У Беларусі падтрымка сем’яў з дзецьмі сапраўды сур’ёзная, заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час віншавання маці, якія нарадзілі дзяцей 3 ліпеня ў радзільным доме УАЗ «6-я гарадская клінічная бальніца», у рамках акцыі «Белая Русь» — з любоўю да дзяцей!»
Тут сёння павіншавалі дзевяць маці, якія нарадзілі 10 дзяцей у Дзень Незалежнасці — гэта 7 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі, з іх адна двойня.
«Настрой у такія моманты заўсёды выдатны, — сказала Наталля Качанава. — Я ўдзячная грамадскай арганізацыі „Белая Русь“ за гэту акцыю, якая праводзіцца ўжо на працягу 15 гадоў. І сімвалічна, што менавіта ў гэтым радзільным доме акцыя пачынала свае першыя крокі. Гэта, вядома, цудоўна, калі мы прыязджаем для таго, каб павіншаваць нашых мамачак з нараджэннем дзіцяці. Гэта адна з галоўных падзей у жыцці кожнай жанчыны, на мой погляд. Я сёння хацела сказаць мамачкам: віншую вас з галоўнай падзеяй у вашым жыцці, якая супала з галоўнай падзеяй у жыцці нашай краіны. А потым, як аказалася, у некаторых жанчын гэта ўжо восьмая галоўная падзея — мы віншавалі жанчыну, якая нарадзіла восьмае дзіця ў сценах гэтага радзільнага дома».
Паводле слоў спікера, гэта цудоўна, калі сем’і прымаюць рашэнне нараджаць дзяцей. «Самае галоўнае, каб гэтыя дзеткі былі жаданымі. Для нас, для Беларусі яны жаданыя. Таму што мы хочам, каб як мага больш дзяцей было ў нашай краіне і дзяржава робіць усё для таго, каб падтрымаць сем’і, якія выхоўваюць дзяцей», — адзначыла старшыня Савета Рэспублікі. — Вы ведаеце, якія прыняты рашэнні. Прэзідэнт заўсёды вельмі ўважліва ставіцца да гэтага пытання, каб дзеткі атрымлівалі неабходную дапамогу ў выпадку неабходнасці ад дзяржавы. Ну і сем’і нашы, вы ведаеце, што падтрымка сапраўды сур’ёзная. 11 відаў розных дапамог атрымліваюць сем’і, якія выхоўваюць дзяцей».
Акцыя «Белая Русь» — з любоўю да дзяцей!» упершыню была праведзена ў 2009 годзе ў 6-й гарадской бальніцы Мінска.
«Выдатна, цудоўна, што з’явілася такая ідэя, якая ўжо стала адной з традыцый у нашай краіне. І калі мы разам з гэтымі маладымі мамамі, калі чуем ад іх добрыя словы ў адрас урачоў, у адрас сістэмы аховы здароўя, вядома, мы рады гэтаму і вельмі спадзяёмся, што гэтыя дзеткі будуць шчаслівыя ў сваёй сям’і і ў нашай роднай краіне», — падкрэсліла Наталля Качанава.
Па існуючай добрай традыцыі ў краіне праходзіць акцыя «Белая Русь» — з любоўю да дзяцей!». У гэтыя дні па ўсёй краіне кіраўнікі арганізацыйных структур «Белай Русі», дзяржаўныя дзеячы, дэпутаты, кіраўнікі адміністрацый раёнаў, прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя і іншых ведамстваў віншуюць маці, якія нарадзілі малышоў у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У гэтым годзе 3 ліпеня ў Мінску (у тым ліку ў РНПЦ «Маці і дзіця») нарадзіліся 26 дзяцей: 12 хлопчыкаў (адна двойня) і 14 дзяўчынак.
Звязда, 5 ліпеня 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/57/69978
Текущая дата: 16.11.2024