Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка: Чым больш асабістых дасягненняў, тым мацней наша Беларусь



Прэзідэнт Беларусі ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды.

Адпаведны ўказ быў падпісаны 7 верасня. Дзяржаўных узнагарод удастоены 60 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці. Ордэны, медалі і ганаровыя званні прысуджаны за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў, мужнасць і адвагу, праяўленыя пры ратаванні людзей падчас пажару, заслугі ў воінскай службе і ахове дзяржаўнай граніцы, значны асабісты ўклад ва ўдасканаленне падатковай сістэмы, рэалізацыю сацыяльна-эканамічнай палітыкі краіны, развіццё лесагаспадарчай вытворчасці, транспартнай галіны, машынабудавання і сельскай гаспадаркі, выдатныя дасягненні ў сферах адукацыі, аховы здароўя, навукі, культуры і спорту.

Сімвалічна, што ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання працавітых, адданых сваёй краіне людзей адбылася напярэдадні дзяржаўнага свята — Дня народнага адзінства. Перш чым атрымаць высокія ўзнагароды і званні з рук кіраўніка дзяржавы, удзельнікі ўрачыстасці падчас экскурсіі азнаёміліся з сімвалам беларускай дзяржаўнасці — Палацам Незалежнасці.

«Ваш жыццёвы досвед — яркія старонкі агульнай гісторыі»

«Вы прыехалі з розных куткоў Беларусі, да свайго поспеху ішлі таксама рознымі дарогамі, але сёння гэтыя дарогі сышліся ў адзіны шлях — наш шлях, — адзначыў, звяртаючыся да прысутных, Прэзідэнт. — Ён адчыніў перад вамі дзверы сімвала нашай незалежнасці — Палаца Незалежнасці — і прывёў да заслужаных узнагарод».

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў гэтай падзеі ёсць пэўны сімвалізм. «Працуючы ў самых розных сферах, ставячы перад сабой самыя розныя мэты, мы дасягаем самых высокіх вынікаў, якія ў выніку становяцца агульным поспехам — поспехам усёй нашай краіны, — падкрэсліў беларускі лідар. — І чым больш асабістых дасягненняў — тым мацнейшая наша Беларусь».

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, кожны з узнагароджаных увасабляе найлепшыя нацыянальныя рысы беларусаў. «Гэта працавітасць, якая праяўляецца ў жаданні развіваць свае здольнасці, пастаянна вучыцца і прафесійна расці, — удакладніў ён. — Гэта патрыятызм, які мы бачым у імкненні служыць Айчыне, гатоўнасці ў любы момант устаць на абарону гэтай Айчыны. Вырошчваючы хлеб, навучаючы і выхоўваючы дзяцей, дапамагаючы людзям з цяжкім лёсам, ратуючы жыцці, вы дэманструеце адказнасць, міласэрнасць і чалавекалюбства беларускага народа — галоўныя яго рысы».

Як заўважыў Прэзідэнт, творчасць гэтых людзей адлюстроўвае прыгажосць і гармонію нашай культуры. «Навуковыя дасягненні паказваюць інтэлектуальную моц, а спартыўныя перамогі — сілу духу нашай нацыі, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Ваш жыццёвы досвед — гэта яркія старонкі нашай агульнай гісторыі, гісторыі суверэннай незалежнай Беларусі».

«Жыць трэба так, каб ніколі больш не паўтараць памылак мінулага»

Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць узнагароджаным, а ў іх асобе — усім беларусам, якія аддаюць часцінку сваёй душы любімай справе, людзям, роднай краіне.

«Дзень уз`яднання Беларусі — усходняй і заходняй яе часцей — 17 верасня 1939 года мінулага стагоддзя стаў сімвалам нашага нацыянальнага адзінства, непадуладнага часу, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Але гэты досвед сведчыць, што не менш важна быць разам у мірны час, працаваць на карысць свайго народа і Айчыны. І жыць трэба так, каб ніколі больш не паўтараць памылак мінулага, каб быць моцнымі перад абліччам новых пагроз і выклікаў часу, каб захаваць нашу мірную, дзіўную, прыгожую Беларусь для дзяцей і ўнукаў. Жыць трэба так, каб увогуле сорамна не было потым: і табе, і тым, хто за намі прыйдзе».

Перад тым як прыступіць да цырымоніі ўзнагароджання, беларускі лідар яшчэ раз выказаў удзячнасць прысутным за ўсё, што яны робяць, і павіншаваў з надыходзячым святам — Днём народнага адзінства і заслужанымі ўзнагародамі.

Напрыканцы Прэзідэнт пажадаў усім узнагароджаным дзейнічаць так, як спартсмен Антон Смольскі, якому кіраўнік дзяржавы прысвоіў званне заслужанага майстра спорту. «Тры дыстанцыі — тры бліскучыя перамогі, — кажучы аб выніках Кубка Садружнасці, адзін з этапаў якога нядаўна завяршыўся ў Сочы, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Калі ўсе так будзем адносіцца да працы, калі мы будзем займацца сваёй справай, нічога нам не страшна і вайны ў нас ніколі не будзе. Войны разгортваюцца і з`яўляюцца там, дзе людзі перастаюць працаваць. А перастаўшы працаваць, шукаюць сабе дзікую, страшную працу, забіваючы адзін аднаго. Таму жадаю вам, каб мелі сваю працу, бачылі сваю сям`ю і маглі абараніць сваіх дзяцей і ўнукаў. Ну а мы з ваеннымі сваю працу зробім, калі ў мірны час будзеце годна рабіць сваю працу вы».

***   ***   ***
Узнагароджаныя падзяліліся з журналістамі сваімі ўражаннямі ад наведвання Палаца Незалежнасці і першымі эмоцыямі пасля ўручэння высокіх узнагарод і званняў.

«Спыняцца на дасягнутым не збіраюся»

Як прызнаўся спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды па біятлоне Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімніх відах спорту «Раўбічы» Антон Смольскі, аб тым, што стаў заслужаным майстрам спорту, даведаўся ў інтэрнэце. Першым яго павіншаваў дэкан Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, дзе малады чалавек праходзіць навучанне. Апярэдзіць дэкана мог толькі трэнер Антона, аднак ён не спяшаўся паведамляць спартсмену гэтую навіну: наперадзе ў біятланіста была адказная гонка, таму трэнер не хацеў адцягваць яго ад падрыхтоўкі.

«Для кожнага спартсмена важна мець такое званне, як «заслужаны майстар спорту», — лічыць Антон Смольскі. — Гэта паказчык таго, што спартсмен паказаў адзін з найвышэйшых вынікаў у сваёй кар`еры. Вядома, спыняцца на дасягнутым не збіраюся. Працягваю спартыўную кар`еру і буду далей радаваць балельшчыкаў. Мая мара — зноў апынуцца на п`едэстале на Алімпійскіх гульнях».

У Палацы Незалежнасці Антон быў упершыню. Малады чалавек адчуў вялікі гонар, што ён, звычайны хлопец, прысутнічаў у такім важным для нашай краіны будынку.

«Уся наша дзейнасць — на карысць краіны»

Заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь стаў начальнік ваенна-аркестравай службы Узброеных Сіл — начальнік дзяржаўнай установы «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Узорна-паказальны аркестр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь» Ігар Хлебус. На дырыжорскай рабоце афіцэр — з 1993 года.

«Першапачаткова хацеў стаць музыкам, потым падумаў, а чаму б не быць ваенным музыкам, — расказвае гісторыю свайго творчага шляху палкоўнік. — Цяпер я больш вызначаю сябе як афіцэр, бо мы таксама, як і ўсе ваеннаслужачыя, выконваем пастаўленыя задачы. Уся наша дзейнасць — на карысць нашай краіны».

Кампазіцыі, якія выконваюць музыкі ў пагонах, заўсёды задаюць урачысты настрой. Іх нельга не заўважыць сярод іншага рэпертуару, немагчыма не даслухаць да канца. «Галоўная задача нашай музыкі — патрыятычнае выхаванне, — адзначае Ігар Хлебус. — Сама форма абавязвае. Калі наша музыка чапляе слухача, калі ў гэты момант ён з гонарам усведамляе, што з`яўляецца беларусам, — значыць, трапілі туды, куды трэба».

Гэты год багаты для творчага калектыву і яго кіраўніка на ўзнагароды. На пачатку года Узорна-паказальны аркестр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь быў адзначаны прэміяй Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне».

«Атрымліваю маральнае задавальненне ад таго, як расце ўраджай»

Намесніку дырэктара Гродзенскага абласнога аграпрамысловага саюза Івану Алізаровічу прысвоена званне заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. У гэтай сферы ён ні многа, ні мала — амаль паўвека. Досвед, назапашаны ў сельскагаспадарчай галіне, цяпер перадае маладым спецыялістам і кіраўнікам.

Іван Алізаровіч расказвае, што нават за столькі гадоў, колькі ён прысвяціў аграпрамысловаму комплексу, не паспеў стаміцца. «Кожны дзень нешта новае, перадавое — сельская гаспадарка не стаіць на месцы, сур`ёзна рухаецца наперад, — адзначае ён. — Навука далёка пайшла наперад, але ўсёй тэхнікай, якая знаходзіцца на сяле, кіруюць людзі. Таму стары савецкі лозунг — кадры вырашаюць усё — актуальны дагэтуль».

Узнагароджаны прызнаецца, што, калі б яму задалі пытанне, ці хацеў бы ён прайсці свой жыццёвы шлях па-іншаму, адказ быў бы адназначны — не, не хацеў бы. «Атрымліваю маральнае задавальненне ад сваёй работы, ад таго, як расце добры ўраджай, — прызнаецца Іван Алізаровіч. — Імкнуся не адставаць ад усіх тэхналогій, навацый, якія ёсць у свеце».

Аўтар: Вераніка Канюта
Звязда, 13 верасня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/53/71011
Текущая дата: 28.12.2024