Мітынг з нагоды 100-годдзя з моманту стварэння СССР прайшоў у цэнтры Мінска, прадстаўнікі партый і грамадскіх аб’яднанняў сабраліся на плошчы Незалежнасці каля помніка Леніну.
Прадстаўнікі Камуністычнай партыі Беларусі і шэрага грамадскіх аб’яднанняў правялі ў Мінску шэсце з нагоды стагоддзя стварэння СССР.
Каля помніка Леніну на плошчы Незалежнасці ў цэнтры горада адбылася цырымонія ўскладання вянкоў, пасля чаго ўдзельнікі прайшлі шэсцем да Кастрычніцкай плошчы.
Правядзенне мерапрыемства было ўзгоднена з гарадскімі ўладамі.
Калона са сцягамі і транспарантамі рухалася па тратуары, не ствараючы праблем аўтамабілістам.
Многія неслі ў руках сцягі СССР, БССР, копіі Сцяга Перамогі. Былі і тыя, хто прыйшоў на мітынг з фатаграфіямі сваіх бацькоў і дзядоў, якія ваявалі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Мітынг, прымеркаваны да стагоддзя СССР, працягнуўся на Кастрычніцкай плошчы каля Палаца культуры прафсаюзаў.
Як вядома, Саюз, у які аб’ядналіся РСФСР, Украінская ССР, Беларуская ССР і Закаўказская СФСР, быў створаны 30 снежня 1922 года.
Дзяржава праіснавала да 8 снежня 1991 года, калі прадстаўнікамі Расіі, Украіны і Беларусі былі падпісаны Белавежскія пагадненні, якія паставілі кропку ў гісторыі СССР. Свае подпісы пад дакументам паставілі Вячаслаў Кебіч і Станіслаў Шушкевіч ад Беларусі, Барыс Ельцын і Генадзь Бурбуліс ад Расіі, а таксама Леанід Краўчук і Вітольд Фокін ад Украіны.
26 снежня 1991 года Вярхоўным Саветам СССР была прынята дэкларацыя аб спыненні існавання Саюза.
Sputnik, 30 снежня 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/79/67725
Текущая дата: 17.11.2024