Белорусский портал в Казахстане

Размаітае жыццё на старонках кнігі Міхаіла Мясніковіча



Назва кнігі не зусім звыклая: «Так было. + Личное». Выпусціла яе выдавецтва «Беларуская навука» напрыканцы 2022 года.

Кніга захапіла з першых сказаў, з першых старонак. І не толькі таму, што напісана пачуццёва прывабна, па-чалавечы спакойна, шчыра, але і доказна. Можа, і таму яшчэ, што многія з тых падзей, пра якія піша М.Мясніковіч, давялося перажыць і мне. Чытаў, параўноўваў уражанні, эмоцыі, дзівіўся незвычайнай назіральнасцю аўтара — столькі жыццёвых дэталей і дэталек, многім нябачных, робяць тэкст займальным, вабяць ісці далей. Так, крок за крокам, я ішоў з аўтарам па полі перажытага. Перад вачыма сапраўды ажывалі аздобленыя аўтарскай назіральнасцю і памяццю падзеі, што адбываліся не толькі ў Беларусі, але і ў Маскве, на прасторах тагачаснага Савецкага Саюза, за яго межамі. 

Кніга пачынаецца акурат са знікнення з гістарычнай арэны СССР — «Падзеі, якія ўзрушылі свет». Мясніковічава сведчанне шмат дадае да вядомага нам пра той неадназначна ўспрыняты тады, ды і сёння таксама, час. Але ж не толькі гэта «Так было». Міхаіл Уладзіміравіч як актыўны і неабыякавы дзяржаўны і палітычны дзеяч сапраўды можа расказваць пра перажытае цікава і справядліва, бо сам быў непасрэдным удзельнікам, сам моцна перажываў за не заўсёды адэкватныя патрабаванням часу дзеянні тагачасных уладных структур, асобных дзеячаў розных узроўняў. Неаднойчы асабіста адказваў за арганізацыю і правядзенне тых ці іншых мерапрыемстваў, нават міжнароднага значэння, сам мусіў прымаць тыя ці іншыя рашэнні, што ўплывалі на лёс не толькі Беларусі. Тут ужо не схлусіш і не падфарбуеш пунсовым колерам. Але менавіта ў гэтым — у праўдзівасці, у дакладнасці, у дакументаванасці самая вялікая каштоўнасць кнігі. 

Яна пра сапраўды рэальныя падзеі, хоць і падсвечана аўтарскімі эмоцыямі. І гэта не проста пералічэнне фактаў, гэта суперажыванне аўтара, не прыхарошанае, але і не знішчальна-крытычнае. Гаворка чалавека, якому на самай справе балела за тое, што і як адбывалася, які больш за многіх іншых адчуваў тую праўду, якую альбо не хацелі заўважаць, альбо знарок ігнаравалі. Гаворка шчырая таму, што сам ён быў не толькі відавочцам. 

Варта прызнаць, што некаторыя аўтары напісанага пра той час альбо не адкрываюць усю праўду, альбо выстаўляюць напаказ саміх сябе, як галоўных стваральнікаў толькі пазітыўнага, аддаючы адмоўную ролю іншым. Мясніковіч не баіцца казаць праўду, не хавае і не прыпудрывае тое, што адбывалася на самай справе, што бачыў сваімі вачыма знутры, з чым не пагаджаўся ён сам ці яго суразмоўцы. Гаворыць і пра тое станоўчае, што адбывалася, і пра нялёгкае, адмоўнае, негатыўнае. Прытым гаворыць шчыра і доказна — не паверыць яму нельга. А ён жа сведчыць і пра складанасці, недапрацоўкі ў некаторых тагачасных уладных структурах, і пра нялёгкі, часам насычаны адмоўнымі эмоцыямі, сённяшні дзень. Не баіцца называць прозвішчы нават самых высокіх асоб, з кім сустракаўся, сутыкаўся, спрачаўся, за каго перажываў, каго падтрымліваў, з кім не пагаджаўся.

Пра гэта сведчыць нават назва аднаго эсэ: «Кан’юнктуршчыкі ніколі не будуць сябрамі». Дапускаю, што нешта з выказанага Мясніковічам у некага выкліча іншыя эмоцыі, некаму не ляжа на душу. Але ж гэта натуральна, па-жыццёваму справядліва. На нейкія падзеі аўтар мае свой погляд, чытач — свой. І няхай сабе. Бо, вядома ж, у спрэчцы нараджаецца ісціна. Менавіта з разнастайнасці думак і поглядаў прарастае тое зерне аб’ектыўнасці, справядлівасці і праўдзівасці, якое становіцца асноватворным для рэальнага жыцця рэальнага грамадства. 

Дыяпазон інтарэсаў аўтара сапраўды самы шырокі: ад «Малой Радзімы», «Дзяцінства», «Школы. Юнацтва» да «Трыбуны ААН», ад «Мая мама. Жыццё ва ўмовах перамен», «Вайна. Бацька» да «Белы дом. Авальны кабінет. Пентагон», ад «Біяграфічнай навелы» да «Актуальных пытанняў эканомікі і інтэграцыі на сучасным этапе развіцця». Гэта тое, чым было насычана жыццё аўтара, з чым звязана яго станаўленне як асобы, як чалавека, як грамадзяніна, як дзеяча, які думае і клапоціцца не столькі пра сябе, колькі пра дабрабыт, жыццёвую забяспечанасць іншых, зрэшты, пра лёс народа. А ўжо гэтыя якасці паспрыялі таму, што стаў Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч прызнаным дзяржаўным і палітычным дзеячам, справы якога вядомы і за межамі нашай краіны. 

Перажытага, убачанага, асэнсаванага і ўключанага ў агульнаеўрапейскі кантэкст у жыцці Мясніковіча сапраўды шмат. Паўтаруся, не толькі пра станоўчае распавядае аўтар. Жыццё ж нашмат багацейшае і разнастайнае, чаго нельга не заўважаць сапраўднаму патрыёту і клапатліваму рупліўцу на нацыянальнай ніве. Таму, можа, ён не толькі піша пра сябе ці свае эмоцыі, але і аналізуе шмат якія палітычныя, эканамічныя, міжнародныя сітуацыі датычна беларускіх спраў, пацвярджаючы гэта непасрэдна дакументамі, выказваннямі іншых аўтараў. Прычым даводзіць многае ад даўняга часу да дзён сённяшніх. Нават падзеі 2022 года прысутнічаюць на старонках кнігі — «Еўразійскі эканамічны саюз: сёння і заўтра».

Я часам нават дзівіўся, як магла чалавечая памяць захаваць многія і многія, здавалася б, драбніцы, малазначныя факты. Але ж з усяго гэтага і складваецца тая праўда, што вабіць чытача, які сам перажыў не толькі той час, але і сённяшняга, які не быў сведкам тагачаснага, а толькі з дакументальных кніг можа даведацца аб днях мінулых.

Таму многія зацікаўлена будуць паглыбляцца ў далёкі і не вельмі аддалены час пераўтварэння і перастварэння як самога часу, так і яго творцаў — далёкіх і блізкіх, сваіх і замежных. Старонак жа ў кнізе не так ужо і мала — амаль 600, ды яшчэ прыкметнага фармату. Так што можна ўявіць, колькі перажытага ўклаў аўтар у напісанае, у тое, што не цьмее з часам, змушае казаць праўду, каб не забылася, не ператварылася ў несправядлівую легенду. У гэтым бачыцца мне адна з каштоўнасцей і неаспрэчная карысць кнігі М. Мясніковіча. 

Тое ж можна сказаць і пра сімвалічны сэнс назвы кнігі: «Так было. + Личное». Бо і сапраўды, аўтар піша пра тое рэальнае, што было, што адбывалася. Але пры гэтым падсвечвае ўласнымі эмоцыямі, падае і як факт, і як асабіста перажытае, асабіста асэнсаванае, прапушчанае праз сэрца, а не прагматычна безэмацыянальную канстатацыю. І наадварот, у тым асабістым, якое менавіта такім лічыць аўтар, нават у расповедзе пра сваіх родных, бацькоў, аднасямейнікаў, сваякоў, суседзяў, сяброў, калег, паплечнікаў, аднавяскоўцаў столькі факталагічна цікавага і карыснага, агульначалавечага і патрэбнага сённяшняму чытачу, што хочацца сказаць: вось каб так пісалі ўсе, хто бярэцца за пяро (ці сядае за камп’ютар), то яшчэ больш поўнай і па-сапраўднаму цікавай і непаўторнай станавілася б наша гісторыя. 

Дастаткова прывесці хоць бы некаторыя назвы раздзелаў, каб зразумець абсяг інтарэсаў аўтара. «ГКЧП», «Краіна, якой не стала». І тут жа — «Міністр», «Дзяржплан», «Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», «Нацыянальная акадэмія навук Беларусі: праблемы і поспехі». Гэта пра асабіста-біяграфічнае, пра тое, што складала сэнс і змест яго тагачаснага жыцця. І тут жа — важкае, важнае не толькі для сябе самога: «Хто мы? Беларусь: культура і дзяржаўнасць», «Беларусь і Міжнародны валютны фонд, група Сусветнага банка», «Трыбуна ААН», «Беларусы ў Антарктыдзе», «Беларуская атамная», «Будаўніцтва мемарыяла „Брэсцкая крэпасць-герой“»... Зноў жа — не адвольны, не з чужых слоў аповед, а тое, да чаго дакранаўся Мясніковіч уласным жыццём.

Пра тое, што яму шанцавала на многіх цікавых і мудрых спадарожнікаў па жыцці, сведчаць шчырыя згадкі, добрыя словы ў адрас многіх і многіх. Але ж гэтыя добрыя словы трэба ўмець сказаць. У Міхаіла Уладзіміравіча атрымліваецца гаварыць шчыра, сумленна, доказна. Пацвярджае сказанае прыкладамі сваіх уземаадносін і ўзаемадачыненняў як па жыцці, так і па працы. 

Падкупляе шчырасць выкладзенага, нават пэўная спавядальнасць. Як сцвярджае Міхаіл Уладзіміравіч, ён не прыхільнік пафасных слоў, дзеянняў напаказ. Таму не ўзносіць на недасягальны пастамент нават самую праўдзівую праўду, пра якую піша. Ён хоча, каб чытач зразумеў і пранікся той праўдай, якую бачыў і перажыў сам, што дапаможа больш глыбока разумець і больш справядліва адносіцца да многіх старонак нашага асабістага і грамадскага жыцця ў недалёкім мінулым. А часта нават у далёкім, бо я з вялікай цікавасцю чытаў, напрыклад, старонкі, прысвечаныя жыццю і дзейнасці Тадэвуша Касцюшкі. І не толькі яго. Дарэчы, аўтар ахвотна звяртаецца да падзей, якія даўно мінулі, аднак дагэтуль уплываюць не толькі на беларускі побыт, але і міжнародны. Ён нават пра тое далёкае гаворыць не казённымі, безэмацыянальнымі словамі, а са сваім асабістым разуменнем, каб як мага паўней дайшло да чытача, змагло прасвятліць невядомыя яму падзеі, здарэнні, факты. 

Каштоўнасць яшчэ і ў тым, што кніга распавядае таксама пра тое, што мела і мае праекцыю на пазнейшае рэальнае людское жыццё, на дзень сённяшні. Бо, як вядома, без надзейнага падмурка дом не збудуеш. А без карэнняў і кроны не будзе моцнага дрэва. Гэта значыць, калі не будзе гістарычных каранёў, калі адсутнічае жыццядайная крона, то і заўтрашні дзень народа наўрад ці стане плённым і багатым на добрае. У доказ гэтага прыводзяцца многія дакументы, якія лагічна дапаўняюць расповед самога аўтара — каб не сумняваліся ў праўдзівасці сказанага, каб не палічылі за аўтарскую карэкцыю. Таму дакументы падаюцца як ксеракопіі арыгіналаў. Добра дапаўняюць тэкст здымкі з размаітага жыцця аўтара і яго калег. Усё гэта ў сукупнасці даволі пераканаўча і доказна сведчыць пра адметнасці нашай зямлі, пра наш край і нашых людзей, якія сапраўды ўмелі жыць — і жылі — у еўрапейскім хаўрусе, мелі там сваю пашану, свае адметнасці. Як справядліва падкрэслівае Міхаіл Уладзіміравіч, «Беларусь не была „забітым“ краем, яна дала свету шмат герояў, і нам ёсць кім ганарыцца». 

Ёсць у кнізе і тыя старонкі, што асабліва кранаюць маю памяць, бо яны прысвечаны нашай даўняй ужо маладосці — «Школа. Юнацтва». Некалі, у 1966 годзе, я закончыў Сноўскую сярэднюю школу, пра якую з прыхільнасцю піша М.Мясніковіч, на год маладзейшы выпускнік гэтай навучальнай установы. Прачытаў я тыя старонкі і па-добраму здзівіўся заўважанаму аўтарам, падабенству нашых эмоцый ад тых дзён і гадоў. Гэта датычыць і вучнёўскіх паводзін, і нашых настаўнікаў, і заканчэння школы, і паступлення на далейшую вучобу, і студэнцкага будаўнічага атрада, і іншага. А яшчэ таму, як умее ён казаць пра сваіх аднакласнікаў, пра тагачасную атмасферу, пра карысныя справы настаўнікаў. 

Нельга не пагадзіцца з М.Мясніковічам, калі ён піша (прывяду ўрывак на мове арыгінала): «Национальное достояние — это прежде всего люди со своими радостями и горестями. Задача не только государства, но и каждого гражданина — укрепить наше единство. Никому за пределами Беларуси мы не станем родными. Родственные узы — это крепость страны. В обиходе — понятие „гражданское общество“, которое должно сотрудничать с государством. Считаю, что не сотрудничество, а совместное решение внутренних и внешних задач и противостояние вызовам — это общее дело и государства, и каждой семьи, и каждого гражданина. Нам нечего делить, у нас одна страна — наша Беларусь, и мы должны делать всё от нас зависящее для её благополучия. Будет хорошо в стране — будет хорошо каждому». 

Хай жа так і станецца. 

А таму, зыходзячы з вышэйсказанага, хацелася б выказаць словы ўдзячнасці за шчыра напісанае найперш самому аўтару. А таксама выдавецтву «Беларуская навука» за цікавае і грунтоўнае выданне. 

Анатоль Бутэвіч
Звязда, 9 снежня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/83/67419
Текущая дата: 17.11.2024