Белорусский портал в Казахстане

"Не быць абыякавымі". Жанчыны-парламентарыі далі старт "Эстафеце дабра" ў дапамогу жыхарам Данбаса



Па ініцыятыве членаў пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Палаты прадстаўнікоў у супрацоўніцтве з Фондам Аляксея Талая 25-га жніўня дадзены старт інфармацыйна-дабрачыннаму праекту "Эстафета дабра".

Задача праекта - расказаць грамадскасці аб сітуацыі ў пацярпелых ад ваенных дзеянняў рэгіёнах Данбаса, а таксама аб`яднаць неабыякавых людзей у аказанні пасільнай дапамогі жыхарам і ў першую чаргу дзецям Данбаса.

"Сёння вялікі інфармацыйны шум, вельмі шмат фэйкаў наконт таго, што адбываецца на Данбасе, і мы хочам расказаць неабыякавай грамадскасці, што сапраўды там адбываецца. А там - бяда ўжо 9 гадоў, вельмі цяжкія ўмовы жыцця. Людзям не хапае элементарнага. Мы жывём у мірнай краіне, і нам здалёк цяжка ацаніць усе маштабы гэтай бяды, але беларусы ніколі не былі абыякавымі. Таму, другая частка нашага праекта - аказаць дапамогу дзецям Данбаса. Я ўвесь час гавару, што ў беларусаў вялікае сэрца. І замест тысячы слоў спачування беларусы, як правіла, падстаўляюць плячо і аказваюць канкрэтную дапамогу. Вось гэта для нас сёння важна", - расказала член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Марына Лянчэўская.

Паводле яе слоў, сёння многія грамадскія арганізацыі падключыліся да аказання гуманітарнай дапамогі Данбасу. "Беларускі саюз жанчын перадаў ужо гуманітарны груз для дзяцей Данбаса. Яшчэ раз хачу падкрэсліць: беларусы ніколі не былі абыякавымі, - адзначыла дэпутат. - Чужых дзяцей не бывае. Я пераглядала ролікі літаральна ўчора аб падзеях на Данбасе - вы ведаеце, клубок у горле, слёзы на вачах. А дзеці ж усміхаюцца, нягледзячы на тое, што там ідзе вайна. Яны ўсё роўна хочуць гуляць, весяліцца, хочуць жыць і верыць, што жыццё там абавязкова будзе. Нягледзячы на тое, што ў Данбасе вырасла цэлая алея анёлаў. Таму нам важна падарыць яшчэ гэту добрую эмоцыю дзецям. І акрамя неабходных рэчаў: сродкаў гігіены, дзіцячага харчавання, лічу важным падарыць дзецям цацкі і ласункі. Падарыць дзецям дзяцінства. Гэта сітуацыя абавязкова калі-небудзь скончыцца, але нам важна сёння не заставацца ўбаку і не быць абыякавымі".

"Эстафета дабра" стартавала сёння ў Фрунзенскім раёне Мінска. У гэты дзень прадстаўнікі працоўных калектываў сабраліся на сустрэчу на тэрыторыі ААТ "Навукова-вытворчае аб`яднанне Цэнтр", дзе змаглі паразмаўляць з Аляксеем Талаем, задаць пытанні і даведацца, як і чым дапамагчы жыхарам Данбаса.

25 жніўня 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/50/70782
Текущая дата: 16.11.2024