Белорусский портал в Казахстане

Усе створаныя беларускім народам матэрыяльныя і нематэрыяльныя каштоўнасці з`яўляюцца скрэпамі, на якіх зараджалася і развівалася нацыянальная дзяржаўнасць



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўручэння прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльнай прэміі дзеячам культуры і мастацтва, спецыяльнай прэміі "Беларускі спартыўны Алімп".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сённяшні вечар з`яўляецца працягам самага светлага, самага сямейнага і прыгожага свята Раства. "Прэміі, якія штогод уручаем у гэтыя зімовыя дні, - даніна спрадвечным традыцыям, што звязваюць эпохі і пакаленні. Даніна духоўнай сіле беларусаў - мудрых, працавітых, якія любяць родную зямлю і шануюць продкаў", - сказаў беларускі лідар.

Першых лаўрэатаў прэміі "За духоўнае адраджэнне" ў Беларусі ўшаноўвалі больш за чвэрць стагоддзя таму. "Тады мы нават падумаць не маглі, з якімі выклікамі сутыкнёмся ў барацьбе за сваю духоўнасць, за сваю гістарычную спадчыну і за свой уклад. І не ўяўлялі, якая актуальная будзе традыцыя ўзнагароджваць людзей, якія прысвяцілі сябе высакароднай справе - захаванню нашых духоўных вытокаў, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Але мы заўсёды ведалі, а сёння асабліва востра ўсведамляем, што ўсе створаныя беларускім народам матэрыяльныя і нематэрыяльныя каштоўнасці - гэта і ёсць тыя скрэпы, на якіх зараджалася і развівалася нацыянальная дзяржаўнасць".

"Яны ў працах першых асветнікаў беларускай зямлі, у пабудаваных нашымі зодчымі храмах, палацах і музеях, у шэдэўрах музыкі, жывапісу, паэзіі і прозы, створаных нашымі таленавітымі суайчыннікамі, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Яны ў подзвігах народа-пераможцы, які падарыў нам мір, незалежнасць, само права жыць; народа-працаўніка, які адрадзіў абпаленую агнём вайны родную зямлю".

Асабліва падкрэсліў кіраўнік дзяржавы і значную ролю праваслаўя, якое больш за тысячу гадоў таму аб`яднала славян у старажытную дзяржаву, навучыла міласэрнасці, міралюбнасці і любові да бліжняга.

10 студзеня 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/78/67898
Текущая дата: 17.11.2024