадоччыны, пленэр юных мастакоў, літаратурна-паэтычная імпрэза, прысвечаная Году міра і стваральнай працы. 

Спецыяльна да свята слова «Беларусьфільм» правёў эксклюзіўны паказ фільма «На другім беразе», рэжысёрам якога стаў Андрэй Хрулёў, а музыку да стужкі напісаў вядомы кампазітар Аляксандр Сухараў. Дзеянне драмы разгортваецца ў сярэдзіне 1920-х гадоў у Заходняй Беларусіі, жыхары маленькай вёскі імкнуцца адстаяць сваю веру і царкву, але іх спробы жорстка спыняюць. У аснову фільма закладзена важная для разумення ідэя: Беларусь павінна быць адзінай, як і беларусы — адзінымі. У пракат кінастужка выйдзе 14 верасня. 

Сімвалічна, што гэты год для Гарадка стаў юбілейным з яшчэ адной нагоды — 80-годдзя з дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гонар гэтай даты ўдзельнікі Дня пісьменства ўсклалі кветкі да мемарыяла «Неўміручасць» у цэнтры горада, дзе пахаваны звыш пяці тысяч савецкіх воінаў, якія вызвалялі раён. Два з паловай гады на тэрыторыі Гарадоччыны стаяў фронт, чалавечыя страты былі велізарныя. Хвілінай маўчання каля Вечнага агню нашчадкі аддалі даніну памяці героям-вызваліцелям.

Галоўная літаратурная ўзнагарода

Вечарам на галоўнай сцэне свята адбылася цырымонія ўрачыстага адкрыцця ХХХ Дня беларускага пісьменства. Прывітальны адрас удзельнікам і гасцям даслаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка: «Шаноўныя сябры! Сардэчна віншую вас з Днём беларускага пісьменства — святам нацыянальнай культуры, друкаванага слова і беларускай духоўнасці, якое сёлета адзначае 30-годдзе. За гэты час яго сталіцамі былі многія славутыя культурныя і асветныя цэнтры Беларусі, сярод якіх Полацк, Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Пінск, Заслаўе, Шклоў. З імі звязаны імёны лепшых айчынных творцаў сусветнага маштабу — Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны, Пятра Мсціслаўца, Спірыдона Собаля, Сімяона Полацкага. Сімвалічна, што юбілей прыйшоўся на Год міру і стваральнай працы і святкуецца на гасціннай Віцебшчыне, дзе нараджалася беларуская дзяржаўнасць і знаходзіцца старажытнейшы цэнтр кнігадрукавання.

Родная мова, веды і традыцыі продкаў заўсёды яднаюць людзей, натхняюць іх на плённую працу, дазваляюць пераадольваць цяжкасці і перашкоды, з’яўляюцца невычэрпнай крыніцай сілы і мудрасці народа, апорай у выхаванні патрыятызму і любві да Бацькаўшчыны. Шчыра жадаю ўсім удзельнікам і гасцям свята здароўя, шчасця, жыццёвай мудрасці і творчага плёну на карысць Радзімы».

З віншавальным словам да прысутных звярнуўся старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін: «Віцебшчына ганарыцца сваёй гісторыяй, культурай, багатым духоўным скарбам. Старажытны Полацк, калыска беларускай дзяржаўнасці, малая радзіма ўсходнеславянскага і беларускага першадрукара, філосафа і гуманіста Францыска Скарыны. У 1994 годзе Полацк урачыста прымаў першы Дзень беларускага пісьменства. І сёння вобласць у сёмы раз стала цэнтрам прыцягнення для ўсіх, хто любіць роднае слова, падтрымлівае і развівае нашу нацыянальную культуру. Вялікія асветнікі прыдзвінскага краю Ефрасіння Полацкая, Сімяон Полацкі, Язэп Драздовіч, Уладзімір Караткевіч, іншыя літаратурныя і грамадскія дзеячы, навукоўцы плённай працай і сваім талентам узбагацілі скарбніцу сусветнай цывілізаціі. Сталіцай Дня беларускага пісьменства ў 2023 годзе па праве стаў Гарадок — малая радзіма аўтара самай вядомай нацыянальнай паэмы XIX стагоддзя „Тарас на Парнасе“ Канстанціна Вераніцына. Прыгоды Тараса называюць жамчужынай беларускай паэзіі, а вершаваныя радкі жывой мовы хутка разнясліся на цытаты і сталі народнымі прымаўкамі. З Гарадком звязана жыццё вядомага беларускага паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра Скарынкіна. Традыцыйна ў пачатку чэрвеня у Гарадку праходзіць свята народнай творчасці „Гарадоцкі Парнас“. Ён збірае многа самабытных майстроў, а Гарадоцкі Дом рамёстваў і фальклору — узорная ўстанова ў Беларусі па захаванні і развіццю нацыянальнай спадчыны. Сучасныя і мінулыя дасягненні з’яўляюцца кодам нацыі, стымулам на новыя здзяйсненні». 

На цырымоніі адкрыцця раскрылася галоўная інтрыга — хто стане лаўрэатамі Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Лепшым празаічным творам прызнана кніга «Па веры вашай...» старшыні Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміра Гаўрыловіча. «Несучы па жыцці свой духоўны крыж, усе героі майго твора праходзяць цяжкі шлях да ачышчэння. Яны абараняюць сваю веру, род і сям’ю, гістарычную памяць сваёй шматпакутнай зямлі, прызываюць усіх нас, беларусаў, не захлынуцца ў дыме матэрыяльных выгод, уяўнага дабрабыту, хцівага „клопату“ чужынцаў пра нас. Падзеі ў рамане адбываюцца ў нашы дні, у 2020 і 2021 гадах, а таксама дзесяць стагоддзяў таму ў старажытных Тураве, Кіеве і Кракаве. Кніга заклікае чытачоў шанаваць мінулае, каб зразумець сапраўднае, каб клапаціцца пра сваю будучыню і будучыню свайго народа, Айчыны, Беларусі», — адзначыў Уладзімір Мікалаевіч. 

Лепшым публіцыстычным творам была прызнана кніга Уладзіміра Макарава «Во имя будущего страны. О приоритетах национальной безопасности в новом веке». Нацыяльнай літаратурнай прэміі за лепшы твор для дзяцей і юнацтва «Пашка і сонечны праменьчык» ўдастоена Алена Стэльмах. Найлепшы аўтар у намінацыі «Твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства» — гродзенскі крытык, кандыдат філалагічных навук Аліна Сабуць. Лепшым дэбютам года прызнана Алеся Прыходзька з кнігай «Хлюпик и друг его Нюня». На Гомельшчыну адправілася яшчэ адна прэмія за лепшую кнігу паэзіі, яе ўладальніцай стала паэтэса і перакладчыца Соф’я Шах са зборнікам твораў «Дыядэмная споведзь: вянок вянкоў вянкоў санетаў».

У Гарадку завяршыўся Дзень беларускага пісьменства. Наступнай сталіцай свята стануць Івацэвічы

Другі дзень на Гарадоччыне пачаўся са святочнай службы і запальвання Святога агню ў храме Святога Жываначальнай Троіцы, перадачы Жыватворнага Агню ад Гродна Гасподняга на лампадкі і свечкі прыхаджан.

Смак святу слова 3 верасня ў прамым сэнсе дадаў мясцовы брэндавы фестываль «Мара гурмана», які вядомы не толькі за межамі раёна, але і ва ўсёй краіне. Так, напрыклад, у мінулым годзе на фестывалі прыгатавалі самую вялікую яечню ў Беларусі з двух тысяч яек! А сёлета гастранамічнае шоу запрашала на дэгустацыю салодкіх кулінарных шэдэўраў. У межах фестывалю адбыўся конкурс тортаў і пірагоў «Квітнеючы край», прымеркаваны да Году міра і стваральнай працы. Незвычайны пяцікілаграмовы торт у выглядзе трох кніг прэзентавалі навучэнцы і майстры Гарадоцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, кожная з кніжак атрымалася са сваім смакам: быў тут і мядовы ярус, і шакаладны, і птушынае малако. А торт у выглядзе разгорнутай кнігі, якому далі назву «Летапіс Гарадка», прыгатавалі спецыялісты Гарадоцкага прадпрыемства кацельняў і цеплавых сетак. Кухары прадэманстравалі свае салодкія стравы, а пасля ўсё ахвотныя змаглі паспрабаваць прысмакі і ўзяць рэцэпт.

На галоўнай сцэне прайшла літаратурна-мастацкая імпрэза «Мірная, моцная, суверэнная» Саюза пісьменнікаў Беларусі, дзе аўтары чыталі свае казкі, байкі і вершы. З літаратурнай і музычнай праграмай у Гарадок прыехала дэлегацыя Мінскага гарадскога аддзялення СПБ на чале са старшынёй Міхаілам Пазняковым. У гэты дзень узнагароды атрымала таленавітая моладзь краіны па выніках конкурсу «Залатое пяро «Белай Русі —2023», у якім прынялі ўдзел больш за тры тысячы работ. Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў уручыў узнагароды пераможцам рэспубліканскага конкурсу Міністэрства інфармацыі і Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму сярод журналістаў СМІ на тэму ўборачнай кампаніі-2023 «Хвала рукам, што пахнуць хлебам». Шасці пераможцам уручылі дыпломы і грашовыя прэміі ў памеры 20 базавых велічынь.

Фінальным акордам юбілейнага Дня беларускага пісьменства стала цырымонія ўрачыстага закрыцця. З прывітальным словам да гасцей і ўдзельнікаў звярнулася старшыня Гарадоцкага райвыканкама Ірына Палякова: «Гэта свята аб’яднала нас павагай да такіх простых, адвечных сімвалаў духоўнага жыцця, як кніга і слова. Гэту павагу мы павінны перадаць нашчадкам. У жыхароў нашага горада на доўгія гады застануцца ў памяці не толькі яркія ўспаміны, але і многія абноўленыя аб’екты — культуры, адукацыі, сацыяльнай сферы. Я спадзяюся, што за два дні госці і ўдзельнікі Дня пісьменства атрымалі задавальненне ад свята, выступленняў артыстаў і паэтаў, змаглі прасачыць сувязь друкаванага слова з культурай і гісторыяй беларускага народа. Разам з тым мы прадставілі ва ўсёй разнастайнасці культуру і самабытнасць Гарадоцкага краю. Хочацца падзякаваць усім, хто прыклаў намаганні, каб гэтае свята ажыццявілася».

Ірына Міхайлаўна перадала вымпел Дня беларускага пісьменства кіраўніцтву горада Івацэвічы Брэсцкай вобласці. Менавіта Брэстчына ў наступным годзе будзе сустракаць ХХХІ свята слова. «Гэта важнае свята, і мы ўбачылі, на якім узроўні яно прайшло ў Гарадку. Мы разумеем, што нам трэба правесці яго годна, і ўжо пачалі рыхтавацца да Дня пісьменства 2024 года», — падкрэсліў старшыня Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Сарока, прымаючы вымпел.

Гарадок пачынае вяртацца ў звыклы спакойны лад жыцця, сціхаюць на ўтульных вулачках музыкі і збіраюцца ў свае гарады рамеснікі. На памяць аб двух незабыўных вераснёўскіх днях тут застануцца абноўленыя элементы гарадской інфраструктуры, помнікі і скульптуры, муралы. А яшчэ — атмасфера адзінства і моцы беларускага народа, які пад знакам нашых гістарычных вытокаў змог аб’яднаць невялікі гарадок на самай поўначы Беларусі.

Аўтар: Аляксандра Гвоздзева
Звязда, 3 верасня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/49/70914
Текущая дата: 16.11.2024