Гэты дзень з`яўляецца дзвесце дваццаць пятым па Грыгарыянскім календары, да канца года застаецца 140 дзён.
А вы ведалі, што ў гэты дзень святкуюць Міжнародны дзень ляўшэй? Якія яшчэ падзеі адбыліся 13 жніўня і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце далей:
Гістарычныя падзеі 13 жніўня
У 1920 годзе падчас Польска-савецкай вайны пачалася Варшаўская бітва.
У 2001 годзе ў Мінску было падпісана пагадненне "Аб узаемных абавязацельствах адзiнага кандыдата i шырокай грамадзянскай каалiцыi падчас i пасля выбараў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь".
Хто нарадзіўся 13 жніўня
1913 год: Анатоль Багатыроў, беларускі кампазітар.
1950 год: Пётр Краўчанка, беларускі палітык, дыпламат і гісторык.
1950 год: Ларыса Фінкельштэйн, беларускі мастацтвазнаўца, арт-крытык.
1959 год: Яўген Колчаў, беларускі скульптар і фатограф.
Таксама ў гэты дзень нарадзіліся англійскі кінарэжысёр Альфрэд Хічкок, дзеяч германскага і міжнароднага руху працоўных Карл Лібкнехт і былы кіраўнік Кубы Фідэль Кастра.
13 жніўня ў народным календары
Еўдакімавы запускі — апошні дзень перад двухтыднёвым Успенскім пастом, або Спасаўкай. Пост на спас не галодны, бо на стале поўна ўсялякай гародніны, ягад і хлеба. У гэты дзень збіралі саспеўшую рэпу і варылі з яе кашу, рабілі квас, парылі, вялілі і папросту ўжывалі сырой.
13 жніўня ў народзе таксама называлі Уліта Барана, бо трэба было загаварыць барану, каб не зламалася падчас ворыва. Прыгаворвалі: "Конь з месца не кранецца, пакуль мужык над бараной не сагнецца". Лічылі, што калі не загаварыць барану, конь пакрыўдзіцца і адмовіцца араць.
Надвор`е ўжо пачынае паварочваць на восень. Ідуць дажджы, лісце пачынае жаўцець, становіцца холадна, але "ў жніўні сярпы грэюць". Калі ластаўка ў апошні раз вяртаецца да свайго гнязда, восень будзе ранняя, а калі вуж выпаўз пагрэцца на сонейке – хутка пойдзе дождж. Калі ў гэты дзень дзьме моцны вецер, зіма будзе снежнай.
Sputnik, 13 жніўня 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/96/66056
Текущая дата: 18.11.2024