Белорусский портал в Казахстане

Які сёння дзень: 21 лютага 2023 года



Гэты дзень з`яўляецца пяцьдзесят другім па грыгарыянскім календары, таму да канца года засталося 313 дзён.

Сёння адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Якія яшчэ падзеі адбыліся 21 лютага і чым адзначаны гэты дзень у народным календары, чытайце далей:

Гістарычныя падзеі 21 лютага

У 1918 годзе Выканаўчы камітэт Савета Усебеларускага з`езда апублікаваў I Устаўную грамату, якой абвясціў сябе часовым урадам Беларусi. Нямецкія войскі ўвайшлі ў Мінск. СНК РСФСР прыняў дэкрэт-заяву "Сацыялістычная Айчына ў небяспецы!"

Хто нарадзіўся 21 лютага

1952 год: Мікалай Паграноўскі, беларускі мастацтвазнавец.

Таксама сёння нарадзіліся аўстрыйскі кампазітар Карл Чэрні і брытанскі акцёр Алан Рыкман.

21 лютага ў народным календары

Працягваецца Масленіца. У аўторак здаўна спраўлялі "зайгрышы": хлопцы запрашалі дзяўчат да санак, бо з раніцы ладзілі катанне са снежных гор. Лічылася, што чым далей праедзе на санках маладуха, тым даўжэйшы лён будзе ўлетку ў яе. Усе весяліліся ды частаваліся блінамі.

Таксама сёння праваслаўныя вернікі ўспамінаюць аднаго з 12 малых прарокаў – Захарыя. Яму маліліся, каб жніво было добрым – у народнай свядомасці гэта звязана з тым, што прарок Захарыя ў сне ўбачыў скрутак, які па форме нагадваў серп.

У народзе гэты дзень лічыўся нешчаслівым, толькі гандлярам і рамеснікам ён абяцаў прыбытак. З Захарыя рыба ў рэках і азёрах пераставала кляваць.

Калі ў гэты дзень марозна, хутка прыйдзе вясна і пацяплее. Тое ж самае прадвяшчаюць гусі, якія мыюцца ў снезе.

Sputnik, 21 лютага 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/73/68520
Текущая дата: 17.11.2024