Белорусский портал в Казахстане

Інклюзіўны спектакль «Жыць» пакажуць 5 снежня ў Магілёве



Інклюзіўны спектакль у адной дзеі «Жыць» пакажуць 5 снежня на сцэне Магілёўскага драмтэатра.

Спектакль створаны па матывах твора Шалом-Алейхема «Тэўе-малочнік». Літаратурны матэрыял увасобіў у жыццё творчы калектыў Гомельскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Па задумцы аўтараў, пастаноўка нацэлена на прыцягненне ўвагі грамадскасці да патрэб дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю.

Спектакль пераносіць гледачоў у пачатак ХХ стагоддзя ў яўрэйскае мястэчка Анатаўка. Па сюжэце ў малочніка Тэўе вялікая сям’я: жонка і сем дачок. Некалі яны жылі вельмі бедна, але аднойчы мужчыне ўсміхнуўся поспех. Ён атрымаў узнагароду і яшчэ бурую карову ў прыдачу за выратаванне двух заблукалых у лесе багатых дачніц. Як склалася жыццё галоўнага героя і яго сям’і пасля гэтых падзей, раскажа творчая група акцёраў і рэжысёраў-пастаноўшчыкаў.

Тэатральнае прадстаўленне «Жыць» рыхтавалася да паказу больш за паўгода, у ім задзейнічаны 25 акцёраў і ўсе яны — выхаванцы і супрацоўнікі Гомельскага дома-інтэрната. На сцэне яны пражываюць сапраўднае жыццё, у якой ёсць месца розным падзеям і людзям. Спектакль распавядае гледачу аб тым, як важна насуперак усім нягодам і жыццёвым перыпетыям захаваць чалавечнасць і любоў да навакольнага свету. Ён прымушае задумацца аб сапраўдных каштоўнасцях чалавечага жыцця, сярод якіх само жыццё і ёсць найвышэйшая каштоўнасць.

Звязда, 24 лістапада 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/85/67160
Текущая дата: 17.11.2024