Белорусский портал в Казахстане

Старадаўнім абрадам «Конікі» адзначаць стары Новы год у Давыд-Гарадку



У Давыд-Гарадку Столінскага раёна 13 студзеня правядуць рэгіянальнае свята зімовых абрадаў «Конікі», паведамляе аддзел культуры Столінскага райвыканкама.

Гэты старадаўні абрад па праву лічыцца візітнай карткай Давыд-Гарадка, які знаходзіцца ў глыбі Палесся. Да «Конікаў» мясцовыя жыхары пачынаюць рыхтавацца загадзя, шукаюць або майструюць арыгінальныя маскі і касцюмы. На вуліцах горада 13 студзеня можна сустрэць пераапранутых «дзеда», «бабу», «цыганку», «мядзведзя» і іншых спрадвечных і сучасных персанажаў.

Цэнтральная фігура абраду — конь з вершнікам. Існуюць розныя думкі пра з’яўленне гэтага касцюма. Большасць схіляецца, што яго прыдумалі ў гады Першай сусветнай вайны. Гараджане ж усёй душой прыкіпелі да коніка. Выглядаць ён можа па-рознаму. Як правіла, яго тулава хаваюць пад белай тканінай, ззаду прымацоўваюць хвост. Замест галавы выкарыстоўваюць валёнак. У цэнтры застаецца месца для вершніка. Дарэчы, насіць такую канструкцыю ўвесь вечар вельмі няпроста.

«Сваякі, суседзі, сябры збіраюцца разам, рыхтуюць касцюмы, вучаць калядныя песні, а 13 студзеня шчадруюць. Кульмінацыя свята праходзіць у цэнтры Давыд-Гарадка. Там збіраюцца ўсе групы „Конікаў“, каб прэзентаваць сябе. Удзельнічаюць кампаніі мясцовых жыхароў, прадстаўнікі розных прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў адукацыі, творчыя калектывы», — расказалі ў аддзеле культуры.

На цэнтральнай плошчы горада будуць працаваць гандлёвыя рады, атракцыёны, для дзяцей арганізуюць гульнявую праграму. Публіку будуць забаўляць творчыя калектывы. Самае ж цікавае пачнецца ў 21.00. Да гэтага часу з усіх куткоў Давыд-Гарадка на парад збяруцца «Конікі». Завершыцца свята дыскатэкай.

«„Конікі“ для Давыд-Гарадка — вялікае свята. Людзі збіраюцца сем’ямі, госці прыязджаюць з іншых рэгіёнаў, — звярнулі ўвагу ў аддзеле культуры. — Дакладна невядома, як даўно праводзіцца гэты абрад, але яму сапраўды больш за сто гадоў. Жыхары не забываюць сваю традыцыю і стараюцца яе захоўваць».

Звязда, 11 студзеня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/78/67913
Текущая дата: 17.11.2024