Белорусский портал в Казахстане

Дзмітрый Крутой: аб`яднанне штучна раздзеленага беларускага народа стала актам гістарычнай справядлівасці



Дзень народнага адзінства адсвяткавалі 15 верасня ў Дзелавым і культурным комплексе пасольства Беларусі ў Расіі.

Мерапрыемства адкрыў пасол Дзмітрый Крутой, які нагадаў, што гэта свята заснавана Указам Прэзідэнта Беларусі і штогод адзначаецца 17 верасня.

"Дата вызначана не выпадкова. Менавіта 17 верасня 1939 года пачаўся вызваленчы паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Менш чым праз дзесяць дзён наш народ, раздзелены ўмовамі несправядлівага ў дачыненні да беларусаў Рыжскага мірнага дагавора, поўнасцю ўз`яднаўся", - сказаў кіраўнік дыпмісіі.

"Але да гэтай лёсавызначальнай падзеі былі два дзясяткі цяжкіх гадоў, калі палавіна тэрыторыі сучаснай Беларусі з`яўлялася "крэсамі ўсходнімі" (усходнімі ўскраінамі) новай Рэчы Паспалітай, - канстатаваў Дзмітрый Крутой. - Гэта несумненны гістарычны факт, што польскія ўлады ўчынілі ў адносінах да беларускага народа фактычны этнацыд - як калісьці гэта было ў першай Рэчы Паспалітай. Сёння мала хто ведае, але з 1934 года і да 17 верасня 1939-га ў мястэчку Бяроза-Картузская дзейнічаў канцлагер, рэжым у якім не ўступаў варварскім парадкам у канцлагерах нацысцкай Германіі. Сацыяльная напружанасць дапаўнялася нацыянальным і рэлігійным прыгнётам. Але беларускі народ ніколі не мірыўся са сваім паднявольным становішчам і на працягу ўсяго гэтага перыяду вёў барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне".

Такім чынам, восенню 1939 года тэрыторыя Беларусі зноў набыла цэласнасць, вярнулася ў рэчышча векавой гістарычнай традыцыі. "Аб`яднанне штучна раздзеленага беларускага народа стала актам гістарычнай справядлівасці", - заявіў Дзмітрый Крутой.

Урачыстае мерапрыемства прадоўжылася святочным канцэртам з удзелам артыстаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі і народнага ансамбля танца "На ростанях" Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў. Таксама была арганізавана выстава творчых работ "Табе, мая краіна, прысвячаецца" вучняў Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў. А Нацыянальная бібліятэка Беларусі прадставіла серыю фатаграфій "Беларусь: цудоўныя імгненні", якія расказваюць аб маляўнічай беларускай прыродзе і яе ўнікальнасці. Упрыгажэннем вечара стала музычнае суправаджэнне ў выкананні ансамбля цымбалістаў "Лілея" Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

16 верасня 2022, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/92/66521
Текущая дата: 18.11.2024