Белорусский портал в Казахстане

Уікэнд у музеі: У Магілёўскім мастацкім музеі раскажуць аб шакаладзе і ўзнікненні друкаванай справы ў рэгіёне



У Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава ў бліжэйшыя выхадныя наведвальнікам раскажуць аб шакаладзе і ўзнікненні друкаванай справы ў рэгіёне. Аб гэтым паведамляецца на сайце ўстановы культуры.

Інтэрактыўны музейны занятак «Шакалад» пройдзе 23 ліпеня. Дадзеная сустрэча стане выдатнай магчымасцю падняць настрой і даведацца больш аб незвычайна смачным і любімым прадукце. На занятку гасцям раскажуць, якое дачыненне да шакаладу маюць індзейцы, як яго гатуюць і дзе ён расце, а таксама чаму раней ласунак быў даступны не ўсім.

Акрамя таго, наведвальнікі даведаюцца пра ўплыў шакаладу на сусветную культуру і шэдэўры сусветнага жывапісу, у якіх адбілася любоў да яго.

Занятак «Друкаваная справа ў гісторыі Магілёва» адбудзецца 24 ліпеня. На экскурсіі-лекцыі можна пазнаёміцца з гісторыяй узнікнення друкаванай справы на Магілёўшчыне і даведацца, якую ролю адыграла друкарня ў распаўсюдзе асветы на тэрыторыі Беларусі і Расіі. У дадатак да экскурсіі ў гасцей будзе магчымасць выбраць паштовую адкрытку і падпісаць яе для сваіх родных і блізкіх.

Звязда, 20 ліпеня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/98/65848
Текущая дата: 18.11.2024