Белорусский портал в Казахстане

Мітынг-рэквіем прайшоў на мемарыяльным комплексе «Ала»



На мерапрыемстве ў Светлагорскім раёне сабраліся прадстаўнікі ўлады, грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый, працоўных калектываў, дэпутаты, вайскоўцы, моладзь рэгіёна.

Да ўдзельнікаў мітынгу звярнуўся старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко: 

— Хатынь, Ала, як і дзясяткі іншых вёсак, уваскрэслі. У камені, у звоне, у нашых сэрцах. Мы будзем прыходзіць сюды разам са сваімі дзецьмі і ўнукамі, каб памятаць, каб рабіць высновы з урокаў гісторыі, — выказаў упэўненасць кіраўнік рэгіёна.

Як падкрэсліў Іван Крупко, сёння мемарыяльны комплекс «Ала» — сведка жахлівага злачынства нацыстаў у Светлагорскім раёне, сімвалічнае месца, дзе не трэба нагадваць, якой можа быць цана за мір.

— Сюды едуць з ўсёй Беларусі, з розных куткоў планеты. Бо гэта яшчэ адна магчымасць зазірнуць у мінулае, яшчэ раз задумацца пра будучыню, — зазначыў кіраўнік рэгіёна. — Мы ў сваіх сэрцах будзем вечна захоўваць памяць пра нявінныя ахвяры, і нам не патрэбен лекар-час, бо сэнс яго лячэння — сцерці з памяці. Хай звон Хатыні назаўжды спыніць любыя спробы забыцця сотняў тысяч нявінна загубленых душ, — заклікаў старшыня Гомельскага аблвыканкама.

Аўтар: Наталля Капрыленка
Звязда, 22 сакавіка 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/70/68758
Текущая дата: 17.11.2024