Белорусский портал в Казахстане

У БДМУ дадзены старт II Беларуска-расійскаму патрыятычнаму форуму «Нам жыць і памятаць»



У Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце дадзены старт II Беларуска-расійскаму патрыятычнаму форуму «Нам жыць і памятаць».

У адкрыцці прынялі ўдзел міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, генеральны пракурор Андрэй Швед, намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды, рэктар БДМУ Сяргей Рубніковіч.

«На жаль, у гады Вялікай Айчыннай вайны загінула шмат медыцынскіх работнікаў, нашы калегі цалкам выканалі свой абавязак, аказваючы медыцынскую дапамогу, у тым ліку са зброяй у руках. Помнікі, прысвечаныя іх подзвігу, ёсць, яны знаходзяцца ў нас на ўтрыманні, студэнты і моладзь рэгулярна прыводзяць іх і тэрыторыі вакол іх у парадак. Мы захоўваем нашу памяць, сведчанне таму — у тым ліку і Беларуска-расійскі патрыятычны форум „Нам жыць і памятаць“, які становіцца традыцыйным. Мерапрыемства праводзіцца ўжо другі раз, расце ахоп маладых калег і з нашага боку, і з боку Расіі. Летась у форуме прымалі ўдзел дзве ВНУ, сёлета іх шэсць. Для таго, каб жыць у свабоднай, мірнай краіне, нам неабходна памятаць урокі гісторыі, памятаць, чаму была вайна, якімі гераічнымі намаганнямі мы перамаглі і які ўклад унеслі медыкі ўсяго Савецкага Саюза, у тым ліку Беларусі, у Перамогу. У рамках секцый, якія мы правядзем сёння, мы пагаворым у тым ліку і пра генацыд нашага народа — гэта самыя горкія старонкі гісторыі нашай краіны», — распавёў Дзмітрый Піневіч.

Удзельнікамі форуму сталі студэнты БДМУ, Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага медуніверсітэта, Гомельскага дзяржаўнага медуніверсітэта, БДУ, БДПУ, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, а таксама з расійскіх універсітэтаў Масквы, Санкт-Пецярбурга, Смаленска, Яраслаўля, Самары.

У рамках форуму ў двары БДМУ міністр аховы здароўя, генеральны пракурор і астатнія запрошаныя высадзілі бэзавую алею ў гонар подзвігу медыцынскіх работнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Звязда, 3 траўня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/64/69321
Текущая дата: 17.11.2024