Белорусский портал в Казахстане

Гран-Пры XXV Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2022» у Магілёве атрымаў фільм «263 ночы»



Рэжысёру кінастужкі — Ірыне Тарасавай (Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм», Беларусь, Расія, Ізраіль) уручаны галоўны прыз фестывалю — вялікі крыштальны аловак.

28 кастрычніка, падчас закрыцця фестывалю ў кінатэатры «Радзіма», былі агучаны пераможцы ўсіх трох конкурсаў, якія праводзіліся ў рамках фестывалю — анімацыйных фільмаў, дзіцячай анімацыйнай творчасці, а таксама конкурсу дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Нагадаем, што непасрэдна ў конкурсных спаборніцтвах удзельнічалі 48 анімацыйных фільмаў з 20 краін, асобна ў конкурсе дзіцячай анімацыі — 32 фільмы з васьмі краін. Наогул на конкурсны адбор прыйшло 174 мультыплікацыйныя фільмы з 44 краін свету, у тым ліку 40 на дзіцячы. У конкурсе выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці лепшыя аўтары вызначаліся сярод 105 работ.

Гран-пры фестывалю атрымаў фільм аб Халакосце. У аснову яго лягла рэальная гісторыя, якая здарылася на месцы Мінскага гета. Пячнік зрабіў сховішча для сваёй сям’і , але даў прытулак і незнаёмым людзям, якім пагражала смерць. Ён дзяліўся з абяздоленымі ўсім, што меў. Людзі правялі ў сховішчы 263 дні — да прыходу Чырвонай арміі. На жаль, выжылі не ўсе. «263 ночы» — гэта сумесная работа творчай групы Беларусі, Расіі і Ізраіля.

Рэжысёр фільма Ірына Тарасава адзначыла, што стваральнікі зрабілі ўсё для таго, каб нагадаць людзям, што фашызм гэта страшна. Што людзі пры любых абставінах павінны заставацца людзьмі. Што ў ніякім разе нельга ўшчамляць правы іншых і тым больш іх знішчаць.

Эксперты конкурсаў адзначалі высокі ўзровень работ сёлетніх удзельнікаў, казалі пра цікавыя знаходкі і ідэі. У трох конкурсах крыштальнымі алоўкамі фестывалю адзначаны больш як 20 аўтараў.

Нэлі Зігуля
Звязда, 28 кастрычніка 2022.

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/88/66950
Текущая дата: 17.11.2024