«Мяне заўсёды цікавіў чалавек»... Аўтар гэтых слоў, якія як найлепей характарызуюць яго творчасць, вядомы беларускі драматург Аляксей Дудараў памёр 27 лютага, на 73-м годзе жыцця.
Звестка аб яго раптоўнай смерці стала нечаканай і ўзрушваючай — Аляксей Дудараў успрымаўся нейкай пастаяннай велічынёй, якая тут і цяпер пацверджвае значнасць нацыянальнай культуры і яе ўбудаванасць у сусветную... Які б новы яго твор ні з’яўляўся — рабіўся падзеяй.
Цяпер застаецца асвойваць, пераглядаць, перачытваць спадчыну, якая яшчэ пры жыцці творцы была прызнаная класікай.
У 1979 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў серыі «Першая кніжка празаіка» выйшаў зборнік апавяданняў пад назвай «Святая птушка». Яго пачынала апавяданне з гэтай жа назвай, пра вясковага дзівака, які ладзіць на дрэве ля сваёй хаты буслянку. Нягледзячы на кпіны і неразуменне аднавяскоўцаў і ўласнай жонкі. Таму што ёсць у яго мара — каб кружлялі над вёскай буслы, святыя для беларусаў птушкі. Таму што жыве паэзія ў душы народа, якую чуюць і ўвасабляюць яго паэты і пісьменнікі... Аляксей Дудараў чуў душу беларускага народа. Недарэмна ягоныя «Белыя Росы» сталі культавым фільмам, расцягнутым на цытаты. Недарэмна расчулена смяяліся і плакалі гледачы, калі глядзелі на сцэне настальгічны, вясёлы і шчымлівы «Вечар», і гэтак узрушваліся горкай памяццю вайны на «Радавых»...
Аляксею Дудараву было адкуль браць тыпажы. Ён нарадзіўся ў сялянскай сям’і, гадаваўся ў беларускай вёсцы. Потым скончыў Наваполацкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча нафтавікоў, працаваў слесарам на нафтаперапрацоўчым заводзе... І, як ягоныя героі, дзівакі, мройнікі, самародкі, марыў пра свет мастацтва. Назапашваў назіранні і ўражанні, якія потым увасобяцца ў пазнавальных герояў. Потым быў тэатральна-мастацкі інстытут — Аляксей Ануфрыевіч вучыўся па спецыяльнасці «акцёр драмы і кіно». Але акцёрская прафесія не магла рэалізаваць усё, што было яму дадзена... А дадзена было шмат. Апавяданні і казкі, сцэнарыі і п’есы... Дудараў любіў сваіх дзівакаватых герояў, здатных на прыгожыя і адчайныя ўчынкі. Самотныя старыя, якія дажываюць свой век у закінутай вёсцы, у яго п’есе робяцца персанажамі не менш значнымі, чым шэкспіраўскія. Зварот да чалавечнасці, нелюбоў да пафасу. Непаўторная сумесь горычы і гумару... У творчасці драматурга Аляксея Дударава ўзнікла цэлая панарама беларускай гісторыі. Рамантычнай, трагічнай, з персанажамі не хадульнымі, не стэрэатыпнымі — усе яны, князі і князёўны, ваяры і прыслуга, жывыя людзі са сваймі жарсцямі, якім спачуваеш. «Палачанка» пра гісторыю шлюбу Рагнеды і Уладзіміра, «Князь Вітаўт» — пра лёс князя-ваяра, «Чорная панна Нясвіжа» — пра каханне Барбары Радзівіл і Жыгімонта Аўгуста і шмат іншых твораў, якія паказваюць, што такое сапраўдная высакароднасць, вернасць ідэалам. Нават «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага, паэта XVI стагоддзя, ажыла на сцэне дзякуючы інтэрпрэтацыі Дударава.
Пра што б ні пісаў Аляксей Дудараў, ён пісаў з любоўю да Беларусі, да свайго народу, і гэтыя пачуцці перадаваліся чытачу і гледачу. Асобнае месца ў спадчыне Дударава займаюць творы пра Вялікую Айчынную вайну — тут ён намагаўся прытрымлівацца гістарычнай праўды. Казаў, што хоць сам не ваяваў, але ствараў па аповедах свайго бацькі-франтавіка, суседзяў, якія перажылі вайну, і ўсяго лепшага, што з’яўлялася на гэтую тэму ў літаратуры. Зрэшты, у яго творах заўсёды шмат асабістага — прапушчанага праз душу, праз сэрца. Напрыклад, п’есу «Вечар» ён называў рэквіемам па сваіх бацьках.
У Аляксея Дударава шмат знакаў прызнання яго таленту. За зборнік «Святая птушка» і п’есу «Выбар» ён стаў лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамолу, атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР за спектакль «Радавыя», у 2002-м стаў лаўрэатам прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва.
Мы гутарылі з Аляксеем Ануфрыевічам, калі ён напісаў працяг фільма «Белыя Росы». Я спытала, якое месца ў сваіх творах ён адводзіць інтэлігенцыі, творчаму чалавеку. Адказ прагучаў такі: «Творчы чалавек у маім разуменні — гэта не герой вядомага анекдота, якому раць у адказ на скаргі, што ніхто не заўважае яго вялікі талент: „А ты ідзі ў запой!“ Творчы чалавек проста робіць сваю справу. У ім ёсць „белая костка“ — гэта ўнутраная высакароднасць, якая павінна быць у кожнага, хто лічыць сябе інтэлектуалам. Нейкі нязменны стрыжань... Бо ёсць рэчы, на якія „новага погляду“ няма і быць не можа».
Дудараў сапраўды меў у сабе і гэты «нязменны стрыжань», і высакароднасць. Ён не здраджваў самому сабе.
Апошнія гады Аляксей Ануфрыевіч быў мастацкім кіраўніком Тэатра Беларускай арміі. Ён вялікую ўвагу надаваў там моладзі, казаў, што хоча, каб тыя, хто працуе ў яго тэатры, адчувалі сябе шчаслівымі. Шмат гадоў з’яўляўся старшынёй Саюза беларускіх тэатральных дзеячоў. «Пра планы на будучыню я не люблю разважаць. Проста трэба жыць і працаваць. Тое, што павінна быць напісана, будзе напісана, а тое, што не атрымаецца, тое не атрымаецца» — так падсумаваў ён адну са сваіх гутарак.
Няма сумневу, што гэтымі днямі прыхільнікі творчасці Аляксея Дударава перагледзяць і «Белыя Росы», і іншыя экранізаваныя творы... Перачытаюць яго кнігі. І мы яшчэ не раз пабачымся з яго персанажамі, дзівакаватымі і мройлівымі, гераічнымі і высакароднымі на сцэне і на экранах. Аднойчы на пытанне, чаго б ён пажадаў сучаснаму чалавеку, Аляксей Ануфрыевіч адказаў: «Веры. Яна дае надзею. А калі верыш і спадзяешся, здабудзеш любоў. А калі побач любоў, няма беднасці, няма хваробы. І смерці няма».
Яго любоў, вера і надзея захаваюць тое, што ён стварыў, для вечнасці.
Аўтар: Людміла Рублеўская
Звязда, 28 лютага 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/72/68584
Текущая дата: 17.11.2024