У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адкрылася выстава "Мазаіка ўражанняў".
Выстава - вынік сумеснай работы супрацоўнікаў галоўнага гістарычнага музея Калінінградскай вобласці і фотамастака Эдуарда Малчанава - майстра рэпартажнай фатаграфіі, які на працягу двух дзясяткаў гадоў стварае фоталетапіс жыцця бурштынавага краю.
"Музей Янкі Купалы актыўна супрацоўнічае з музеямі Расіі і ўжо некалькі гадоў - з Калінінградскім абласным гісторыка-мастацкім музеем. У бягучым годзе у час правядзення першага беларускага-расійскага музейнага форуму быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж нашымі музеямі. Першым праектам пасля падпісання дагавора стала выстава "Мазаіка ўражанняў", якая прадстаўлена ў музеі Янкі Купалы. Гэты праект дасць магчымасць жыхарам і гасцям сталіцы ўбачыць Калінінградскую вобласць як край незвычайны прыроды і цудоўных людзей. Мы хацелі расказаць пра тыя мясціны, якія можна наведаць у Калінінградскай вобласці", - расказала дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна Галінская.
Яна ўпэўнена, што гэта далёка не апошні абмен выставамі і музей Янкі Купалы прадоўжыць актыўна супрацоўнічаць з рознымі музеямі Расіі. Так, у верасні выстава "Янка Купала. Сустрэча з сябрамі" адправіцца ў Музей-сядзібу Дзяржавіна (філіял Усерасійскага музея А.С.Пушкіна). "Мы раскажам аб тым, які ўплыў аказала руская літаратура на станаўленне Янкі Купалы, а таксама пра сучаснікаў беларускага паэта, якія перакладалі яго творы на рускую мову", - дадала Ганна Галінская.
Дырэктар Калінінградскага абласнога гісторыка-мастацкага музея Кацярына Манюк адзначыла, што іх дружба з музеем Янкі Купалы доўжыцца ўжо многія гады. "На гэты раз мы вырашылі паказаць візітную картку Калінінградскай вобласці. З яе дапамогай можна пазнаёміцца з культурай і гісторыяй нашага рэгіёна. Мы палічылі, што гэта будзе асабліва цікава напярэдадні II Гульняў краін СНД, і спадзяёмся, што выстава спадабаецца і жыхарам, і гасцям Беларусі. Мінск і Калінінград раздзяляюць усяго каля 500 км, таму я ўпэўнена, што дзякуючы такім выставам мы становімся бліжэйшымі адзін да аднаго", - падкрэсліла Кацярына Манюк.
3 жніўня 2023, Мінск
БЕЛТА
3 жніўня 2023, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/53/70445
Текущая дата: 16.11.2024