Белорусский портал в Казахстане

Эстафету Дня беларускага пісьменства перадалі Івацэвічам



У Гарадку адбылося закрыццё XXX Дня беларускага пісьменства, эстафету свята ў 2024 годзе прынялі Івацэвічы Брэсцкай вобласці.

Юбілейны Дзень беларускага пісьменства завяршыўся ў Віцебскай вобласці. Важнай часткай урачыстай цырымоніі стала перадача эстафеты правядзення свята ад Гарадка Івацэвічам.

Старшыня Гарадоцкага райвыканкама Ірына Палякова адзначыла, што для райцэнтра гэтыя два дні былі яркімі, насычанымі і незабыўнымі. «Гэтае свята аб’яднала нас павагай да такіх простых, адвечных сімвалаў духоўнага жыцця, як кніга і слова. Гэту павагу мы павінны перадаць нашчадкам. У жыхароў нашага горада на доўгія гады застануцца не толькі яркія ўспаміны, але і многія абноўленыя аб’екты — культуры, адукацыі, сацыяльнай сферы. Я спадзяюся, што за два дні госці і ўдзельнікі Дня пісьменства адчулі задавальненне ад свята, выступлення артыстаў і паэтаў, змаглі прасачыць сувязь друкаванага слова з культурай і гісторыяй беларускага народа. Разам з тым мы прадставілі ва ўсёй разнастайнасці культуру і самабытнасць Гарадоцкага краю. Хочацца падзякаваць усім, хто прыклаў намаганні, каб гэтае свята ажыццявілася», — адзначыла кіраўнік раёна, перадаючы вымпел Дня пісьменства прадстаўніку будучай сталіцы свята.

«Гэта важнае свята, і мы ўбачылі, на якім узроўні яно прайшло ў Гарадку. Мы разумеем, што нам трэба правесці яго годна, і ўжо пачалі рыхтавацца да Дня пісьменства 2024 года», — адзначыў старшыня Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Сарока.

Для гасцей і ўдзельнікаў свята прайшоў сольны канцэрт заслужанага артыста Расіі, ураджэнца Беларусі Сяргея Валачкова.

Звязда, 3 верасня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/49/70936
Текущая дата: 16.11.2024