Белорусский портал в Казахстане

Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі - 20 гадоў



6 верасня Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі споўнілася 20 гадоў. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў грамадскае аб`яднанне з гэтай датай, назваўшы БРСМ стартавай пляцоўкай для многіх ініцыятыў і сапраўдным сацыяльным ліфтам для юных талентаў.

На працягу дэкады ў краіне праходзіць шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 20-годдзю Саюза моладзі. Так, сумесныя памятныя мерапрыемствы, арганізаваныя ГА «БРСМ», Беларускім культурным цэнтрам духоўнага Адраджэння з удзелам моладзі і асноўных рэлігійных канфесій Рэспублікі Беларусь, прысвечаныя Дню Памяці ахвяр лагера смерці «Трасцянец», адбыліся 3 верасня. Сустрэча дэлегацыі прайшла на тэрыторыі Мемарыяльнага комплексу «Храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі». Каля скрыні з прахам ахвяр лагера смерці адбылася памінальная ліція. У далейшай праграме быў велапрабег па маршруце Храм-помнік — Мемарыяльны комплекс «Трасцянец». Потым — жалобны мітынг каля скульптурнай кампазіцыі «Брама Памяці». Завяршыла ўсё міжканфесійная малітва з удзелам прадстаўнікоў асноўных рэлігійных канфесій у Беларусі і моладзі.

Яшчэ адным мерапрыемствам, прымеркаваным да 20-годдзя БРСМ, стала гістарычная дыктоўка («Дыктоўка Перамогі»), якая таксама прайшла 3 верасня. Яна была прысвечана тэме падзей Вялікай Айчыннай вайны і адбылася на 136 пляцоўках (у школах, ВНУ, ССНУ, бібліятэках, дамах культуры і інш.). У дыктоўцы бралі ўдзел больш за тысячу актывістаў БРСМ з усіх рэгіёнаў краіны і Мінска. Ім трэба было на працягу 45 хвілін адказаць на 25 пытанняў, звязаных з укладам беларускага народа ў Вялікую Перамогу. Пераможцы праекта — 21 чалавек — па тры з кожнага рэгіёна і сталіцы — былі ўзнагароджаны сертыфікатамі праекта і памятнымі сувенірамі.

Напярэдадні дня нараджэння, 5 верасня, адбыўся адкрыты дыялог «Равеснікі БРСМ» з актывістамі Саюза моладзі, якім сёлета споўнілася 20 гадоў, і хлопцамі і дзяўчатамі, якія толькі ўступілі ў рады БРСМ.

6 верасня прайшоў Дзень моладзі «БРСМ: 20 гадоў разам!» Мерапрыемства адбылося ў Мінскім гарадскім палацы культуры ў выглядзе святочнага хранографа «БРСМ: Учора. Сёння. Заўтра!» — гісторыя станаўлення і развіцця моладзевай арганізацыі праз прызму прэзентацыі асноўных напрамкаў яе дзейнасці, з ушанаваннем актыву, віншаваннем БРСМ з юбілеем ад ганаровых гасцей і партнёраў, яркімі творчымі нумарамі ад удзельнікаў праектаў БРСМ — папулярных артыстаў беларускай эстрады і моладзевых творчых калектываў.

«Чырвонка. «Чырвоная змена» далучаецца да шматлікіх віншаванняў свайго сузаснавальніка і партнёра — Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі! Пацвярджэнне нашага супрацоўніцтва — сумесны ў Год гістарычнай памяці творчы конкурс «Адзіная краіна — адзіны народ», найлепшыя работы якога мы працягваем друкаваць у тым ліку і ў гэтым нумары.

Звязда, 7 верасня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/93/66417
Текущая дата: 18.11.2024