Белорусский портал в Казахстане

Рэспубліканскае свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў") стартуе ў Шклоўскім раёне



Як расказаў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, літаральна за некалькі дзён на беразе Дняпра вырас сапраўдны горад - са сваімі каларытнымі вулачкамі і атмасферай.

"У гэтым годзе ў нас павялічылася само александрыйскае поле за кошт з`яўлення новых лакацый. Мы падрыхтаваліся да таго, што будзе яшчэ больш гасцей свята. Праграма фестывалю настолькі разнастайная, што дзеці і дарослыя знойдуць тое, што яны шукаюць, і не толькі купальскую кветку", - адзначыў Валерый Малашка.

Прыбудуць шэсць кіраўнікоў рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, тры дэлегацыі на ўзроўні кіраўніцтва заканадаўчага сходу і іншых органаў дзяржаўнага кіравання Расіі. Акрамя таго, на "Купаллі" будуць прадстаўлены 20 рэгіёнаў Расіі - да нас прыехалі майстры. У гасцях у Александрыі будуць усе рэгіёны нашай краіны.

Удзельнікі фестывалю вельмі розныя, але вельмі падобныя. "Душа ў нашых народаў адна. Аб`ядноўваюць нас усіх нашы абярэгі. І гэта асноўная тэма "Купалля" сёлета, - дадаў Валерый Малашка. - А адзін з важнейшых нашых абярэгаў - дзяржаўны сцяг. Сёння на канцэрце Саюзнай дзяржавы да нас з неба спусцяцца беларускі і расійскі сцягі. Лепшыя парашутысты падораць нам такі сімвал яднання і дружбы нашых дзяржаў".

Акрамя таго, абярэгі - гэта і прадметы, якія маюць свой пэўны сакральны сэнс. "Гэта паясы, нацыянальны і традыцыйны касцюм кожнага рэгіёна. Вельмі добра, што нашу ідэю падхапілі майстры народна-прыкладнога мастацтва з Расійскай Федэрацыі і прывезлі да нас свае абярэгі, якія сталі часткай александрыйскага вянка, - падзяліўся Валерый Малашка. - Важна, што майстры мастацтваў, у тым ліку эстрадныя і народныя выканаўцы, прыехалі ў Александрыю зараджаныя пазітыўнай энергіяй. І ўсю сваю творчасць яны падораць з адкрытай душой гасцям".

Здзіўляць на свяце будзе і разнастайнасць прапанаваных страў. "Беларуская традыцыйная кухня, рэцэпты малых народаў і Расійскай Федэрацыі будуць прыемна радаваць нашых гасцей. Дзверы імправізаваных рэстаранаў будуць адчынены для ўсіх. Дарэчы, сёлета мы павялічылі зону фуд-корта - на 45 суб`ектаў гаспадарання больш прымае Александрыя, павялічылася колькасць пасадачных месцаў - іх стала больш на тры сотні, - сказаў намеснік старшыні. - Уражваць новымі лакацыямі і рэцэптамі будуць нашы прадпрыемствы перапрацоўкі. Усё гэта будзе смачна і цікава".

Паклапаціліся арганізатары і аб тым, каб гасцям было зручна дабірацца да александрыйскага поля, як чыгункай, так і аўтатранспартам. Арганізаваны вялікія паркоўкі. Ад гасцей патрабуецца адно - цудоўны настрой, гатоўнасць да актыўнага адпачынку і зручнае адзенне.

"У нашай краіне ёсць шмат мясцін, дзе павінен пабываць кожны. Свята ў Александрыі - адна з іх. Гэта месца мае свой магнетызм і прыцягненне. І наша жамчужына александрыйскі кірмаш з`яўляецца магнітам і месцам прыцягнення тысяч гасцей", - падкрэсліў Валерый Малашка.

"Купалле" ў Александрыі кожны год адзначаецца непаўторнай атмасферай, традыцыямі і абрадамі, яркай культурнай праграмай. На працягу ўсяго дня фестываль будзе прымаць сваіх старых сяброў і з нецярпеннем чакаць сустрэчы з новымі.

8 ліпеня 2023, Александрыя
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/56/70032
Текущая дата: 16.11.2024